Свята беларускага пісьменства набывае міжнародны рэзананс

Источник материала:  
Свята беларускага пісьменства набывае міжнародны рэзананс

У нядзелю ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці можна будзе наталіць слых родным словам. У рамках Дня беларускага пісьменства будуць традыцыйна гучаць беларускія песні, дэкламавацца вершы і прэзентавацца кнігі. А вось якія навінкі чакаюць гасцей у сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства? Якая экспедыцыя прыбудзе ў Ганцавічы ў наступную нядзелю? І каго ўзнагародзяць на галоўнай святочнай сцэне? На гэтыя і іншыя пытанні адказала падчас брыфінгу першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ.

Кожнаму гораду — маленькае шчасце

— Вельмі важную ролю ва ўсіх дасягненнях любой дзяржавы адыгрывае духоўны стрыжань грамадства — мова, — разважае Лілія Станіславаўна. — У нашай краіне двухмоўе. Дзве мовы маюць права на аднолькавае існаванне. Але вельмі адметна, што ў нас ёсць Дзень беларускага пісьменства, які мы штогод адзначаем у першую нядзелю верасня. У разважаннях пра будучыню мы павінны заўсёды памятаць пра тое, што напрацавана нашымі продкамі, якія імкнуліся зрабіць Беларусь вядомай і годнай у свеце.

Дзень беларускага пісьменства прымаюць, як правіла, невялікія гарады. Успомнім Тураў, Хойнікі ці Мір. Але ўсе яны, нягледзячы на свае маштабы, з’яўляюцца цэнтрамі беларускай культуры і асветы. Сёлетні прыпынак свята — Ганцавічы Брэсцкай вобласці.

— Жыхары гэтага горада беражліва захоўваюць сваю гісторыю, — гаворыць Лілія Станіславаўна. — Калісьці ў ганцавіцкай вёсцы Люсіна працаваў настаўнікам  знаны сын беларускай зямлі Якуб Колас. Сёння там ёсць выдатны школьны музей, дзе дзеці праводзяць цікавую экскурсію. Многія госці, што прыедуць на свята, ужо выказалі жаданне яго наведаць.Думаецца, пісьменнікам, кнігавыдаўцам, журналістам і замежным  гасцям, якія прыедуць у Ганцавічы праз некалькі дзён, захочацца наведаць і шмат іншых мясцін. Тут пастараліся, каб свята прайшло не толькі цікава, але і маляўніча.

— Дзяржава клапоціцца, каб у горадзе, які прымае свята беларускага пісьменства,  з’явіліся не толькі добра замошчаныя вуліцы або пафарбаваныя дамы, — гаворыць Лілія Ананіч, — але і адметнасці, якія заўсёды нагадвалі б пра свята і спрыялі духоўнаму росквіту тых, хто тут будзе жыць і працаваць.

У Ганцавічах такой “разынкай” стане Алея пісьменства — удзячнасць паэтам і пісьменнікам, якія працуюць у раёне сёння, і тым постацям, якіх мы ведаем яшчэ са школьнай парты, напрыклад, таму ж Якубу Коласу.

— Новыя аб’екты ўжо паспелі аблюбаваць мясцовыя жыхары, — зазначае Лілія Станіславаўна. — Прыемна было ўбачыць у старым векавым парку з новым абліччам і прыгожай літаратурнай ратондай безліч калясак, маладых мам і малых ганцаўчан, якія збіралі першыя залатыя лісты.  Калі дзеці будуць расці ў такіх умовах — будзе больш святла.

Прыпынак для разваг

Сваё падарожжа ў сталіцу беларускага пісьменства многія распачнуць яшчэ 31 жніўня — традыцыйнай экспедыцыяй “Дарога да храма”. Паэты, пісьменнікі, артысты, прадстаўнікі духавенства і проста неабыякавыя людзі рушаць з кафедральнага сабора ў Мінску па гарадах і вёсках Міншчыны і Брэстчыны са святым агнём, каб дакрануцца да святыняў і правесці  вялізную асветніцкую працу ў школах, дамах культуры, бібліятэках. Спыніцца экспедыцыя ў  Дзень пісьменства ў ганцавіцкай Свята-Ціханаўскай царкве. Гэта ўнікальная экспедыцыя, падобную да якой цяжка знайсці ў іншых краінах. Таму жаданне далучыцца да апантаных беларусаў выказалі  і расіяне, і ўкраінцы. Дарэчы, Дзень беларускага пісьменства заўсёды выклікаў цікавасць у замежнікаў.

— Сёлета чарговы раз сустракаем пісьменнікаў з Расіі, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі, Казахстана і іншых краін СНД, — расказвае Лілія Ананіч. — Напярэдадні свята ў Мінску адбудзецца міжнародны круглы стол “Беларускі акцэнт: вопыт і перспектывы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва”. Лічым вельмі важным, што наша свята набывае такі шырокі міжнародны рэзананс. Нам ёсць што сказаць наконт пытанняў духоўнасці, якія хвалююць усе народы.

На свяце будзе што паглядзець і паслухаць. На галоўнай сцэне пройдзе музычна-паэтычная імпрэза, якую падрыхтавалі рэжысёр свята Вячаслаў Панін і сцэнарыст Дня пісьменства паэт, рэдактар часопіса “Нёман” Алесь Бадак. Тут жа ўзнагародзяць пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор года ў галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі. А вось “Залаты фаліянт”, які звычайна ўручаўся лепшым выдаўцам — пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі”, з гэтага года будзе ўручацца ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. Па меркаванні Ліліі Ананіч, гэта дасць магчымасць, па-першае, разглядаць кнігу як прадукт тэхналагічны і творчы адначасова, а па-другое — больш уважліва ацэньваць сутнасць беларускай паэзіі, прозы і драматургіі. На свяце таксама можна будзе пачуць запісы з галасамі беларускіх класікаў, пазнаёміцца з выставай старадрукаў, пагутарыць з сучаснымі беларускімі паэтамі, якія будуць чытаць вершы ў літаратурнай ратондзе.

— У такі імклівы, “заінтэрнэчаны” час гэта будзе добрым літаратурным прыпынкам для разваг, абмеркаванняў і асэнсавання таго, што ўсё грунтуецца на слове, існасці, духоўнасці. Нават сучасныя тэхналогіі, якімі многія замяняюць слова, былі б нічым, калі б не слова, — упэўнена Лілія Ананіч.

Інтэрнэт ці кніга?

Сёлета ў Дзень беларускага пісьменства будуць вельмі плённа працаваць беларускія выдавецтвы. Для іх спецыяльна павялічаны экспазіцыйныя плошчы, на якіх можна больш падрабязна прадставіць сваю прадукцыю. На свяце можна будзе пабачыць шэраг новых цікавых альбомаў, энцыклапедый, брашур, якія, нягледзячы на складанасці, беларускія выдаўцы працягваюць выпускаць у вялікай колькасці.

— Пэўныя складанасці звязаны з павелічэннем кошту кнігі, — тлумачыць Лілія Станіславаўна. — Аднак тут важна падтрымка дзяржавы, якая не збіраецца змяншаць затраты на кнігавыданне ці адмаўляцца ад заказу кніг. Сто дваццаць выданняў, якія планавалася выдаць сёлета па заказу дзяржавы, дойдуць да чытача.

Як расказала Лілія Ананіч, за першае паўгоддзе ў краіне пабачыла свет  5610 найменняў кніг. Гэта ўсяго толькі на тры працэнты менш за адпаведны перыяд мінулага года. Затое тыраж кніг упаў аж на пятнаццаць працэнтаў. І звязана гэта са змяншэннем не толькі пакупніцкіх здольнасцей, але і цікавасці людзей да кнігі.

— Калі чалавек не чытае кнігу, то адразу ўзнікае пытанне, ці турбуецца ён наогул пра сваё развіццё, — гаворыць першы намеснік міністра інфармацыі.

Мала толькі сядзець у інтэрнэце ці чытаць літаратуру з экрана камп’ютара.  Не адчуваючы кнігу ў руках, нельга адчуць і сувязь з пісьменнікам, тое, дзеля чаго ён напісаў твор. Як чытаць, што і ці варта гэта рабіць наогул? Адказы на гэтыя пытанні, думаецца, кожны зможа знайсці, завітаўшы 4 верасня ў Ганцавічы — на Дзень беларускага пісьменства.

←"Государство не оставит людей сражаться с трудностями один на один. Наоборот, любой экономический успех будет сразу же использоваться для повышения благосостояния граждан"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика