Напісанае застаецца
“Як шмат мне хочацца сказаць”, — напісаў калісьці ў адным са сваіх вершаў Алег Салтук, якому сёння спаўняецца 65 гадоў.
І сказаў у дзесяці паэтычных кніжках, у сотнях артыкулаў, надрукаваных на старонках розных газет. А за ўсімі вершамі, паэмамі, артыкуламі — жыццёвая дарога ў шэсцьдзясят пяць гадоў, якая пачыналася, па словах вядомага творцы, там, дзе плывуць самыя прыгожыя аблокі, дзе жылі і жывуць самыя дарагія і спагадлівыя людзі, дзе помніцца ўсё да самай маленькай пясчынкі, куды хочацца вяртацца яшчэ і яшчэ і ў хвіліны самай вялікай радасці, і ў хвіліны адчаю, каб нязмушана і шчыра паціснуць рукі землякоў, паглядзець на някідкія, шчымлівыя да болю краявіды, пахадзіць па таямнічых сцежках маленства, набрацца сiлы і жыць далей.
За шэсцьдзясят пяць пражытых гадоў Алег Салтук скончыў школу, філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, адслужыў у Савецкай арміі, адпрацаваў у рэдакцыі ўшацкай раённай газеты “Патрыёт”, абласной — “Віцебскі рабочы”, сакратаром абласнога аддзялення СПБ.
Узнагароджаны медалямі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі камсамола Віцебшчыны, гарадской прэміі “Сузор’е муз” у галіне літаратуры і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Журналісцкая праца яго адзначана “Залатым пяром”. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі і ганаровы грамадзянін Шуміліна.
Паэт у росквіце сваіх паэтычных сіл. Сведчанне таму — нядаўні выхад новай ягонай кніжкі вершаў і паэм “Дзве зары”.
Алег Салтук — даўні аўтар нашай газеты. Дык пажадаем яму фізічнага і літаратурнага здароўя.
А чытачам “Рэспублікі” прапануем вершы з новай кнігі таленавітага паэта.
-------------------------------------
Тры волаты
Ля карціны Васняцова
Тры волаты вечабылінных
Пасталі радком на яру.
Глядзяць, дзе ж то Русь з Украінай,
Ці ёсць паміж іх Беларусь?
У сэрцах у вояў трывога —
Свой край ім пара бараніць…
Уецца бясконца дарога,
З варагаў у грэкі бяжыць.
Пад сонейкам Днепр іскрыцца,
У дальнія далі цячэ.
Не знаў ён, што будуць дзяліцца
Народы яшчэ і яшчэ.
Без нас здрайцы нас раздзялілі —
Валодаць такімі спрытней…
Тры віцязі едуць, каб сілай
Радзіму вярнуць найхутчэй.
Як вернуць, прыедуць дадому —
Вясёлая будзе пара:
Зазвоняць званы і шаломы
І коні нап’юцца з Дняпра.
* * *
Сябе неаднойчы прысню
Ў той вёсцы, што знесена з карты.
Зары пакланюся, агню,
Нібыта язычнік упарты.
Там казкі не аджылі,
Жывыя там зорка і камень.
Яны праз мяне прараслі
Прасторамі і вякамі.
Здзічэлы пярэсты каток
Прыжмурыцца мне хітравата…
Апошні з крыніцы глыток,
Апошняя братава хата.
Пустэча балючых палёў
Заляжа, як свежая рана.
Навошта сюды я прыйшоў,
Дзе ўсё ўжо амаль зруйнавана?
Куды мне падацца цяпер,
Рабіць што з сабою, не знаю.
Хапаю, як ранены звер,
Паветра, што мне не хапае.