У тураўскіх крыжоў з’явіліся браты?
26.08.2011 11:15
—
Новости Культуры
У тураўскіх крыжоў з’явіліся браты?
![У тураўскіх крыжоў з’явіліся браты?](http://www.21.by/pub/news/2011/08/1314349939277733.jpg)
Я ўбачыла перад сабой густы лес, дзе з-пад моху тут і там “вылазілі” розных форм і памераў камяні
— Колькі гадоў тут усё зарастала бур’яном, — расказвае мне старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Пашковіч, якая, будучы журналісткай, упершыню і падняла тэму крыжоў у раённай газеце. —Ніхто не ведаў, што на гэтым месцы знаходзяцца могілкі. Камяні і крыжы сталі расці гадоў дзесяць таму.
Заўважыла іх мінчанка Альбіна Шэйко, якая ў той час купіла ў Замошшы зямельны ўчастак для будаўніцтва дачы. Мясцовасць тут вельмі прыгожая! Рака, возера, лес — усё побач. Знаёмячыся з маляўнічым наваколлем, Альбіна Паўлаўна і натрапіла на старыя могілкі. Тады гэта была амаль роўненькая пляцоўка, на якой толькі дзе-нідзе “наклёўваліся” каменьчыкі — як аказалася пазней, старажытныя помнікі. Асабліва зацікавіў дачніцу каменны крыж у цэнтры гэтай пляцоўкі.
— Дзесяць гадоў таму ён толькі выходзіў, — расказвае Альбіна Паўлаўна. — Можа, сантыметраў трыццаць быў. А цяпер ён ужо ростам амаль з мяне!
— Вось ён, — паказвае мне Алена Пашковіч на паўтараметровы каменны крыж пасярэдзіне старых могілак. — Я называю яго галоўным. Ён тут самы вялікі. Да таго ж і з’явіўся першым. Бачыце ў яго цэнтры нейкія выемкі і штрыхі? Многія пасля публікацыі тэлефанавалі мне і казалі, што бачылі на іх выяву.
А дзе схаваліся астатнія? Нібы грыбы, шукаем з Аленай Васільеўнай сярод шматлікіх вылезшых з-пад зямлі камянёў крыжы. Вось адзін, а вунь яшчэ і яшчэ. Налічылі з дзясятак! Адкуль яны тут з’явіліся?
— Калі займалася гэтай тэмай, я абышла ўсіх жыхароў Замошша з надзеяй штосьці даведацца. Але ніхто нічога не ведаў! — расказвае Алена Пашковіч. — Як аказалася пазней, і не мог ведаць. Крыжы гэтыя адносяцца да XII—XV стагоддзяў. Можа, яны выйшлі з ракі, як у Тураве, — вада тут побач. Можа, пад імі хавалі якіх вядомых святароў. Хто ведае...
Як расказала Алена Васільеўна, каменны “бум” на могілках назіраецца вясной, калі з-пад зямлі з’яўляюцца новыя крыжы, а старыя яўна падрастаюць.
— Вучоныя спрабуюць растлумачыць гэта тым, што зімой зямля прамярзае, вясной — праграваецца, і гэтая рознасць тэмператур выштурхвае на паверхню ўсялякае іншароднае цела з зямлі. Але ў мясцовых жыхароў іншае меркаванне: крыжы гэтыя — знак Божы. Маўклівыя волаты прачнуліся і ўсталі з зямлі, каб сказаць людзям: “Апомніцеся! Вы жывяце не па-хрысціянску”. Напэўна, яны прызываюць нас да перамен у лепшы бок. З усіх версій і здагадак гэтая мне бліжэй за ўсё.
Працы для вучоных, якія проста не могуць не зацікавіцца гэткай з’явай, у Замошшы хопіць на доўгія гады. Але вера людзей мацнейшая за ўсялякія версіі і гіпотэзы. Мясцовыя жыхары, даведаўшыся пра “жывыя” крыжы, ідуць і ідуць да іх. Каб прыбраць ля іх, памаліцца і абавязкова дакрануцца — з надзей зразумець, дзеля чаго яны з’явіліся нам праз столькі стагоддзяў.