Ганцаўшчына сустрэла васямнаццаты Дзень беларускага пісьменства чыстым блакітам нябёсаў і шчырай радасцю гаспадароў

Источник материала:  
Ганцаўшчына сустрэла васямнаццаты Дзень беларускага пісьменства чыстым блакітам нябёсаў і шчырай радасцю гаспадароў

— Як вядома, культура — душа народа. Менавіта яна з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў яго адзінства. Як бы актыўна зараз ні распаўсюджваліся сучасныя сродкі масавай камунікацыі, менавіта праз пісьменства, праз кніжкі і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі мы зможам данесці да нашых паслядоўнікаў сучаснасць і тым самым зрабіць важны крок на шляху захавання нацыянальнай культуры, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Мілагучным беларускім словам, шчодрай душэўнасцю поўніўся кожны куточак райцэнтра — прыгожага і паяснелага з нагоды найвялікшай канцэнтрацыі добразычлівасці, абноўленага і ўтульнага.  Але, мабыць, самая шчырая святочная атмасфера панавала на падворках, што абуладкавалі ля галоўнай плошчы вяскоўцы Ганцаўшчыны.

Люсінскі сельсавет расхінуў дзверы свайго падворка з асаблівым гонарам. Тут прымае гасцей галоўная гаспадыня Зоя Літвіновіч. Тканыя вырабы, вышыванкі, ручнікі, посцілкі, выкананыя мясцовымі майстрыхамі, — творы надзвычай тонкай работы ды прыемныя воку. Пэўна, менавіта гэткімі іх пабачыў Якуб Колас, які ў Люсіне пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі пачынаў свой працоўны і творчы шлях. 

У сваю хату гучна і весела пад гармонік ды прыпеўкі запрашалі агарэвіцкія гаспадынькі: дзе яшчэ вы пакаштуеце такія смачныя рыбу, сала, квас ды клыпту — страву, якую варылі з ільнянога семя ды спажывалі з аржаным хлебам. Бабулькі і дагэтуль помняць рэцэпт. А каб прыгадаць смак уласнай маладосці, і цяпер раз-пораз гатуюць яе для багатага на розныя прысмакі стала, за якім збіраецца не адно пакаленне.

Дыпламатычных асоб, якія завіталі палюбавацца экзотыкай Ганцаўшчыны зранку, гаспадынькі хацелі пачаставаць фірмавым напоем — больш моцным за квас. Госці абяцалі вярнуцца ўвечары. Мясцовыя кандытаркі, каб зрабіць прыемны сюрпрыз знакамітаму паэту Віктару Гардзею, якога таксама чакалі на падворку, спяклі пірог у выглядзе кнігі з вершаванымі радкамі земляка. Мікалай Хандрыка з Будчы, сімпатычны мужчына паважанага ўзросту, запрашаў пакаштаваць будчанскай грэцкай кашы адметнага смаку — з тых круп, што на калгасным полі выпеставаны; а таксама бліноў, прыгатаваных у печы і ад гэтага незвычайна пышных. За спінай пасмейваліся кабеты: прэзентаваць — гэта ён умее. Мікалай Іванавіч, дарэчы, без залішняй сціпласці прызнаўся, што ён лепшы сват беларускага Палесся — быў сватам на вяселлях 50 разоў, усіх навакольных дзяўчат ды хлопцаў у свой час перажаніў.

“Кніжка чалавеку — што грэчка пчолцы” — гэтая прыказка сёння ўшанавана на Ганцаўшчыне і старымі і малымі.

— Быць сталіцай свята беларускага пісьменства — для Ганцавічаў вялікі гонар, таму кожны з нас сёння з адкрытай душой сустракае ўсіх, хто зберагае духоўную спадчыну нашага народа, шануе народную мову, узбагачае нацыянальную культуру, — адзначае старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. — Менавіта ў такія хвіліны мы сэрцам і думкамі звяртаемся да свайго мінулага, адчуваем найвялікшы гонар за нашых выдатных асветнікаў, дзеячаў культуры, літаратараў, навукоўцаў, за нашу родную зямлю, на якой з веку ў век нараджаюцца сапраўдныя таленты. Як і ў нас, на Ганцаўшчыне. Бо зямля тут такая — прыгожа-маляўнічая, шчодрая на літаратурныя ды творчыя здабыткі.

Адной з галоўных асаблівасцей свята стала адкрыццё Алеі пісьменства, прысвечанай творцам — выхадцам з Ганцаўшчыны. Самае адметнае месца на ёй заняў помнік беларускаму песняру Якубу Коласу. Дарэчы, ён адзіны на Беларусі такі — паэт увасоблены ў маладым узросце, у якім прыехаў у гэты край.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік уручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу за выдатныя творы 2010 года. У галіне перакладаў дыпломам узнагароджаны зямляк-берасцеец Валерый Грышкавец за кніжку “Белой вежи свет”.

Пра адметнасці свята пісьменства ў Ганцавічах расказаў карэспандэнту “НГ” і міністр культуры Павел Латушка:

— Для кожнага Дня пісьменства ідэя адзіная: аб’яднаць усіх нас вакол літаратурнага друкаванага слова, вакол беларускай мовы, культуры. На жаль, мы не адрозніваемся ад іншых краін свету, і ўсё менш моладзі чытае кнігі. Апытанні нашай Нацыянальнай бібліятэкі пацвярджаюць гэта. Таму, мяркую, настаў час падумаць аб тым, што варта прыняць нацыянальную праграму развіцця чытання ў Беларусі — сістэмна распрацаваць падыходы, вырашыць, што зрабіць, каб маладое пакаленне больш чытала, каб дарослыя людзі актыўней наведвалі бібліятэкі, звярталіся да творчасці і нашых, і замежных пісьменнікаў.

Што ж адрознівае гэтае свята ад іншых? Мне падаецца вельмі важным, што тут, у Ганцавічах улады звярнуліся да сваёй уласнай гісторыка-культурнай спадчыны, да постацяў, якія нарадзіліся на гэтай зямлі і гарманічна ўпісаліся ў літаратурную прастору Беларусі. Мне над-звычай даспадобы словы Міхася Рудкоўскага, таксама сына Ганцавіцкага краю: трэба песню напісаць — першую для маці, другую песню каханай, трэцюю — Айчыне, а чацвёртую — сонцу. Дай божа, каб сонейка заўжды свяціла над нашай культурай, над нашым словам беларускім!

←В День города в НХМ пройдет «Сентябрьская ночь в Художественном»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика