Вочы i позiркi шукайце на выставе ў галерэі “Універсітэт культуры”
15.09.2011 10:53
—
Новости Культуры
Вочы i позiркi шукайце на выставе ў галерэі “Універсітэт культуры”
15 верасня ў 17.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрываецца персанальная выстава Аляксандра Даманава.
Аляксандр Даманаў - малады мастак, стыпендыят Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, сябра маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, удзельнік і дыпламант шматлікіх конкурсаў і выстаў як у Беларусі, так і за яе межамі (Японія, Германія), ужо меў персанальныя выставы за мяжой. Дадзеная выстава будзе першай персанальнай выставай мастака ў Беларусі.
У творчых работах, прадстаўленых на выставе “Глаза в глаза”, Аляксандр Даманаў імкнецца паказаць уласны творчы свет у розных яго праявах, не выдзяляючы пры гэтым пэўных тэм і серый як найбольш прыярытэтных у дадзены момант.
Работы мастака з’яўляюцца адлюстраваннем яго ўнутранага свету, яго ідэй, адчуванняў і перажыванняў, якія ў розныя перыяды часу ўплываюць на развіццё асобы аўтара. У выяўленчым мастацтве, у раскрыцці мастацкага вобраза, найбольш поўна з усіх органаў успрыняцця чалавека задзейнічаны вочы. Для мастака зрок з’яўляецца сувязным звяном у дыялогу з навакольным светам. Сама назва выставы “Глаза в глаза” нясе задачу і дае магчымасць гледачу зазірнуць у вочы мастака і праз зрокавы кантакт паспрабаваць зразумець і адчуць аўтарскае ўспрыняцце рэчаіснасці.
Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”:Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі); тэл. 227 26 12
Выстава будзе працаваць з 15 верасня па 30 верасня з 11.00 да 19.00, вых.: нядзеля, панядзелак.