Археалагічныя знаходкі адкрываюць новыя старонкі гісторыі Віцебска
30.07.2011 12:47
—
Новости Культуры
Археалагічныя знаходкі адкрываюць новыя старонкі гісторыі Віцебска
У маі—чэрвені 2011 года ў час падрыхтоўкі юбілейнага фестывалю "Славянскі базар" у гістарычным цэнтры Віцебска праводзіліся працы па добраўпарадкаванні горада (устаноўка фантана ў скверы Пушкіна, будаўніцтва кавярні "Князь Альгерд" на Узгор'і). Падчас работ быў выяўлены культурны слой са знаходкамі і пабудовамі 18—19 стагоддзяў.
Добраўпарадкаванне ў скверы Пушкіна праводзілася каля драмтэатра на абшары былога сярэднявечнага Верхняга замка. З поўначы да ўчастка прымыкае мост цераз раку Віцьбу (па якой і атрымаў сваю назву славуты беларускі горад), з поўдня — вуліца Замкавая (такія назвы маюць адны з самых старажытных вуліц нашых гарадоў). Раней падчас
даследаванняў было ўстаноўлена, што тут таўшчыня культурнага слоя дасягала 11 м (самы лепшы вынік сярод усіх старажытнарускіх гарадоў Усходняй Еўропы). У канцы 1970-х гадоў ва ўсходняй частцы парка была выяўлена драўляная забудова. Тут планавалася стварэнне такога ж музея, як у старажытным Бярэсці. У 16 стагоддзі тут быў выкапаны штучны вадаём для забеспячэння жыхароў горада вадой падчас аблог, які меў пратоку да ракі Віцьбы. Гэтае азярцо было засыпана толькі на мяжы 19—20 стагоддзяў.

Падчас даследаванняў на тэрыторыі фантана і яго камунікацый было знойдзена шмат гістарычных артэфактаў, сярод якіх варта адзначыць юбілейны знак у гонар 100-годдзя 98-га пяхотнага Юр'еўскага палка. Полк быў сфарміраваны 13 снежня 1763 года і меў розныя назвы (Тамбоўскі, затым 98 Дэрпцкі і Юр'еўскі). Ён прымаў удзел ва ўсіх войнах Расіі ад часоў фарміравання да Першай сусветнай вайны і мае шэраг узнагарод. Верагодна, знак быў страчаны афіцэрам палка, які з'яўляўся дэлегатам у Дваранскага сходу Віцебска. Магчыма, падчас пошукаў у архівах можна будзе знайсці прозвішча ўладальніка знака.
Участак будаўніцтва кавярні на вуліцах Леніна і Талстога размешчаны на тэрыторыі Узгор'я. Гэтая тэрыторыя непасрэдна прымыкае за месца, дзе ў 16—17 стагоддзях была прыстань на рацэ Віцьба. Ад гэтай прыстані тавары прывозіліся да плошчы з гандлёвымі радамі (каля ратушы). І зараз тут знаходзіцца прычал з катамаранамі.

Акрамя атэля, тут былі і крамы (ювелірная, кандытарская, мэблевая, мастацкай фатаграфіі) і кватэры. Так, тут жыў будучы цесць М. Шагала (ювелір Шмуль-Невух Розенфельд). Дачка Шмуля (будучая жонка М. Шагала) у сваіх успамінах апісвае багатыя інтэр'еры ювелірнай крамы свайго бацькі.

Вольга Ляўко, загадчык Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар