Кірчук пакажа працяг "Варажбіта"
11.08.2011 18:20
—
Новости Культуры
Кірчук пакажа працяг "Варажбіта"

Калекцыю музычных інструмэнтаў Іван Кірчук заклаў яшчэ да заснаваньня "Троіцы", калі працаваў у менскай вучэльні мастацтваў і стварыў фальклёрны ансамбаль "Дзіва". З таго часу калекцыя разраслася да неверагодных памераў. Кожны раз музыкі з этна-трыё прывозяць нешта новае з вандровак. Прычым ня толькі зь беларускіх мястэчак і вёсак, але і з замежных гастроляў. Такім чынам, у іх зьявілся дзясяткі розных дудак, акарыны, гусьлі, ліры, смыкі і нават званы з разбураных касьцёлаў зь Беларусі, Малдовы, Славеніі, Расеі, Галяндыі, а таксама такія экзатычныя інструмэнты, як афрыканскія чароткі і бонгі, ракушкі з Малайзіі, нямецкія цытры і домры, турэцкі сас і барабан, баўгарская гайда ды шмат іншых. Прычым шмат якія зь іх "Троіца" выкарыстоўвае ў сваіх песьнях. "Нават ня браўся пералічыць нашу калекцыю", — прызнаецца Іван Кірчук.
Калекцыя "Троіцы" ўжо экспанавалася ў Эстоніі, Нямеччыне і Польшчы, а вось у Беларусі будзе паказаная ўпершыню.
Выстыва адкрыецца 21 жніўня ў 14:00 у гісторыка-культурным музэі-запаведніку "Заслаўе". У гэты дзень лідэр этна-трыё "Троіца" возьмецца ажывіць інструмэнты ў час мона-спэктаклю "Варажбіт. Працяг". Іван Кірчук называе сваю дзею спробай выйсьці за межы ўласнанацыянальнага і ў той жа час дакрануцца да вытокаў.
Выстава-канцэрт "Варажбіт. Працяг" пройдзе пры падтрымцы інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў". Уваход на адкрыцьцё будзе вольным.
Электрычкі да Заслаўя з чыгуначнага вакзалу Менску 21 жніўня: 11:20, 12:30, 12:40, 13:06, 13:37. Таксама з вакзалу ходзяць маршрутныя таксі.
Выстава будзе працаваць да 30 верасьня.