22 жніўня – 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага
22.08.2011 09:30
—
Новости Культуры
22 жніўня – 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага
Народное слово10 (22) жніўня – 150 гадоў з дня нараджэння І. Буйніцкага, акцёра і рэжысёра, заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра.
Радзіма Ігната Цярэнцьевіча – фальварак Палівачы Празароцкай воласці Дзісенскага павета Віцебскай губерні (зараз Глыбоцкі раён). Гадаванец шляхецкай сям’і, ён, скончыўшы Рыжскае землямернае вучылішча, працаваў каморнікам. Акцёрскую падрыхтоўку набыў у прыватнай драматычнай студыі ў Вільні.
У Празароках Буйніцкі арганізаваў крэдытнае таварыства, дзе сяляне пад невялікі працэнт маглі атрымаць пазыку. Раз’язджаючы па справах, Ігнат Цярэнцьевіч заўжды запісваў у вялікі сшытак народныя песні, танцы, звычаі, збіраў узоры адзення, арнаменту. А тэатральную дзейнасць распачаў беларускімі вечарынкамі ў сваім фальварку, у якіх удзельнічала мясцовая моладзь. Сам добра спяваў, танцаваў, дэкламаваў і быў за рэжысёра.
У 1907 г. з дочкамі Вандай і Аленай, з сябрамі Буйніцкі стварыў у Палівачах аматарскую трупу. Яе выступленні выклікалі шырокі розгалас, бо са сцэны гучала беларуская мова, выконваліся народныя песні і танцы. Паклаўшы рэквізіт на вазы, гэтыя артысты ездзілі ад мястэчка да мястэчка. У Дзісне і Лужках, Язне і Празароках, у Глыбокім, дзе пабывалі яны, узнікалі гурткі самадзейнасці.
Чуткі аб "дваровым тэатры" дасягнулі Вільні, і ў лютым 1910 г. вясковых артыстаў запрасілі выступіць там у першай беларускай вечарыне. Поспех быў незвычайны – і Буйніцкі вырашыў стварыць прафесійны тэатр. Улетку сфарміравалася трупа і распачаліся працяглыя гастролі: Свянцяны, Паставы, Полацк, Капыль, Нясвіж, Клецк, Слуцк, Ляхавічы, Мінск… Тэатр выступаў нават у Варшаве і двойчы – у Пецярбургу. Рэпертуар склалі п’есы "Па рэвізіі" і "Пашыліся ў дурні" М. Крапіўніцкага, "Модны шляхцюк" К. Каганца, "У зімовы вечар" паводле Э. Ажэшкі, "Сватанне" А. Чэхава.
Буйніцкі кіраваў трупай, быў не толькі яе адметным артыстам, а і фундатарам. Яго падтрымлівалі Янка Купала, Ядвігін Ш., Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і іншыя дзеячы беларускай культуры. Але ў 1913 г. з-за палітычнага ўціску і фінансавых цяжкасцей тэатральны калектыў давялося распусціць. Спадзяваўся сабраць новы, ды перашкодзіла Першая сусветная вайна.
Праз тры гады Ігната Цярэнцьевіча абралі старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, адным з арганізатараў якога ён быў. На аснове таварыства потым узнік Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы. Аднак Буйніцкаму давялося ісці на фронт, дзе 22 верасня 1917 г. ён раптоўна памёр ад тыфу. 56-гадовага тэатральнага дзеяча пахавалі на салдацкіх могілках каля вёскі Палачаны, на Маладзечаншчыне. Пазней родныя перавезлі прах у Палівачы, а ў 1975 г. ён быў перазахаваны ў цэнтры Празарокаў. Над магілай – помнік (скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін).
У 1980-х, калі я даволі часта ездзіў у Вільню для збору матэрыялаў па гісторыі свайго раёна, пісьменніца Зоська Верас неяк спыталася, ці ведаю пра Ігната Буйніцкага. І параіла пачытаць артыкулы 1910-х гадоў у "Нашай ніве", прысвечаныя яго знакамітаму тады тэатру. Я зрабіў выпіскі адтуль. Вось што сведчыць невядомы аўтар допісу "Беларускі вечар у Дзісне": "Дзісна не помніць такога збору народу… і першае роднае слова са сцэны вітана было не адной слязой з перапоўніўшыхся грудзей і безумоўчным гукам галасоў…Калі пачаліся беларускія танцы на сцэне, уся зала стагнала глуха ад пахвальных крыкаў, а на галовы танцораў сыпаліся кветкі і ўсцілалі ім дарогу…Дзісненскія беларусы доўга будуць помніць гэта".
27 снежня 1912 г. у Пецярбургу адбыўся "вечар усіх народаў, што жывуць у Расіі…Найбольш публіка біла "брава" беларусам за іх народную натуральную прастату. Буйніцкаму паднеслі лаўровы вянок з чырвонай стужкай і каштоўны падарунак у скрыначцы. Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася пецярбужцам, як беларускія танцы: "Мельнікі", "Лявоніха", "Юрачка", "Верабей"…Потым публіка распытвалася ў Буйніцкага – скуль і якія гэта беларусы з’явіліся? Бо раней іх не чуваць было…" ("Наша ніва" за 4 студзеня 1913 г.).
Справа, распачатая Ігнатам Буйніцкім, жыве – у Беларусі плённа працуюць прафесійныя і аматарскія тэатры. Мастацтвазнаўцаў дагэтуль вабіць постаць прапагандыста "мужыцкага" мастацтва. Падзвіжніцкі рэй Буйніцкага апелі ў сваіх вершах Уладзімір Караткевіч, Антон Бялевіч, Пятрусь Макаль, Навум Гальпяровіч, Алесь Жыгуноў, аповесць "Апошняя дзея" прысвяціла яму Ірына Жарнасек. У Празароцкай СШ Глыбоцкага раёна пад кіраўніцтвам яе дырэктара і краязнаўцы Вольгі Гінько створаны музей І. Буйніцкага. У Маладзечне ў гонар бацькі нашага нацыянальнага тэатра названа вуліца, у Глыбокім – вуліца і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры.
Кліменцій Кожан, краязнаўца, Шаркаўшчынскі раён