Сяброўства не ведае межаў

Источник материала:  
Выхадцаў з Беларусі, якія пражываюць на польскім Памор’і, даўно аб’ядноўвае жаданне захаваць і папулярызаваць нацыянальную культуру і традыцыі
Сяброўства не ведае межаўАсабліва добра відаць гэта ў дзейнасці грамадскай арганізацыі “Польшча–Беларусь”, якая амаль за дваццаць гадоў свайго існавання згуртавала вакол сябе не толькі суайчыннікаў, але і польскіх сяброў. Невыпадкова, што паморскае аддзяленне арганізацыі з’яўляецца адным з асноўных генератараў праектаў у галіне культуры, адукацыі, турызму і спорту, якія рэалізуюцца ў апошнія гады ў Паўночна-Заходнім рэгіёне Польшчы.
Вось і нядаўна пад патранатам генеральных консульстваў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў Гданьску пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры прайшло сумеснае мерапрыемства пад назвай “Расія–Беларусь: культурныя сувязі брацкіх дзяржаў на Балтыцы”. У яго рамках былі праведзены Дні беларускай культуры на Памор’і.
У сваім выступленні на адкрыцці ў Расійскім цэнтры навукі і культуры фотавыставы “Беларусь вачамі фотакарэспандэнтаў” Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін адзначыў, што “спадчыну славянскіх народаў ва ўсёй яе разнастайнасці важна захоўваць і памнажаць. А гэта магчыма зрабіць праз рэалізацыю сумесных праектаў у галіне культуры і мастацтва”. На выставе былі прадстаўлены работы фотакарэспандэнтаў БелТА, якія адлюстравалі ўнікальныя куткі нашай краіны і яе славутасці.
Паказ мастацкіх фільмаў “Брэсцкая крэпасць”, “Анастасія Слуцкая” не мог пакінуць гледача абыякавым. Многія памятаюць аповеды родных і блізкіх пра жахі Другой сусветнай вайны. Пасля аднаго з кінасеансаў сваімі ўражаннямі пра гэта падзялілася жыхарка Гданьска Гражына Чашчэльска.
Цікавай была сустрэча кіраўнікоў генеральных консульстваў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый у Расійскім цэнтры навукі і культуры з выхадцамі з былога Савецкага Саюза. На ёй Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін уручыў Ганаровую грамату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі старшыні Паморскага аддзялення таварыства “Польшча–Беларусь” Ганне Фірлей, памятны падарунак — намесніку старшыні таварыства Кшыштафу Сакалоўскаму. Актывісты грамадскай арганізацыі былі ўдастоены гэтых узнагарод за асабісты ўклад у наладжванне канструктыўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай.
Але асобна варта адзначыць адкрыццё ў суседнім Куяўска-Паморскім ваяводстве выставы “Зямля — аснова ўсёй Айчыне”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Упершыню ў паморскі горад Хэлмно, у якім дзейнічае фонд імя Якуба Коласа, былі прывезены арыгінальныя карціны, габелены, скульптуры, звязаныя з творчасцю беларускага класіка, кнігі, прадметы хатняга побыту і асабістыя рэчы пісьменніка.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва горада Хэлмно, польскага фонду імя Якуба Коласа, супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Варшаве, польская грамадскасць.
“Культура збліжае Беларусь і Польшчу — гэта бясспрэчны факт і аб’ектыўная рэальнасць”, — адзначыла ў сваім выступленні дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.
З гэтым нельга не пагадзіцца, бо такія мерапрыемствы, безумоўна, дазваляюць нам лепш разумець адзін аднаго.

←КИНОПРОБЫ ПО-БЕЛОРУССКИ: КТО СТАНЕТ ЗВЕЗДОЙ СЕРИАЛА «ВЫШЕ НЕБА»?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика