Роднага слова роднае свята
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2011” пройдзе на сцэне новага Летняга амфітэатра.
Ужо ў канцы гэтага тыдня Маладзечна засвеціцца яркімі фестывальнымі агнямі, сустракаючы паэтаў, артыстаў і гасцей з усёй Беларусі. З 26 па 28 жніўня тут па традыцыі пройдзе ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Фестываль з гісторыяй — праводзіцца раз у два гады. Тым не менш не перастае здзіўляць гасцей новымі “разынкамі”. Можна быць упэўненым, што і сёлета не застануцца расчараванымі яго госці — тыя некалькі тысяч гледачоў, на якіх разлічаны Летні амфітэатр, нядаўна пабудаваны ў маладзечанскім гарадскім парку. Правам апрабаваць яго першымі скарыстаюцца менавіта ўдзельнікі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Асабліва шмат з маладзечанскіх сцэн будзе гучаць песень народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна, якому сёлета споўнілася б 70 гадоў. Менавіта гэтаму юбілею і прысвечана сёлетняе “Маладзечна”. Каля 40 кампазіцый легендарнага музыканта прагучыць у выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга. Творы беларускага артыста выканаюць таксама ўдзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які стане адной з асноўных падзей фестывалю. У конкурсе прымуць удзел па тры прадстаўнікі з кожнай вобласці і горада Мінска, якія прайшлі папярэдні адбор і былі прызнаны лепшымі ў сваіх рэгіёнах. Усе выканаўцы будуць спяваць з аркестрам і на роднай мове. Такія ўмовы конкурсу.— Гэта вельмі адказна і вельмі няпроста, — тлумачыць старшыня журы, народны артыст Беларусі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіл Фінберг. — Але я задаволены, што ўсе выканаўцы, якія прыехалі з розных куткоў нашай краіны, неабыякавыя да справы. Яны правялі вялікую работу, якая, упэўнены, павінна прынесці добрыя вынікі. Праз конкурс у Маладзечне прайшлі дзесяткі выканаўцаў. Многія з былых канкурсантаў — вядомыя сёння артысты. — Галоўнае не конкурс. Галоўнае тое, што будзе з выканаўцамі пасля конкурсу, — лічыць Міхаіл Якаўлевіч, які заўсёды моцна перажывае за лёс артыстаў. — Многія спевакі, што выйшлі з Маладзечанскага конкурсу, працуюць сёння ў складзе нашага аркестра — Ларыса Грыбалёва, Наталля Тамела, Дзмітрый Качароўскі, Саша Нема, Юрый Вашчук, Аляксандр Салаўёў, які перамог у 2009 годзе. Вікторыя Алешка працуе ў Тэатры эстрады... Так ці інакш многія выканаўцы знайшлі свой прафесійны шлях. Я пажадаў бы, каб і ў сёлетніх канкурсантаў усё атрымалася.Пераможцы конкурсу — уладальнікі Гран-пры, лаўрэаты І, ІІ, ІІІ ступеняў стануць удзельнікамі цырымоніі адкрыцця фестывалю, якое запланавана на 27 жніўня. Што цікава, арганізатары свята пастараліся, каб задаволенымі аказаліся ўсе музычныя густы гасцей фэсту. Прыемнай падзеяй для прыхільнікаў папулярнай музыкі стане сустрэча з многімі вядомымі выканаўцамі беларускай эстрады: Ірынай Дарафеевай, Вольгай Плотнікавай, Ганнай Шаркуновай, Вікторыяй Алешка, Аляксеем Хлястовым, Германам, Лесяй Кодуш... Для аматараў акадэмічнай музыкі спецыяльна падрыхтаваны канцэрт “Чатыры постаці ХХ стагоддзя” — у выкананні камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і заслужанага аматарскага калектыву сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага прагучаць творы славутых беларускіх кампазітараў Дзмітрыя Лукаса, Рыгора Пукста, Пятра Падкавырава і Аляксея Туранкова. А гасцям у скураной вопратцы дакладна прыйдуцца даспадобы выступленні айчынных рок-музыкантаў — груп “Без білета”, “J: Морс”, “Drum ecstasy”, “Стары Ольса”, “У нескладовае” і іншых. Рэпертуар — выключна беларускамоўны.Акрамя таго, падчас фестывалю запланаваны паэтычныя чытанні ў філіялах літаратурных музеяў Янкі Купалы ў Вязынцы і Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, спектаклі беларускіх тэатраў па матывах твораў класікаў беларускай літаратуры, сустрэчы з вядомымі беларускімі паэтамі, артыстамі, прадзюсарамі, якія ў сваёй творчасці звяртаюцца да нацыянальнай музыкі і паэзіі. Адным словам, свята не павінна пакінуць абыякавымі людзей, якія цэняць самабытную культуру Беларусі, яе песню і мову.