Так гасцінна і сардэчна нам бывае толькі тут!..
Першымі на сцэну новага амфітэатра ў Маладзечне выйдуць удзельнікі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі
Не менш за тысячу гасцей і ўдзельнікаў збярэ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які адбудзецца ў Маладзечне 26—28 жніўня. Сёлета ўпершыню яго гледачоў запросіць новая сцэнічная пляцоўка — Летні амфітэатр, які пабудаваны ў гарадскім парку імя Перамогі і разлічаны на 2600 пасадачных месцаў.
Як расказала “Р” намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Святлана Баранок, сёлетні фестываль прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, таму адгалоскі музычнай спадчыны славутага Песняра будуць прыкметнымі ў многіх мерапрыемствах маладзечанскага свята, і перш за ўсё ў трох асноўных вячэрніх імпрэзах, якія пройдуць ў амфітэатры.
Адкрыюць новую сцэну ў першы фестывальны дзень айчынныя рок-музыканты. У канцэрце прымуць удзел групы “Без білета”, “J: Морс”, “Drum ecstasy”, “Стары Ольса”, “У нескладовае”, Пётр Ялфімаў, Аляксандр Патліс, дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Рэпертуар — выключна беларускамоўны.
У амфітэатры пройдуць таксама гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю. Першы прадставіць праграму “Лепшыя песні ХХ стагоддзя. Уладзімір Мулявін”, падрыхтаваную Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. У выкананні салістаў гэтага калектыву прагучыць каля 40 кампазіцый легендарнага музыканта. Гала-канцэрт закрыцця свята падорыць прыхільнікам папулярнай музыкі сустрэчу з многімі вядомымі выканаўцамі беларускай эстрады: Ірынай Дарафеевай, Вольгай Плотнікавай, Ганнай Шаркуновай, Вікторыяй Алешка, Аляксеем Хлястовым, Германам, ансамблямі “Свята”, “Харошкі”, “Верасы”, Лесяй Кодуш і Славам Нагорным...
Хвалюючая падзея ў праграме фестывалю — рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які адбудзецца ў гарадскім Палацы культуры. Ён пройдзе ў два туры, удзельнікі выступяць пад фанаграму “мінус адзін” і ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, прычым адзін з выконваемых канкурсантамі твораў павінен быць звязаны з творчасцю Уладзіміра Мулявіна. За перамогу будзе змагацца 21 саліст – па тры спевакі ад кожнай вобласці краіны і горада Мінска, якія ўжо прайшлі папярэдні адбор і былі прызнаны лепшымі ў сваіх рэгіёнах.
Дарэчы, сёлета ў два разы павялічаны прызавы грашовы фонд конкурсу. Так, уладальнік Гран-пры і прыза імя Уладзіміра Мулявіна атрымае суму ў 120 базавых велічынь, а лаўрэаты першай, другой і трэцяй прэмій — 100, 80 і 60 базавых велічынь адпаведна.
Цікавая праграма падрыхтавана для прыхільнікаў акадэмічнай музыкі: канцэрт “Чатыры постаці ХХ стагоддзя”. Творы славутых беларускіх кампазітараў Дзмітрыя Лукаса, Рыгора Пукста, Пятра Падкавырава, Аляксея Туранкова прагучаць у выкананні камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і заслужанага аматарскага калектыву сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага.
Пазнаёміцца бліжэй з творчай кухняй сучасных беларускіх кампазітараў можна будзе ў час сустрэчы і майстар-класаў, якія правядуць Алег Елісеенкаў і Алена Атрашкевіч, абое, дарэчы, землякі маладзечанцаў.
Яркай старонкай фестывалю стане святочны канцэрт «Пад небам сонца і дзяцінства» з удзелам юных спевакоў, танцораў, музыкантаў і аматараў паэтычнага слова Міншчыны.
Запрошаны на фестываль і прафесіяналы беларускага вершаванага радка са сталіцы і вобласці. Яны паспаборнічаюць у паэтычным марафоне, сустрэнуцца з мясцовымі самадзейнымі аўтарамі, наведаюць Вязынку і Ракуцёўшчыну — памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю айчынных класікаў Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, дзе прымуць удзел у літаратурных чытаннях.
Размова пра сённяшні стан сучаснай беларускамоўнай папулярнай песні і яе недастатковую запатрабаванасць у айчыннай медыяпрасторы пойдзе на пасяджэнні круглага стола, абмеркаваць праблему збяруцца кампазітары, прадзюсары, паэты, праграмныя дырэктары FM-радыёстанцый і тэлебачання.
Фінальны акорд у насычанай праграме трох фестывальных дзён прагучыць у начным джазавым канцэрце біг-бэнда Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.