Усе шляхі вялі ў Бярозу
З самай раніцы на вуліцах Бярозы знаходзілася шмат людзей. Але найскладаней было праціснуцца там, дзе пачыналася шэсце святочнай калоны пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве. Пад апладысменты публікі яны прайшлі па вуліцы Леніна да цэнтральнай гарадской плошчы. Тут і адбылося ўрачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011», у якім удзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, Герой Беларусі Пётр Пракаповіч, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Надзея Каткавец.
— Нягледзячы на ўсе складанасці, вобласць атрымала звыш 32 цэнтнераў зерня з гектара, а хлебаробы Баранавіцкага і Брэсцкага раёнаў — каля 40 цэнтнераў, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Канстанцін Сумар. — Добра папрацавалі людзі. Усім вялікі дзякуй. А ўшанаваныя будуць лепшыя працаўнікі.
На тым, што ў апошнія гады Брэстчына стабільна атрымлівае звыш мільёна тон збожжа, акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў урачыстасці Надзея Каткавец. Яна заўважыла, што перадавыя тэхналогіі, сучасная тэхніка сталі сёння звычайнай рэальнасцю, і гэта сведчыць аб сур’ёзным прагрэсе ў сельгасвытворчасці.
Моманты ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур атрымаліся хвалюючымі. Публіка не шкадавала апладысментаў, а прыгажуні ў нацыянальных строях пад захопленыя позіркі ўсіх, хто знаходзіўся ў глядзельнай зале, неслі духмяныя караваі хлебаробам.
Лепшы раён на жніве вызначаўся кампетэнтным журы, зыходзячы з тэмпаў росту валавога збору збожжа да сярэдняга ўзроўню трох папярэдніх гадоў. Пераможца абласнога спаборніцтва — Драгічынскі раён, кіраўнік якога Васіль Хвацік, старшыня прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна Сцяпан Халько і камбайнер ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага раёна Віталь Ціунчык узнялі сцяг «Дажынак».
За дыпломамі пераможцаў, грашовымі прэміямі, падарункамі на святочную сцэну ўзнімаліся камбайнеры Дзмітрый Петух з СВК «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна, Міхаіл Пацукевіч з СВК «Фядорскі» на Століншчыне, маладзёжныя экіпажы Аляксандра Саковіча з СВК «Крошын» Баранавіцкага раёна, Аляксандра Юніка з СВК «Ляхавіцкі» Ляхавіцкага раёна і іншыя ўдзельнікі жніва, дасягнуўшыя высокіх вынікаў. Яны атрымалі ўзнагароды Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Брэсцкага аблвыканкама, абласной арганізацыі прафсаюзаў, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
Лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці: ансамблі «Спадчына» і «Благавест» з Брэсцкага, «Хмелеўскія валацугі» і «Каларыт» з Жабінкаўскага, «Палескія зоры» з Пінскага, «Мірскія музыкі» з Баранавіцкага раёнаў, ансамбль танца «Радасць» з Брэста і іншыя самабытныя выканаўцы парадавалі публіку яскравымі нумарамі і прэм’ерамі, падрыхтаванымі спецыяльна да абласных «Дажынак-2011».
Аляксандр КУРЭЦ, «БН»
НА ЗДЫМКУ: старшыня Брэсцкага абл- выканкама Канстанцін СУМАР трымае духмяны каравай новага ўраджаю.
Фота Сяргея СНАПКО