Горад пад вадой?!
Возера Свіцязь з’яўляецца адным з самых легендарных фіналістаў нашага праекта.
Шмат гадоў таму разлілося гэта прыроднае цуда на беларускай зямлі. Як з’явілася і адкуль, цяжка сказаць. Аднак дакладна вядома, што возера гэта сапраўднае цуда. Колькі паэтаў і пісьменнікаў апявалі Свіцязь у сваіх творах! А каму, як не ім, зразумець прыгажосць і таямнічасць беларускай прыроды. Крыніцай натхнення і кахання называў яго сусветнавядомы паэт, наш зямляк Адам Міцкевіч. А ведаеце, чаму кахання? Аказваецца, калі глядзець на возера з вышыні, то сваімі абрысамі яно нагадвае сэрца. Але, вядома, галоўнае не форма, а тая энергія, якую выпраменьвае возера. Продкі ж нашы не маглі паглядзець на Свіцязь з вышыні птушынага палёту, а між тым авейвалі яго вялікай колькасцю паданняў ды легендаў!
Адданы князь
Большасць гісторый расказвае, нібы возера хавае ў сваіх недрах... горад. Старажылы і дагэтуль упэўніваюць, што памятаюць, як па Свіцязі плавалі вушакі ад дзвярэй і бярвёны ад будынкаў, а ў вадзе стаялі чатыры слупы, аброслыя мохам і падобныя на калодзежныя. А калі адысціся далей ад берага, то можна было нават убачыць на дне выбрукаваную дарогу. Адна з легенд расказвае, што даўным-даўно стаяў на месцы возера горад Свіцязь. І правіў ім малады і адважны князь. Шчаслівыя былі свіцязяне, бо князь дараваў ім справядлівы закон. І быў шчаслівы князь, бо любілі і шанавалі яго ў народзе. Але надышлі чорныя часіны. У горад уварваліся ворагі. Былі яны моцы велізарнай, колькасці незлічонай, выгляду жахлівага. З галавы да ног закаваныя ў жалеза, за плячыма — плашчы з крыжамі. Неслі яны нашым людзям смерць і разбурэнні.Ударыў свіцязянскі набат, заплакалі дзеці, загаласілі жанкі, і ўзялі воіны ў рукі мячы, рыхтуючыся да бітвы. Выйшаў на плошчу перад воінствам малады князь, суровы і строгі. Ведаў ён, што не выстаяць гораду пад націскам чужынцаў, бо сілы былі няроўныя. Але і здаць горад без бою таксама не мог, бо не было большай ганьбы.І выйшла насустрач жалезным ворагам маленькая княжацкая дружына, ды з ёю гарадское апалчэнне. Нядоўга біліся — поле ля горада крывавай расою пакрылася. Тады прыўзняўся над целамі забітых ворагаў смяротна паранены князь, абвёў апошнім позіркам уцалелых ратнікаў, якія з адчаем адбіваліся ад соцень ворагаў, і ледзь чутна прашаптаў: “Божа, не дапусці ганьбы горада майго...”.І калі халоднае асенняе неба адлюстравалася ў яго мёртвых вачах, знік раптам Свіцязь. А на месцы горада разлілося возера. І застылі ў здзіўленні на беразе жалезныя пераможцы.
Ператвораная ў камень
Ёсць і іншая гісторыя наконт затаплення горада Свіцязь. І звязана яна з дзіўнай завядзёнкай свіцязян. Чамусьці жыхары горада ніколі не дазвалялі начаваць у ім падарожнікам. Аднойчы прыйшоў туды стары калека-прахожы і папрасіўся да беднай жанчыны-ўдавы з дзіцем пераначаваць. Яна не хацела пускаць яго. Наракала на сваю беднасць, ды і суда суседзяў баялася. Але стары расчуліў яе, даў ёй тры зярняткі жыта, і калі яна іх змалола, дык выйшла тры чвэрці мукі. Здзіўленая цудам жанчына нарэшце пусціла яго ў хату. Стары пераначаваў, а на другі дзень жанчыну за непаслушэнства закона жыхары хацелі пакараць. Стары заступіўся за яе, але разам з тым за такі нядобры звычай вырашыў пакараць усіх жыхароў Свіцязя. Загадаў жанчыне ўзяць на рукі сваё дзіця і ісці не аглядаючыся з горада, які зараз жа, сказаў, затопіцца вадой. Толькі яны выйшлі за браму, як горад пачало заліваць. Жыхары ўзнялі плач, енк, а жанчына, што выйшла з горада, з цікаўнасці азірнулася. За тое, што не паслухалася старога, яна ператварылася ў камень. I цяпер гэты камень стаіць у возеры недалёка ад берага, нагадваючы жанчыну з дзіцем на руках. Кажуць, што калі хто даплыве да каменя і дакранецца да яго рукою, то з каменя выступае кроў.
Кветкі-цары
Яшчэ колькі гісторый расказвае пра тое, як некаторыя цікаўныя смельчакі гэты горад спрабавалі адшукаць на дне возера. Такія спробы, паводле легенды, прадпрымаў і адзін мірскі князь, які валодаў возерам.Тры дні рыхтаваўся ён да экспедыцыі. Пабудаваў вялікі карабель, сплёў невад, паклікаў ксяндза. I вось, калі закінулі невад і пачалі выцягваць яго, то быў ён лёгкі. Вырашылі, што нічога няма. Але, калі выцягнулі апошняе крыло, убачылі ў невадзе цудоўную дзяўчыну з белым тварам, доўгімі распушчанымі валасамі. Адны ад здзіву анямелі, другія кінуліся ўцякаць.Тады дзяўчына загаварыла голасам, падобным да голасу ручая, які бег у гэтае возера:— Вы задумалі дзёрзкую справу, парушылі спакой возера. Але я раскажу вам пра яго. На тым месцы, дзе сёння возера, стаяў некалі горад. Князь, які валодаў горадам, быў у хаўрусе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы напаў на Навагрудак з магутным войскам суседні цар. Князь разам са сваёй дружынай паехаў на дапамогу Міндоўгу. У горадзе засталіся старыя, жанчыны, дзеці і сярод іх прыгожая князева дачка. Магутнае войска Міндоўга і княжацкае войска ворагі разбілі і падышлі да горада Свіцязя. Тады перад князёўнай з’явіўся аднекуль стары і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей — у кветкі. Горад сапраўды адразу пачаў знікаць, а на месцы яго разлілося возера, па якім плавалі цудоўныя кветкі-цары. Расказаўшы гэта, дзяўчына знікла. Больш яе ніхто ніколі не бачыў. А як успамін пра яе і яе расповед кожную вясну цвітуць на возеры кветкі.Верыць гэтым легендам ці не, вядома ж, кожны вырашае сам. Але варта хоць адзін раз апынуцца на Свіцязі, каб на сабе адчуць загадкавасць і таямнічасць гэтага возера. І магчыма, адкрыць для сябе нейкую новую легенду.
НАШЫ ФІНАЛІСТЫ
Ці ведаеце вы, што...Пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі зняў фільм малады французскі мастак Рафаэль Зарка. Ідэя стварыць фільм узнікла дзякуючы незвычайнаму архітэктурнаму рашэнню будынка бібліятэкі. Ромбакубаактаэдр, у форме якога выканана бібліятэка, упершыню вывеў Леанарда да Вінчы каля 500 гадоў таму для трактата па геаметрыі “Боская прапорцыя”. Французскі мастак Рафаэль Зарка пошукамі розных праяў гэтай геаметрычнай формы займаўся на працягу васьмі гадоў. І вось знайшоў архітэктурную рэалізацыю ідэі Леанарда да Вінчы ў Беларусі. Шклоўскую ратушу, пабудаваную ў XVIII стагоддзі, адрознівалі аднапавярховыя гандлёвыя рады, якія ўтваралі шырокі проставугольны двор. Памеры гандлёвых радоў для таго часу былі досыць значнымі, дзесьці 60 на 70 метраў. Гэта дазволіла засяродзіць на адносна невялікім зямельным участку больш за 100 крам. Дарэчы, гандлёвыя рады, як і сама ратуша, адрэстаўраваныя ў канцы мінулага стагоддзя.