Drum Ecstasy сталі папсой, каб пабачыцца з фанатамі
03.09.2011 15:20
—
Новости Культуры
Drum Ecstasy сталі папсой, каб пабачыцца з фанатамі
Беларускія драмеры далі бясплатны канцэрт на Кастрычніцкай Плошчы, дзе мінчукі любяць танчыць пад папсу.
Інфармацыя пра бясплатны канцэрт Drum Ecstasy на Кастрычніцкай плошчы праляцела па сацыяльных сетках пад шыльдай “Проста канцэрт Drum Ecstasy”.
“Якім чынам? На Кастрычніцкай?” – пыталіся людзі і не верылі да апошняга, што гэта праўда. Справа ў тым, што месца, дзе мусіў быць канцэрт – з “рэпутацыяй”. Там звычайна праходзяць поп-дыскатэкі ОНТ, ладзяцца пашлаватыя конкурсы і публіка нярэдка не зусім цвярозая.
“Тут адбываецца такое, што не ўпісваецца ні ў якія рамкі, – распавеў Еўрарадыё супрацоўнік Палацу Рэспублікі Альфрэд. – А Drum Ecstasy - каманда прафесійная, таму яны ўпісваюцца пад усё”.
Музыкаў іх прысутнасць на такой пляцоўцы не збянтэжыла:
“Мы проста вырашылі, што вельмі даўно нікога не бачылі, бо ўвесь час граем на нейкіх карпаратывах,– патлумачыў Еўрарадыё пасля канцэрту Філіп Чмыр, лідар Drum Ecstasy. – Нас публіка не бачыць зусім, і калі ОНТ прапанавала нам сыграць – мы з задавальненнем пагадзіліся”.
Наконт поп-фармату Філіп Чмыр нават пажартаваў: “Мы ж, не тое слова, якая папса! Проста ніхто гэтага яшчэ не зразумеў!”
Тым не менш, людзям, якія мэтанакіравана прыйшлі на канцэрт, было не ўсё роўна:
“Усе адэкватныя знаёмыя хаваліся за сцэнай, – падзялілася з Еўрарадыё назіраннямі наведвальніца Вольга. А ўсе п’яныя сноўдаліся і танчылі перад музыкамі”.
Але мы не будзем дзяліць людзей на адэкватных і не. Лепш падзелім на прыхільнікаў Drum Ecstasy і выпадковых. Як тым і другім спадабаўся канцэрт?
“Вельмі прыгожая музыка, – распавёў Еўрарадыё хлопец. – Калі шчыра, у мяне сёння дзень нараджэння, 18 год, і я прыйшоў сюды яго адзначыць. Што гэта за гурт, не ведаю, але мне вельмі падабаецца”.
“Drum Ecstasy задаў “двіжуху”, усё астатняе тут шлак і папса, яна тут сама па сабе, людзі п’юць піва... – распавяла Еўрарадыё кампанія за столікам. – Вы заўважылі, што калі пачалі граць Drum Ecstasy, перад сцэнай вырас натоўп, а калі Drum Ecstasy скончылі граць – натоўп знік. Гэта ўсё кажа само за сябе”.
Насамрэч адчуць драйв канцэрту можна было толькі пад сцэнай, таму што ўжо ў 10 метрах ад яе моцы бубноў і гітары чуваць не было.
“Не хапала гуку! Гэта ўвогуле быў канцэрт?” – скардзіліся людзі, якія сядзелі за столікамі.
“Ставіць 3 кілаваты гука для такога гурта і на адкрытай пляцоўцы – гэта непавага для музыкаў. Столькі гука ставяць ў “Графіці” для 50 чалавек!” – заўважыла наведвальніца Вольга.
А вось арганізатарам канцэрт падаўся наадварот загучным. Таму ён і скончыўся на гадзіну раней, чым планаваўся:
“Нам сказалі зварачвацца, бо пайшоў дождж. – сказаў Філіп. – Але я думаю, гэта таму, што мы гучнаватыя для 10 гадзінаў вечара. Хаця мы яшчэ пыталі арганізатараў: “Вы ўпэўненыя, што нармальна пачынаць у 21?” Яны сказалі, так! А вось бачыце, аказалася загучна, нават з такім слабым апаратам”.
Канцэрт скончыўся, заграла “Халі-Галі”, адзін натоўп знік, з’явіўся другі і танцы працягнуліся, толькі сталі больш развязнымі. Ці было што?
Напрыканцы Філіп Чмыр усё ж прызнаўся: “Гэта глабальная канцэпцыя нашага калектыву – укараненне ў масавыя святы і вынішчэнне свядомасці абывацеля!”