Колас настаўнічаў у Люсіна

Источник материала:  
Асобнае месца ў алеі будзе адведзена помніку Якубу Коласу. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія АНАНІЧ.

Яна зазначыла, што Ганцавічы ўжо цяпер маюць прывабны выгляд. А алея, якая адкрыецца ў Дзень беларускага пісьменства ў самым цэнтры горада, безумоўна, упрыгожыць яго. Помнік Якубу Коласу будзе ўладкаваны ў райцэнтры не выпадкова. У свой час пісьменнік працаваў настаўнікам у вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна і прысвяціў ёй сваю аповесць “У палескай глушы”.

Да свята пісьменства Ганцавічы прыкметна змянілі свой знешні выгляд. Добраўпарадкаваны вуліцы, абнавіліся дзве гарадскія бібліятэкі, цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, аўтастанцыя, універмаг, гасцініца.

Адкрыццю Дня пісьменства будзе папярэднічаць навукова-творчая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая пройдзе па раёнах Мінскай і Брэсцкай абласцей, і “круглы стол” “Беларускі акцэнт: вопыт і перспектывы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва”.

— Нам важна, каб свята пісьменства не замыкалася толькі на праблемах нацыянальнага кнігадрукавання, але і атрымлівала міжнародны рэзананс. Таму на гэтую чарговую сустрэчу мы запрасілі пісьменнікаў з Расіі, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі і іншых краін СНД, — патлумачыла Лілія Ананіч. — Пытанні літаратуры і акцэнты на духоўнасць — яны агульныя для ўсіх народаў, улічваючы тое, што слова літаратара вельмі важкае. А сустрэцца з сучаснымі беларускімі і замежнымі пісьменнікамі і паэтамі можна будзе ўжо непасрэдна ў Ганцавічах. Яны выступяць перад чытачамі на літаратурнай ратодзе “Берасцейскія галасы”.

Праграма Дня беларускага пісьменства традыцыйна насычаная. Пройдзе фестываль кнігі і прэсы, адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы “Геній зямлі беларускай”, прысвечаная класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу. Запланаваны таксама кірмаш сельскіх падворкаў і выступленні лепшых самадзейных калектываў Брэсцкай вобласці. Цэнтральнай падзеяй свята мае быць узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор (у вобласці паэзіі, прозы, драматургіі, сатыры і гумару, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, перакладу, дэтэктыўнага і песеннага жанраў).

Фінальным акордам Дня беларускага пісьменства стане вялікі гала-канцэрт, феерверк і традыцыйная цырымонія перадачы сімвалічнага вымпелу гораду-сталіцы будучага свята — Глубокаму.

Таццяна УСКОВА, “БН”

←Хлебный год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика