5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус

Источник материала:  
03.09.2011 18:39 — Новости Культуры

5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус


У сённяшняй супярэчлівай і хуткаплыннай рэчаіснасці, багата аздобленай новымі тэхналогіямі і чалавечым прагматызмам, інфантылізмам і жаданнем рабіць усё лягчэй і хутчэй, вельмі цяжка знайсці месца для нечага сапраўднага. Для харчавання без Е і кансервантаў, для музыкі на "вінілах" ці хоць бы СD-дысках, для кнігі. Не электроннай кнігі ці файла на "ай-подзе", а кнігі сапраўднай, якую можна ўзяць у рукі, з характэрным пахам свежай паліграфічнай фарбы кніжных старонак, з ілюстрацыямі і аўтографамі аўтараў. Тым больш не часта ў нас знаходзіцца час для таго, каб асэнсаваць тое, што прачыталі... Але заўжды ёсць людзі, для якіх кніга — частка жыцця, інтымны сябра і дарадчык. Хочацца, каб такіх людзей станавілася больш, але не буду ствараць ілюзій. Зрэшты, для лянівых сёння ёсць аўдыякнігі. Ёсць нават экранізацыі літаратурных твораў, якія, безумоўна, не параўнаць з арыгіналамі хоць бы таму, што слова перадаць сродкамі візуальнага мастацтва амаль немагчыма.
 
З-за таго, што сучаснасць прапануе багаты выбар усяго, якасць гэтага ўсяго значна знізілася. І для таго, каб адшукаць сапраўднае — трэба добра пакорпацца ў "маскульце" і "папсе". Для гэтага трэба мець не толькі жаданне знайсці, але і шмат часу. "Звязда" вырашыла палегчыць вам задачу — параіць якасныя кнігі пра вечнае, якія абавязкова павінен прачытаць кожны беларус. Дапамагаць у гэтым вам будуць, вядома, творчыя людзі. некаторыя з іх самі пішуць, а некаторыя актыўна чытаюць — гэта драматург, дызайнер, паэтка, спявачка (вакалістка папулярнага сярод моладзі гурта "Іndіgа") і мастак. У іх розныя погляды на літаратуру і на жыццё. Але яднае іх жаданне ведаць праўду пра гэтае жыццё, жаданне аналізаваць рэчаіснасць і змяняць нешта ў лепшы бок. Таму і кнігі яны выбралі адпаведныя. Чытайце!
 
Аляксей Дудараў, драматург:

1. Біблія.
Гэта першая і асноўная кніга. Таму што там ёсць усё. І кожны свядомы чалавек павінен яе прачытаць. Справа не ў тым, атэіст ты ці вернік, праваслаўны атэіст ці яшчэ нехта, але ў тым, што кожны чалавек, які сябе адчувае "гомасапіенсам", павінен гэтую кнігу прачытаць. Вядома, можна назваць асноўныя кнігі і іншых рэлігій: Каран, Тора і інш., таму што Беларусь шматканфесійная дзяржава. Але калі выбіраць з усіх, то я выбіраю Біблію.
5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус
2. Збор твораў Янкі Купалы.
Таму што гэта геній, па-першае. А па-другое, гэта творца, які найбольш выказаў тое, кім мы, беларусы, з’яўляемся.

3. Збор твораў Якуба Коласа.
Колас больш прыземлены за Купалу. І калі казаць метафарычна, то Купала — гэта "мы-дух", а Колас — гэта "мы-плоць". Кожны чалавек складаецца і з таго, і з другога. Таму Якуба Коласа беларусам трэба чытаць абавязкова!

4. Збор твораў Антона Чэхава.
Тут можна выбіраць самім, які канкрэтна твор чытаць. А лепш — усе. Бо ў Чэхава няма ні лепшых твораў, ні найлепшых, ні горшых — ён усюды Чэхаў. Я гэтаму творцу дзіўлюся — ён пра чалавека ведаў і сказаў усё. І пра адносіны, і пра грамадства. Лепшага творцы, чым Антон Паўлавіч, для мяне няма. Калі маеш яго кнігі, то не засумуеш, будзе пра што паразважаць. У яго творах і вобразах кожны чалавек заўжды знойдзе сябе, кім бы ён ні быў: беларусам, рускім, палякам, амерыканцам... Чалавек застаецца заўсёды чалавекам.

5. Збор твораў Аляксандра Пушкіна.
У Пушкіна таксама ёсць усё, але галоўнае — узнёсласць, захапленне ад радасці быцця, жыцця, кахання. Як і ў Чэхава — у яго кожны радок геніяльны. Ён не пісаў, а спяваў, душой пакутаваў за тое, пра што спяваў.
 
Дзмітрый Сурскі, старшыня

Беларускага саюза дызайнераў:

1. Біблія, Каран, Тора.
Духоўныя кнігі, якія адпавядаюць асноўным чалавечым каштоўнасцям. Наша дзяржава шматканфесійная, таму называю некалькі кніг — кожнаму па веры яго.

2. "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча.
Кніга, якая ўдакладняе, акрэслівае і ўздымае нацыянальную самасвядомасць.
 
5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус3. "Лаліта" Уладзіміра Набокава. Кожны чалавек у сваім жыцці павінен прачытаць хоць бы адну кнігу пра галоўнае ў жыцці, пра самае істотнае — пра каханне. Для мяне такая кніга — "Лаліта" Уладзіміра Набокава.

4. "100 год адзіноты" Габрыэля Гарсія Маркеса.
Кніга, напісаная даўно, адпавядае нашай сучаснасці. Гэта калька з нашай рэчаіснасці. Маркеса трэба прачытаць, каб лепш яе зразумець.
 
5. "Ночевала тучка золотая" Анатоля Прыстаўкіна. Кніга рускага пісьменніка-гуманіста, пра якую, напэўна, амаль усе забыліся ўжо... Думаю, чалавеку важна чытаць тыя кнігі, якія ў ім абуджаюць нейкія эмоцыі, прымушаюць плакаць, ачышчаюць яго. Гэта кніга была напісана ў 1950—1960-я гг., але выйшла ў свет толькі ў гады перабудовы (у 1988 годзе). У сваім жыцці я плакаў усяго ад трох кніг: "Каштанка" Чэхава, "Му-му" Тургенева і ад гэтай кнігі Прыстаўкіна. Я рыдаў бессаромна, пакутаваў за героя і адчуваў нейкае ачышчэнне адначасова.
 
Віка Трэнас, паэтка:

На мой погляд, беларусы павінны прачытаць нашмат больш за пяць кніг. Таму мае літаратурныя захапленні не ўкладаюцца ў гэтую магічную лічбу. Аднак паспрабуем...
 
5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус1. Біблія.
Духоўнасць і душэўнасць па-ранейшаму актуальныя, а паколькі, як вядома, усё пачалося са Слова, то і ў ХХІ стагоддзі Біблія застаецца Кнігай Жыцця. Па вялікім рахунку, не важна, на якой мове вы будзеце яе чытаць. Калі на беларускай — тым больш багатым станецца ваш асабісты свет. Не істотна, ці зразумееце вы ўсё, сказанае ў Бібліі, адразу, ці будзеце спасцігаць схаваныя ў ёй таямніцы мудрасці вельмі доўгі час. Вашае веравызнанне таксама не мае значэння, бо галоўнае — сама сутнасць, сам працэс мыслення. Праўду кажуць: "Век жыві — век вучыся" .
 
2. Уладзімір Караткевіч "Каласы пад сярпом тваім".
Маючы сантымент да твораў Караткевіча ўвогуле, не магу абмежавацца адной назвай. Хочацца падзяліцца таксама сваёй радасцю ад чытання (дакладней нават — перачытвання) раманаў "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі". Галоўнае — не ставіцца да асэнсавання твораў, унесеных у школьную праграму, як да фармальнасці. Любая нацыянальная культура трымаецца на класіцы. У розным узросце той ці іншы твор успрымаецца шматаспектна, шматузроўнева. Неарамантызм, гістарычнасць, эмацыйнасць, захопленасць лепшымі еўрапейскімі літаратурнымі традыцыямі ў прозе Караткевіча не пакіне абыякавым ні падлетка, ні сталага чытача.
 
3. Іван Мележ, трылогія "Палеская хроніка".
Многія школьнікі карыстаюцца кароткім зместам твораў. Дарма. Проза Івана Мележа — узор эпічнага мыслення. Нават калі не ўздымаць пытання пра вялізны гістарычны пласт, асэнсаваны пісьменнікам, і пра значнасць гэтай сацыяльнай рэфлексіі для нашага народа, можна захапіцца адно толькі мележаўскімі мовай і стылем.
 
4. Янка Брыль "Птушкі і гнёзды".
Ваенная тэматыка ў беларускай літаратуры прадстаўлена надзвычай шырока. Адзін з лепшых майстроў прозы, калі можна так выказацца, лірык у прозе, Янка Брыль не толькі фактаграфічны і псіхалагічна дакладны. Ён тонка эмацыйны, пранізлівы. Такі мастацкі кірунак, як рэалізм, для мяне найбольш гарманічна ўвасоблены ў творчасці Івана Антонавіча.
 
5. Васіль Быкаў "Доўгая дарога дадому".
Пастфактум творчасці пісьменніка падштурхоўвае да сур’ёзных роздумаў. Беларусы, якія нарадзіліся ў канцы васьмідзясятых—пачатку дзевяностых, знойдуць у гэтай кнізе многае, што дапаможа ім зразумець час маладосці іх бацькоў і сутнасць тагачаснага грамадства. Толькі параўнаўшы мінулае і сучаснасць, варта думаць пра будучыню.
 
Руся, спявачка:

1. Уладзімір Пелевін "Чапаев и Пустота".
Пелевін, на маю думку, філосаф постсавецкай сучаснасці. Калі нас не стане і іншапланетныя цывілізацыі будуць корпацца ў рэштках літаратурных помнікаў чалавецтва, хай ім пашанцуе знайсці кнігі Пелевіна, бо менавіта яны лепш за ўсё здольныя распавесці пра "складаную душу" постсавецкага чалавека. "Чапаев і Пустота" дапаможа вам крыху разабрацца са сваімі "загонамі", вырашыць некаторыя пытанні ўнутраных хістанняў, экзістэнцыйных пошукаў і існавання ў некалькіх светах адначасова.
 
5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус2. Міларад Павіч "Хазарскі слоўнік".
Гэтая кніга незвычайна чароўнай прыгажосці. Раю яе ў якасці антыцынічнай тэрапіі. Нават самы рацыянальны чытач вельмі хутка адчуе, што мудрагелістыя гісторыі Павіча ўжо праглынулі яго і ва ўспрыманні рэчаіснасці нешта змянілася. "Хазарскі слоўнік" верне вам здольнасць фантазіраваць і нараджаць у розуме нечаканыя гісторыі і вобразы. Абяцаю вам захапленне!
 
3. Мішэль Фуко "Наглядаць і караць".
(Арыгінальная назва — "Survеіllеr еt рunіr: Nаіssаnсе dе lа рrіsоn"). Гэтая кніга дапаможа зразумець, чаму жыццё так часта нагадвае турму, чаму гільяціна сярэднявечча, на думку Фуко, больш гуманная, чым сістэма дысцыплінарнай улады, як вамі карыстаецца сістэма і як у побыце працуе канцэпцыя "вялікага брата" .
 
4. Альбер Камю "Чужаніца".
(У перакладзе Змітра Коласа). Акрамя "Чужаніцы", сюды ўвайшлі аповесць "Падзенне" і некалькі апавяданняў. Мова перакладу захапляе сваёй сакавітасцю і прафесіяналізмам. Мне асабіста падчас чытання прыйшлося часта звяртацца да слоўніка роднай мовы. Самі ж творы ўпэўняць вас у тым, што быць чалавекам — значыць проста быць чалавекам, што не варта баяцца сябе і адчування таго, што вы чужы ўсім і ўсяму. Жыццё часта не спраўляецца з прынятай мараллю, і гэта нармальна. Творы Камю надзвычайна інтымныя.
 
5. Джэром Сэлінджэр "Лавец у жыце".
(Арыгінальная назва "Thе Саtсhеr іn thе Rуе"). Пошукі падлетка ў дарослым жыцці нагадаюць вам пра тое, што кожны з нас застаецца крыху дзіцяткам са сваімі чаканнямі, страхамі, расчараваннямі, смеласцю і рашучасцю супраціву лжываму свету дарослых. Калі вы хочаце абудзіць свайго ўнутранага дзіцёнка — чытайце Сэлінджэра. Ды й увогуле чытайце добрыя кнігі.
 
Юрый Піскун, мастак:

1. Новы Запавет. Ён, дарэчы, ёсць у перакладзе на беларускую мову. Якраз гэтую кнігу важна прачытаць у маладым узросце. Там вы знойдзеце акумуляцыю ўсёй маральнасці і духоўнасці.
 
5 кніг, якія павінен прачытаць кожны беларус2. "Сотнікаў" Васіля Быкава. Я заўжды захапляўся творчасцю гэтага пісьменніка. Яна спрыяльна ўплывае на станаўленне беларускай самасвядомасці. У творах Быкава ёсць вялікая праўда пра жыццё. У маладосці Сотнікаў, шчыра кажучы, быў маім ідэалам.
 
3. "Вянок" Максіма Багдановіча. Мне вельмі падабаецца яго паэзія. Гэта вельмі прыгожае пісьменства. Але можна пачытаць і яго крытыку, яго эсэ, таксама працятыя беларускім духам, высокай адукаванасцю.
 
4. "Новая зямля" Якуба Коласа. Некалі я ведаў усю гэтую паэму на памяць. У ёй — наша гісторыя, характары, прырода, квінтэсэнцыя беларускай ментальнасці. Аднойчы я быў у Барселоне ў творчай камандзіроўцы, і адзін знакаміты каталонскі паэт папрасіў пачытаць мяне што-небудзь па-беларуску. Я прачытаў урывак з "Новай зямлі". І ён сказаў, не зразумеўшы сэнсу, што наша мова вельмі прыгожая, мілагучная. Вось каб сэрцам адчуваць мелодыку беларускай мовы —таксама трэба пачытаць Коласа.
 
5. "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча. Цудоўны твор. У захапляльнай лёгкай форме распавядаецца пра нашу гісторыю, пра спрадвечныя праблемы і боль беларусаў. Асабліваю раю пачытаць гэтую кнігу маладым беларусам. Мяне ў свой час яна вельмі захапіла!

Шаноўныя чытачы, а што вы скажаце на гэты конт? Якім будзе ваш выбар? Якія кнігі павінен абавязкова прачытаць кожны беларус? Пакідайце свае меркаванні на форуме!
←Черногорский издатель хочет опубликовать антологию белорусской поэзии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика