Іван Кірчук ("Троіца"): "Калі я пачуў Pink Floyd, быў сапраўдны шок!"
Іван Кірчук ("Троіца"): "Калі я пачуў Pink Floyd, быў сапраўдны шок!"
Experty.ByПра свае музычныя густы і ўлюбёныя дыскі розных гадоў сайту Experty.by распавёў Іван Кірчук – лідар гурта этна-трыо "Троіца", чый альбом "Зімачка" быў прызнаны лепшым па выніках першага паўгоддзя 2011.
Іван Кірчук – фалькларыст, педагог, музыка, вакаліст. Нарадзiўся 14.09.1958 у Лiдзе. У 1977 скончыў Лiдскую музычную вучэльню, у 1985 – Мінскі інстытут культуры, у 1988 – аспiрантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору АН Беларусi (1988). Выкладчык кафедры этнаграфii i этналогii ДПУ iмя М. Танка. Ад 1984 да 1995 кiраваў фальклорнымi калектывамi "Прадвесне", "Блiскавiцы", "Дабрадзеi", "Агняцвет", "Дзiва". У 1995 узначаліў гурт "Троіца" (з 1999 – этна-трыо "Троіца"), у складзе якога на гэты момант запісаў шэсць альбомаў, удзельнiчаў у вялікай колькасці фальклорных i джазавых фестываляў у Еўропе i Азii.
Разам з гуртом стаў уладальнікам шматлікіх узнагарод, у тым ліку дыплома І ступенi конкурсу "Саступi дарогу!" (Фонд Сораса-Беларусь, 1996), дыплома Фонду Генры Форда ў рамках праекта "Спадчына" (1997), узнагарод у намiнацыi "Традыцыi i сучаснасць" на цырымонii "Рок-каранацыя" (1998, 2004–05, 2008), узнагароды "Лепшы альбом 2008" ад Experty.by. Аўтар некалькіх кніг, прысвечаных фальклору, а таксама аўтабіяграфічнай "Автобаны и менестрели" ("Ковчег", 2009). Уладальнік унікальнай калекцыі народных музычных інструментаў з мноства краін.
Паходжу я з радзіны з даўнімі музычнымі традыцыямі. Ад бацькоў, да прыкладу, я даведаўся, што ў майго дзеда Томаша было некалькі братоў, якія выраблялі скрыпкі і нават акардэоны. Дзед Томаш змушаны быў шмат пераязджаць, ён жыў у Варшаве, дзе меў уласны маёнтак, потым трапіў у Сібір. Яго сям’я, як казала маці, была багатая, але іх раскулачылі, забралі млын, ён толькі й паспеў у печ гаршчок з золатам паставіць, быццам там бульба. Адну манетку яшчэ ў дзяцінстве пабачыў, за іх кошт і жылі.
Думаю, Томаш і ягоныя браты былі і вельмі спеўныя. У дзеда было 14 дзяцей, усіх я не застаў, але па лініі маці было шмат жанчын, якія вельмі прыгожа спявалі. Таму ў дзяцінстве я слухаў народныя песні – беларускія, украінскія, польскія (бо сям’я была польская), рускія, літоўскія, таму што мама нарадзілася ў Літве. Песні былі заўсёды! Па-другое, паколькі сям’я была каталіцкая, мы заўсёды хадзілі ў касцёл, мама з татам праспявалі ў хоры амаль 40 гадоў. Таму я заўсёды быў на хорах, слухаў арган і спяваў, калі мог, разам з імі.
У бацькавай хаце заўсёды гучала радыёкропка. Да таго ж, бацька меў патэфон. Таму я з дзяцінства запомніў італьянскія песні ў выкананні Раберціна Ларэці. Бацька быў зацятым збіральнікам запісаў, выдатна ведаў папулярныя аперэты, асобныя арыі мог праспяваць літаральна адзін да аднаго.
Школа... Нейкіх успамінаў пра тыя гады не засталося, таму што мае сёстры адбівалі ў мяне ўсялякую ахвоту да музыкі. Адна з іх навучалася на акардэоне, другая – на цымбалах. І ў хаце праз увесь дзень гучалі гамы і арпеджыа. Музыкай займацца я не хацеў, планаваў пасля 8 класа ісці вучыцца на марака, бо дзядзька жыў у Рызе. Нават рэчы сабраў, каб паехаць, але бацька (ён быў інжынерам у будаўнічай арганізацыі) мне сказаў: "Вось мы будуем у Лідзе музычную вучэльню, пойдзеш вучыцца туды". І я пайшоў вучыцца, не маючы нават аніякай музычнай адукацыі. Менавіта там мне адкрыўся той свет, які мяне і праглынуў.
Што да школы, дык хлопцы, што былі крыху старэйшыя за мяне, слухалі Deep Purple і Led Zeppelin. Гэта гучала літаральна з-за кожных дзвярэй. На той час усё пісалася-перазапісвалася на бабіны. Але мне тады вельмі падабаліся Chicago. Я тады й падумаць не мог, што праз пэўны час сам буду нейкія дудкі выкарыстоўваць. Але нельга казаць, што ў школьныя часы я быў нейкім зацятым фанатам, хоць Ліда на той час была вельмі прагрэсіўным горадам: першая тэледыскатэка – там, першы рок-клуб – у Лідзе. Я гэта добра памятаю, таму што Уладзімір Кузьмін сваю бабіну з запісамі там і падпісаў: "Першаму рок-клубу..."
Перапісаць альбом тады дорага каштавала, тры рублі, з бабіны на бабіну, калі стыпендыя была 30 рублёў. Калекцыя запісаў паціху збіралася, але тады я не мог казаць, што зраблюся музыкантам. Паступіў на харавое дырыжыраванне. Але была мутацыя голасу, і таму я выступаў у складзе жаночага хору. Карцінка была яшчэ тая: жаночы хор вучэльні і Кірчук у цэнтры, які спяваў фальцэтам!
І ў вучэльні ў сярэдзіне 70-х ўсё пачалося. Многія хлопцы прывозілі шмат музыкі. Адзін прывёз запіс Pink Floyd "Dark Side Of The Moon", зрабіў нешта накшталт лекцыі, калі мы праз калонкі пачулі нешта зусім незвычайнае. Шмат людзей набілася, быў сапраўдны шок ад пачутага! Аднак пры гэтым маё выхаванне адбывалася ўсё ж на харавой музыцы: касцёльнай, хатняй, дзе спявалі як у харах, а з папулярнага ў нас былі Варонежскі хор, хор імя Пятніцкага, Зыкіна і гэтак далей.
Канешне, у тыя часы доўгія валасы не дазваляліся, нас стрыглі, але тым не менш мы ледзь не цалавалі чорна-белыя фота Led Zeppelin. Не скажу, што не любіў The Beatles, але ад іх музыкі і не фанацеў. Мне падабалася ўжо тады музыка больш рваная, з больш складанымі рытмамі.
Калі вучыўся ў музвучэльні, сам пачаў пісаць музыку. Штуршком паслужыў альбом "По волне моей памяти" Тухманава. У той час я быў шакаваны пачутым, мяне ўразілі надзвычай сучасныя, прыгожыя, авангардныя аранжаванні. І я пачаў пісаць музыку на санеты Шэкспіра, вершы Байрана, Гётэ, Еўтушэнкі. І некаторыя мае партытуры на 6-8 галасоў пазней прагучалі. У прыватнасці, іх выканаў хор "Менка".
Я хацеў паступаць у кансерваторыю, хоць бы таму, што там вучылася сястра. Я пісаў цэлыя цыклы вакальнай, харавой музыкі, хацеў паступаць на кампазіцыю. Прыйшоў да Юрыя Семянякі, ён прайграў некаторыя творы, ухваліў іх, спытаў, дзе я працую. Я адказаў: у культпрасветвучэльні, займаюся фальклорам. І тады ён мне кажа: гэта ж выдатна! Для такіх твораў ты будзеш праз увесь час шукаць аркестр, хор, іншых выканаўцаў, з гэтым будуць праблемы. А фальклор – гэта вельмі папулярна, займайся ім. На той час я працаваў ужо з ансамблем "Дзіва", таму і пайшоў далей вучыцца ў Інстытут культуры, паступіў на аддзяленне народных спеваў.
Слухаў тады шмат і рознага. Магчыма, менш джазу, таму што не лічыў сябе такім ужо адукаваным, каб добра разумець такую музыку. У нас быў толькі адзін выкладчык, які прыносіў джазавыя запісы, але яны да мяне не вельмі даходзілі. З тых часоў добра памятаю, што мяне вельмі ўразіла музыка групы "Автограф". Мне здаецца, што на той час гэта быў нейкі прагрэсіў. Падабаўся "Аракс" са сваімі апрацоўкамі песень Антонава. Факт, але тады ўсе літаральна здымалі партыі з такіх песень, як "Анастасия", "Много лет спустя". Проста прыгожыя аранжаванні былі! На самым пачатку падабалася і "Ария", але толькі менавіта на пачатку.
І вось што цікава: калі я пайшоў у войска, у мяне ў хаце не было аніводнай касеты з запісамі расійскіх музыкаў. Аніводнай! Мне куды больш падабаліся, скажам, венгерскія групы, польскія. Мне тады адразу "закацілі" Чэслаў Немэн, Стан Борыс, Марыля Радовіч (усе – Польшча), гурты No To Co (Польшча), Locomotiv GT (Венгрыя), Omega (Венгрыя). Праўда, на танцах я гэта не выконваў, спяваў толькі адну песню Ленана. Выконвалі мы толькі вядомыя хіты заходняга рока. Пры гэтым я спрабаваў некалькі напісаных для хору твораў перарабіць для танцпляцоўкі. Але аказалася, што пад іх ніхто не танцаваў.
Служыў я ў чыгуначных войсках. Першы год мы былі ў Яраслаўлі. Там я спачатку стварыў ВІА "Оловянный солдатик", але хутка атрымаў спагнанне за такую недарэчную назву. Тады мы назваліся "Гренадёры" і праблем больш не было. Я спяваў і граў на клавішах. Выконвалі ў асноўным вайсковыя і патрыятычныя песні, але часам і нешта заходняе. Апрача мяне ў нас быў яшчэ адзін вакаліст, вельмі добры – яго запрашалі ў ВІА "Синяя птица", але яго маці не дазволіла.
Другі год службы праходзіў на БАМе – у тайзе валілі лес, будавалі дарогі, масты. Было зусім не да музыкі, бо ў хаце ўначы нават вада замярзала. Якія гітары ў такі холад? І вось калі я вярнуўся з гэтага вось таёжнага заслання, быў вельмі ўражаны тым, што з’явілася розная музыка, зробленая на сінтэзатарах – Space, Boney M.
У 1980 годзе, калі я паступіў у Інстытут культуры, вельмі ўразіла "Машина Времени" – тэксты мяне забілі напавал. У іх была нейкая новая для савецкай музыкі тэкставая філасофія. Прычым зроблена ўсё было на выдатным узроўні. Гэта былі песні, якія прымушалі думаць. На пачатку 80-х у Мінску наогул актывізавалася канцэртнае жыццё – у Палац Спорту прыязджалі Кузьмін і "Динамик", "Машина Времени", іншыя гурты. Гэта таксама вельмі ўплывала на музычнае жыццё.
З беларускай музыкі першым гуртом для мяне былі "Песняры". Я захапіўся імі яшчэ на пачатку 70-х, калі выйшаў першы альбом. Потым я слухаў розную музыку, але яны ўвесь час былі недзе побач. "Песняры" рабілі папулярным усё, да чаго дакраналіся – народныя спевы, класічную беларускую паэзію – дзякуючы вялікаму таленту Уладзіміра Мулявіна, а таксама вельмі моцнаму складу тых часоў. На пачатку 80-х я быў у Палацы Спорту на іх юбілейным канцэрце. Мулявін выйшаў і сказаў: "Мы будзем граць, пакуль вы не сыйдзеце". Канцэрт цягнуўся чатыры гадзіны і ніхто не сыйшоў.
Зараз я слухаю ўсё. У мяне вялікая калекцыя этнічнай музыкі – і аўтэнтычнай, і сучаснай, з электронікай і іншымі стылістычнымі дадаткамі з розных краін свету. Агулам каля 2 тысяч дыскаў. Яшчэ ў мяне шмат джаза розных напрамкаў. Слухаю і альтэрнатыўны рок, метал. Шмат чаго мне прыносяць студэнты, нехта нават нейкі трэш-метал прынёс. У мяне ўжо месца для ўсяго не хапае, таму я прашу студэнтаў прыносіць дыскі без каробак. З апошніх яскравых уражанняў расійскія этна-гурты Kalashnikov Band, "Ва-Та-Га", балалаечнік Архіпоўскі, які адзін грае дзвюхгадзінныя сольныя канцэрты.
ЗАХАД
"Jesus Christ Superstar" (1970)
Адным з найбольш моцных уражанняў была рок-опера "Jesus Christ Superstar". Мне ў той час наогул падабаліся вялікія формы. Я нават сам прапанаваў хлопцам, з якімі іграў у парку, напісаць рок-оперу. Меўся нават нейкі сюжэт, асобныя мелодыі. Але яны спалохаліся, калі я сказаў, што ніхто нам за рэпетыцыі плаціць не будзе. Магчыма, гэтая ідэя прыйшла мне ў галаву нават раней за тое, як я пачуў "Хрыста". Праўда, куды пазней нейкія гэтыя задумкі былі ўвасоблены ў "Дзіве", калі мы рыхтавалі і паказвалі праграмы, якія выходзілі па-за рамкі нейкага аднаго жанру.
Deep Purple "Stormbringer" (1974)
Гэта была менавіта тая музыка, пра якую я згадваў вышэй: з такімі калючымі рытмамі, цікавымі рыфамі, а не проста тупы "забой". Як працяг, цяпер прыйшла музыка групы Clawfinger, якую мы з Юрам Дзмітрыевым актыўна слухаем. Там таксама маюцца вельмі цікавыя рытмічныя распрацоўкі.
Emerson, Lake & Palmer "Pictures An At Exhibition" (1971)
Музыку Мусаргскага я ведаў з курсу вучэльні, аднак у такім варыянце, такім выкананні, канешне ж, пачуў упершыню. І гэта надзвычай уразіла не толькі мяне, бо добра памятаю, як некаторыя хлопцы, узяўшы англічан за ўзор, пачалі самі рабіць нейкія кавер-версіі твораў з класікі. Нехта, памятаю, нават на балалайцы нешта выконваў.
Dream Theatre "Systematic Chaos" (2007)
Зноў жа разам з Дзмітрыевым мы – фанаты гэтай групы, нават ездзілі з ім на канцэрт. Мяне прываблівае ўся творчасць гэтага калектыву. Калі са сваімі студэнтамі-завочнікамі мы праходзім этнічную музыку, я абавязкова даю ім паслухаць гэты калектыў у якасці арыгінальнага, цікавага асэнсавання сучаснай музыкі.
Clawfinger "Hate Yourself With Style" (2005)
Практычна тыя ж пачуцці, што і Dream Theatre, выклікае ў мяне творчасць гэтага калектыву. Магу сказаць, што слухаю наогул усе іх альбомы дастаткова часта. У гэтым стылі мне таксама падабаюцца некаторыя рэчы Rammstein, але наогул яны мяне больш захапляюць сваім шоў, а музыка ў іх больш шараговая.
БЫЛЫ СССР І САЦЛАГЕР
Czesław Niemen "Enigmatic" (1970)
Маю ў сябе практычна ўсе альбомы гэтага музыкі і мог бы назваць найбольш любімымі іх усе. Ёсць гурты, музыканты, якія цягам сваёй творчасці не мяняюцца. У Немэна ж кожны чарговы альбом адрозніваўся ад папярэдняга, сведчыў, што гэты творца не стаяў на месцы, не спачываў на дасягнутым. Я ж добра разумею польскую мову, а таму выдатна адчуваў, наколькі музыка Немэна адпавядала паэзіі таго ж Цыпрыяна Норвіда. Ужыванне розных музычных форм, выкананне на клавішных – гэта на мяне вельмі ўплавала. Я нават у войску некаторыя творы з ягонага рэпертуару спрабаваў выконваць. Да таго ж Немэн – наш зямляк.
Давид Тухманов "По волне моей памяти" (1976)
На той час выдадзеная ў гэтым альбоме музыка зрабілася для мяне адкрыццём. Адкрыццём найперш у галіне формы, хоць па сутнасці там былі тыя ж песні, адно што нейкія не такія, якія мы тады прывыклі чуць. Ну, і аранжаванні, канешне ж.
Die Puhdys "Computer-Karriere" (1982)
Не магу сцвярджаць, што вельмі часта слухаў гэты вядомы калектыў з ГДР, але чамусьці ён запаў у памяць. Нават не магу дакладна растлумачыць, чаму. Нешта было такое, што вылучала калектыў з ліку іншых, якія працавалі тады ў краінах Усходняй Еўропы.
Автограф "Автограф-1" (1982)
Дагэтуль выдатна памятаю песню "Корабль". У музыцы групы мяне найперш прывабілі аранжаванні. Мяне тады не краналі такія просценькія песні, якія выконвалі ВІА кшталту "Синяя птица" ці "Верасы". Музыка "Автографа" была больш творчая, глыбокая.
Яак Йоала "Яак Йоала" (EP) (1982)
Нечакана, ці ня праўда? Але тым не менш... Мне здаецца, што на "хвалі" ён быў не вельмі працяглы час, але я асабіста не магу залічыць яго ў выканаўцы звычайнай папсы. Галоўная рыса ягонага рэпертуару – вельмі выдатныя мелодыі. Іх мне асабіста дужа хацелася спяваць. Наогул эстонцы, як зрэшты і ўсе прыбалты, крочылі іншымі шляхамі, чым уся савецкая эстрада. Часта з "Дзівам" мы бывалі на фестывалях у Прыбалтыцы, дзе я штораз дзівіўся таму, як там выконвалі музыку ў тых жа рэстаранах. Вось так і Тыніс Мягі зрабіўся нашым фанатам, набыў дыск "Троіцы", а свой нам – падарыў.
БЕЛАРУСЬ
Песняры "Через всю войну" (1985)
З глыбокай пашанай стаўлюся да творчасці Уладзіміра Мулявіна, таму мне і складана выбраць нейкі адзін канкрэтны альбом. Была б выдадзена "Песня пра долю" – назваў бы гэты альбом. Таму, відаць, спынюся на гэтай праграме. Мне заўсёды зноў жа падабаліся ў "Песняроў" найперш буйныя формы. А такія песенькі-аднадзёнкі не краналі.
Крама "Камэндант" (1995)
Я не вялікі прыхільнік такой музыкі, але мне здаецца, што "Крама" прайшла ўласным шляхам, не азіраючыся ні на каго. Адзначаю за адданасць музыцы і ўпартасць.
Kriwi "За туманам" (1997)
З усіх альбомаў калектыву вылучу бадай што менавіта гэты. Ён засведчыў развіццё трыо і адначасова быццам бы зрабіў намёк на тое, што тром яркім асобам працаваць разам, прыходзіць да нечага агульнага ў творчасці вельмі складана. І сапраўды: праз пэўны час усе трое пайшлі ўласнымі сцяжынамі, пра што шкадаваць аніяк не выпадае.
Палац "Чужыя дзеўкі" (2001)
Алег Хаменка ведае, што "Троіца" паўстала менавіта як альтэрнатыва "Палацу". Яны пачалі з электронікі, мы ж абралі для сябе акустыку. Заўсёды, як пачынаецца гаворка пра беларускую фолкавую музыку, я кажу: пачыналі "Песняры", якія паднялі гэты пласт, а потым прыйшоў "Палац". І не істотна, што з "Палаца" потым выйшлі Kriwi, "Юр’я", Вайцюшкевіч. Гэта іншыя праекты, і час пакажа, наколькі яны моцныя.
Яр "Вясна-красна" (2004)
Арыгінальнае, нечаканае прачытанне фальклору. Недзе ў тым жа напрамку, куды імкнецца і "Троіца". Лішняе пацверджанне таго, што і два чалавекі ў ансамблі могуць ствараць напоўненае гучанне.
Запісаў: Зміцер Падбярэзскі, Experty.by
Фота: з асабістага архіва музыкі акрамя сучаснага здымка, зробленага Паўлам Бакшэевым для "Еўрарадыё"