Які бор без дрэў?!

Источник материала:  
Які бор без дрэў?!

Паважаны Анатоль, у вашай роднай вёскі незвычайная назва. У сучаснай беларускай мове слова голы мае пяць значэнняў: не пакрыты адзеннем, не апрануты (голыя рукі); пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (голыя дрэвы, голы твар); нічым не пакрыты, не прыкрыты (голыя сцены); без ніякіх дадаткаў, прымесей, чысты (голы пясок); узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў (голыя лічбы). Аднак ніводнае з гэтых значэнняў непасрэдна нельга звязаць з паходжаннем назвы паселішча. Акрамя таго, гэта назва рэдкая: падобнае найменне Голы Бор мае толькі адзін населены пункт у Беларусі — хутар на тэрыторыі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Але ў адносінах да геаграфічных аб’ектаў слова голы і яго аднакаранёвыя варыянты сустракаюцца даволі часта на розных славянскіх землях. Так, словам гола ў Польшчы называецца адкрытая, не зарослая прастора ў лесе, а ў Славакіі і Чэхіі — высакагорная пасьба. У Балгарыі словам голіна называюць мясцовасць, не пакрытую расліннасцю, а ва Украіне слова голіца ўжываецца для абазначэння чыстага поля, ачышчанага ад дрэў месца ў Карпатах. У Расіі на тэрыторыі Пскоўскай вобласці словам гало называюць лясное возера, а ў Заходняй Сібіры галья — гэта адкрытыя сфагнавыя балоты. Такім чынам, у славянскай тапаніміі слова голы і яго аднакаранёвыя варыянты маюць шырокае выкарыстанне. Што тычыцца вашай роднай вёскі, то даць адназначнае тлумачэнне паходжання назвы сёння не ўяўляецца магчымым, паколькі вёска ўпершыню ўпамінаецца даволі даўно: у пісьмовых крыніцах першай паловы 19-га стагоддзя ў складзе маёнтка Камянец-Літоўскі ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. Ды і налічвалася ў ёй тады ўсяго 15 двароў. Але ўзнікла дадзенае паселішча, верагодна, намнога раней. Мы паспрабуем выказаць найбольш верагодныя меркаванні адносна паходжання назвы вашай вёскі, а вы самі, ведаючы добра мясцовае наваколле, зрабіце свой вывад аб паходжанні назвы. У мінулым населеныя пункты вельмі часта засноўваліся на месцы зямельных участкаў, распрацаваных у лесе. Таму высечанае, ачышчанае ад дрэў, а магчыма, і выпаленае месца ў сасновым бары маглі назваць голы (у значэнні чысты ад расліннасці) барок. Нельга выключыць і тую акалічнасць, што вашы далёкія продкі словазлучэннем голы барок адзначылі адсутнасць лісцевых парод дрэў у старым густым сасновым лесе, які рос на высокім месцы. Магчыма і яшчэ адна версія паходжання назвы: у літоўскай мове сустракаецца слова galas, якое абазначае наваколле, канец. У сувязі з гэтым можна дапусціць, што ў вельмі далёкія гістарычныя часы балцкімі плямёнамі, якія маглі размяшчацца на гэтых землях, такім чынам было адзначана месцазнаходжанне паселішча на краі бору.

←История одного спектакля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика