І тчэ, забыўшыся, рука

Источник материала:  
І тчэ, забыўшыся, рука

Слуцкія паясы, якія ўвайшлі ў фінал нашага праекта, былі настолькі папулярнымі, што мелі нават падробкі.

Хто з беларусаў не чуў пра слуцкія паясы? Здаецца, няма такіх. Вось і ў нашым праекце за тканыя цуды аддавалі ці не самыя высокія балы. А як жа іначай?! Гэта ж  брэнд нашай краіны, памятаем  мы яшчэ з дзяцінства. Але што, па сутнасці, мы ведаем пра гэты брэнд? Да прыкладу, адкуль у Беларусі з’явіўся цуда-майстар, які змог арганізаваць такую вытворчасць? Хто працаваў на знакамітай Слуцкай мануфактуры? Адкуль у беларускіх паясоў з’явіліся падробкі? Ды і чаму ў нас амаль нічога не засталося ад слуцкай спадчыны? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “НГ” шукала разам з начальнікам аддзела старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Аленай КАРПЕНКА.

— Алена Уладзіленаўна, што мы сёння называем слуцкімі паясамі?

— Слуцкімі паясамі мы называем у першую чаргу тыя паясы, што ткаліся на Слуцкай мануфактуры ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя. Існуе такое паняцце, як тып слуцкага пояса. Да такіх адносім паясы, зробленыя ў Польшчы і ва Украіне, падобныя паясы рабілі  ў французскім Ліёне на вядомай ткацкай мануфактуры — па заказу польскай шляхты. Тыя паясы былі падобныя да нашых. Яны ў асноўным выкарыстоўвалі малюнкі беларускіх паясоў, але  таксама стваралі іх варыянты. Тэхналогія ткацтва на кожнай мануфактуры была асаблівай. Дзякуючы гэтаму навукоўцы Польшчы  зрабілі вялікую працу па ідэнтыфікацыі менавіта слуцкіх паясоў.

— Слуцкая мануфактура была першай ў Беларусі па вытворчасці паясоў?

— Яна была самая знакамітая. А вось пачалася вытворчасць падобных паясоў у Нясвіжы. Міхал Казімір Радзівіл па прозвішчы Рыбанька прызваў са Станіслава (сёння ўкраінскі горад Івана-Франкоўск) вядомага ткача Яна Маджарскага, надумаўшы наладзіць уласную вытворчасць паясоў, бо купляць іх ва ўсходніх краінах было вельмі дорага. І першапачаткова даў яму месца працы ў Нясвіжы. І толькі калі князь упэўніўся, што вытворчасць паясоў будзе мець поспех, перамясціў мануфактуру ў Слуцк. Гэта таксама быў княжацкі горад. І там здаўна існавалі традыцыі вытворчасці ўзорчатых тканін са срэбнымі і залатымі ніткамі. Кіраваў мануфактурай спачатку Ян Маджарскі, пасля яго сын Лявон. А вось пры наступным кіраўніку Фаме Барсуку вытворчасць пачала падаць. І не па віне арандатара. Слуцкія паясы выйшлі з ужывання. Нашы тэрыторыі былі далучаныя да Расійскай імперыі, і шляхецкі кунтуш  разам з поясам быў забаронены новымі ўладамі.

— Наколькі вялікай была слуцкая мануфактура?

— Лічыцца, што там працавала ля сотні чалавек, у асноўным, канечне, мужчыны. Багдановіч памыліўся, апісваючы няшчасную долю беларускіх ткачых. Жанчыны да ткацтва паясоў не дапускаліся. Гэта была цяжкая праца на ручных станках. Станкі, дарэчы, па адной з легенд, Ян Маджарскі перавёз кантрабандай з-за мяжы.

— Хто наогул мог дазволіць сабе слуцкі пояс? Не раз даводзілася чуць пра іх неймаверны кошт.

— Насамрэч слуцкія паясы рабіліся для людзей самага рознага дастатку. Можна было купіць просты шаўковы пояс без залатых і срэбных нітак. Ён быў па кішэні нават беднаму шляхціцу. А для магнатаў — Радзівілаў, Чартарыйскіх, Патоцкіх — вырабляліся літыя паясы, поўнасцю сатканыя з каштоўных металічных нітак, выкарыстоўваўся асаблівы тонкі шоўк, складаны малюнак. І такія паясы каштавалі вельмі дорага.

— Алена Уладзіленаўна, як вы лічыце, можа, таму і з’яўляліся тут і там своеасаблівыя падробкі слуцкіх паясоў?

— Сапраўды такое было. У сучаснай Польшчы слуцкімі паясамі займаюцца даўно і дасканала. Нават тэхніка-тэхналагічны аналіз рабілі нашых паясоў. І прыйшлі да высновы, што слуцкія паясы маюць свае непаўторныя асаблівасці ткацтва. Тонкая нітка, своеасаблівае перапляценне... Гэта можна ўбачыць толькі пад лупай, іголкай перабіраючы кожную нітку.

— Вядома, нашы паясы адрозніваліся і асаблівым арнаментам?

— Звычайна на паясах адлюстроўваліся кветкавыя букеты. Кветкі ў вазе, са стылізаванымі каранямі, кветкавыя разеткі, змешчаныя ў зігзагападобны авал... На фрагменце пояса, вытканага пры Лявоне Маджарскім, які захоўваецца ў нашым музеі, можна ўбачыць валошкі і гваздзікі блакітнага колеру ў складана сплеценых круглых картушах. Вельмі характэрны арнамент для слуцкіх паясоў. Калі ў Нацыянальным мастацкім музеі выстаўляліся слуцкія паясы з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, дзе яны захаваліся цэлымі, мы змаглі ацаніць усю прыгажосць гэтых беларускіх цудаў.

— У Маскве, дарэчы, вялікая калекцыя слуцкіх паясоў. А як яны туды трапілі?

— Іх падараваў музею вядомы калекцыянер Пётр Шчукін. Ён збіраў паясы па ўсёй Расіі. Вядома, свае агенты ў яго былі і ў Беларусі. Паколькі гэта быў пачатак ХХ стагоддзя, яму было з чаго выбіраць. Таму калекцыя атрымалася вельмі якасная. На жаль, вярнуць слуцкія паясы з гэтай калекцыі на Беларусь не ўяўляецца магчымым. Праўда, расійскі бок заўсёды  гатовы прадаставіць нам іх на часовае экспанаванне.

— Але слуцкія паясы ёсць не толькі ў Расіі?

— Канечне. Ва Украіне ў Львове, Чарнігаве, Кіеве. Вялікая колькасць слуцкіх паясоў у Польшчы. Таму яны захоўваюцца не толькі ў музеях, але і ў касцёлах. І гэта ў многім звязана з нашымі гістарычнымі рэаліямі. Пасля падзей 1831 года маёмасць палякаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, пераходзіла ў даход дзяржавы. Каб хоць штосьці выратаваць, шмат рэчаў, сярод якіх, вядома, былі і слуцкія паясы, польскія шляхціцы перадавалі ў касцёлы.

— Шкада, што беларусы валодаюць такой мізэрнай часткай слуцкай спадчыны...

— Так, гэта крыўдна. У Мінску слуцкія паясы можам знайсці ў Нацыянальным гістарычным музеі. Там захоўваюцца два цэлыя слуцкія паясы, чатыры па тыпу слуцкіх і фрагменты. Адзін пояс можна ўбачыць у  Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАНБ, яго падараваў беларусам вядомы польскі мецэнат Анджэй Ціханавецкі. А вось у Нацыянальным мастацкім музеі цэлых паясоў наогул няма, захоўваюцца толькі два фрагменты. Усяго ў музейных калекцыях нашай краіны набярэцца не больш як трыццаць слуцкіх паясоў.  Аднак яшчэ да вайны мы маглі пахваліцца большым. Вядома, на дэкаднай выставе Беларусі ў Маскве ў 1940 годзе былі прадстаўлены 34  слуцкія паясы! А збор Карціннай галерэі ў Мінску налічваў 47 паясоў. Але, на жаль, гітлераўцы звезлі гэтыя каштоўнасці.

— Ці можам мы спадзявацца ў хуткім часе на выставу слуцкіх паясоў з замежных музеяў, падобнай да той, што арганізоўвалі з расійскім бокам?

— У наступным годзе наш Нацыянальны банк выпусціць манету, прысвечаную слуцкім паясам. Ёсць задума прывезці паясы з Украіны. Спадзяюся, наладзім стасункі з Польшчай. Так што беларусы змогуць атрымаць сапраўдную асалоду ад прыгажосці нашай дзівоснай спадчыны.

НАШЫ ФІНАЛІСТЫ

Ці ведаеце вы, што...Падчас Вялікай Айчыннай вайны верхавіна лістоўніцы, што знаходзіцца за 800 метраў на поўдзень ад вёскі Улукі, была ссечана і на ёй наладжаны артылерыйскі назіральны пункт. Аднак дзякуючы магутнай карнявой сістэме і ствалу дрэва не загінула. Лістоўніца гэта з’яўляецца батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Яе ўзрост — каля 200 гадоў. Касцёл Святой Тройцы ў Гервятах вылучаецца не толькі сваёй вышынёй, але і ўнікальнымі архітэктурнымі элементамі. Да прыкладу, такімі, як аркбутаны — знешнія каменныя паўаркі. У Беларусі яны выкарытоўваліся пры будаўніцтве толькі гэтага храма. Ёсць яны і ў такіх сусветнавядомых храмах, як Шартрскі сабор, Сабор Парыжскай Божай Маці, Сабор у Бове і Рэймскі сабор.

←В Минске пройдет фестиваль абсолютного отдыха и развлечений

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика