Урок краязнаўства ад “Народнай газеты”
Гэты тыдзень у школах краіны прайшоў пад знакам “Сямі цудаў Беларусі”.
У апошні тыдзень галасавання ў фінале нашага праекта ідэю “НГ” правесці ў школах урокі “Пазнавай Беларусь разам з “Народнай газетай” падтрымалі ва ўсіх абласных упраўленнях адукацыі. Падчас гэтых урокаў краязнаўства вучні на сайце “Народнай газеты” www.ng.by змаглі пазнаёміцца з аб’ектамі-фіналістамі і прагаласаваць за іх. Адзін з такіх урокаў у школе № 1г. п. Шаркоўшчына правяла наш карэспандэнт.Дзевяцікласнікі з цікавасцю і энтузіязмам успрынялі прапанову паўдзельнічаць у выбары цудаў. Пра некаторыя з іх даведаліся ўпершыню, як, напрыклад, пра лістоўніцу ў Слаўгарадскім раёне, да некаторых вырашылі абавязкова з’ездзіць усім класам (на Брэстчыну, напрыклад, — паглядзець на Камянецкую вежу, наведаць Белавежскую пушчу). А Аляксей Казлоўскі нават задумаўся аб выбары прафесіі, звязанай з турыстычным бізнесам: у Беларусі ёсць што “раскручваць”, каб з гонарам паказаць і гасцям краіны, і самім беларусам. — Ідэю “Народнай газеты” правесці такі ўрок мы зразумелі і падтрымалі, — гаворыць начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таіса Данілевіч. — Канечне, у нас ёсць нямала сваіх пазнавальных праграм, якія дазваляюць максімальна раскрыць увесь патэнцыял дзяцей, але для рабят такі ход — вызначэнне цудаў Беларусі асабіста, у рэжыме он-лайн, вельмі цікавы.— Праект “Народнай газеты” — прыклад плённага супрацоўніцтва газеты і ўстаноў адукацыі, — лічыць намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. Гэта той выпадак, калі газета і органы ўпраўлення адукацыі сумесна працуюць дзеля адной добрай мэты. У школах зараз праходзіць трэці этап акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, і адным з асноўных кірункаў яе з’яўляецца краязнаўства. А праект “Народнай газеты” пазнаёміў з “сямю цудамі” кожнага раёна шырокую аўдыторыю. І гэта цудоўна, агульнымі намаганнямі мы дабіваемся таго, што цікавасць моладзі да сваёй малой радзімы расце. Падрабязней аб тым, як праходзілі ўрокі “Пазнавай Беларусь разам з “Народнай газетай”, мы раскажам у адным з бліжэйшых нумароў.