Па рацэ праз стагоддзі
Сцяжынка да крыжа ў Тураве з кожным годам становіцца ўсё выразнейшай. Людзі з розных куточкаў Беларусі і замежжа ідуць сюды, каб на свае вочы пабачыць каменны цуд. Праўда, не ўсіх аднолькава сустракае тураўскі крыж. Адных абдае цёплынёй, а другіх — ледзь не токам б’е. Што ж за цуд гэта такі? І адкуль ён з’явіўся на Тураўскай зямлі?
Згодна з легендай, стагоддзяў дзесяць таму, калі беларускую зямлю толькі збіраліся ахрысціць, прыплылі з Кіева ў Тураў па Прыпяці каменныя крыжы-волаты. Прыплылі, як гэта ні дзіўна, супраць цячэння. Колькі іх там было, дакладна невядома. Адны кажуць чатыры, другія — аж дванаццаць. Калі мясцовыя жыхары паспрабавалі дастаць з вады крыжы — рака стала чырвонай, нібы ад крыві. Гэты знак гаварыў пра хуткае хрышчэнне тураўцаў-язычнікаў. Крыжы ўсталявалі на беразе Прыпяці. І пакланяліся ім некалькі стагоддзяў.Канечне, усё гэта можна было б і сапраўды лічыць за легенду. Калі б у савецкі час два такія крыжы зноў не ўсплылі ў вадзе. Кажуць, восем чалавек ледзь змаглі выцягнуць іх тады на бераг. Здзіўленыя, відавочцы даклалі пра цуд мясцовым начальнікам. Але тыя, спалохаўшыся ажыўлення вернікаў, загадалі крыжы знішчыць. Аднак мужчыны, якія выконвалі загад, з цяжкасцю адкалолі толькі адзін невялікі кавалачак у аднаго з двухметровых веліканаў ды кінулі гэту справу, закапаўшы крыжы за храмам. Там яны праляжалі да 1989 года, пакуль не былі ўсталяваны ў тураўскай царкве Усіх Святых.Другая гісторыя звязана непасрэдна з нашым героем публікацыі. Кажуць, у 30-х гадах падчас вялікай паводкі адзін з мясцовых жыхароў — раб Божы Іван — дабіраўся на лодцы да Барысаглебскіх могілак і ўбачыў, як плыве па вадзе каменны крыж. Іван добра ведаў, як да такой знаходкі могуць аднесціся ўлады — у тыя гады нават нацельны крыжык забаранялі насіць. Таму нікому нічога не сказаўшы, закапаў крыж на могілках. Ёсць здагадка, што менавіта гэты крыж цяпер і выходзіць з зямлі на Барысаглебскіх могілках.Упершыню пра яго загаварылі ў 80-х гадах ХХ стагоддзя, калі паміж дзвюма магілкамі з’явіўся камень. Яго спрабавалі змясціць, каб не перашкаджаў праходу. Але не здолелі гэтага зрабіць і пакінулі камень у спакоі. Затое не даваў спакою ён, прыцягваючы да сябе ўвагу ўсё большай колькасці людзей.У 1982 годзе ён быў усяго два з паловай сантыметры, — расказвае стараста царквы Усіх Святых Валерый Катлярчук. — Я ж убачыў яго ўпершыню ў 1997-м. Тады над зямлёй выступалі верхняя частка крыжа і адно крыло. Сёння вышыня крыжа — 34 сантыметры. Але, што цікава, ён расце не толькі ўвысь. Павялічваецца і аб’ём крыжа. У 2004 годзе — 28 сантыметраў, у 2007-м — 34 сантыметры, у 2009-м, калі рабіліся апошнія замеры, — 35,6 сантыметра. Здаецца, з тых часоў ён расце толькі ўвышыню.Гэты крыж тураўцы называюць сынам двухметровых крыжоў-бацькоў. Што цікава, нядаўна ў яго з’явіўся і брацік — на месцы Барысаглебскай царквы. Спачатку гэта таксама быў толькі невялікі каменьчык, а пасля ў яго сталі расці і крылы. Пачаткам яго “нараджэння” лічаць 2008 год. Праўда, пакуль ён яшчэ невялікі. Яму яшчэ расці і расці да свайго старэйшага брата, які ўжо на ўсю моц дапамагае людзям.— Колькі цудаў тут ужо адбылося, — расказвае Валерый. — У сем’ях, дзе доўга не было дзяцей, нараджаліся малыя. Хворыя, якія доўга не маглі вылечыцца, станавіліся здаровымі. Дзяўчаты, якія марылі сустрэць каханне, знаходзілі свае палавінкі. Вось і не так даўно ўбачыў ля крыжа сям’ю з Масквы, якая прыязджала сюды год таму. Хлопчык у гэтай сям’і 15 год хварэў. “Мы ж сюды не проста так прыехалі, — кажуць мне. — Пасля таго, як вярнуліся ў Маскву з Турава, хвароба знікла”. Гэта яны падзякаваць прыехалі.Цяжка растлумачыць такія цуды. Адно ведаеш — крыж трымае ў сабе вялікую духоўную сілу. Ды такую, што можа людзей не толькі прыцягнуць, але і адштурхнуць. Асабліва калі чалавек жыве ў граху. Некаторыя прызнаваліся, што не маглі прыкласці далоні да крыжа, бо іх біла токам. Здараліся пры крыжы і прыпадкі вар’явання. Але часцей людзі, якія дакранаюцца да крыжа, адчуваюць цеплыню ў далонях. Было такое: у адну з лютых зім каменная святыня вылучыла такую цеплыню, што растапіла вакол сябе снег у радыусе тры з паловай метры.— Кожны чалавек атрымлівае тое, за чым прыйшоў, — лічыць Валерый. — Камусьці захацелася пазабаўляцца ля крыжа. А хтосьці прыйшоў ціхенька сказаць “дзякуй” або “дапамажы”.На думку Катлярчука, крыж праяўляецца для кожнага чалавека па-свойму. Хтосьці бачыць на ім распяцце, хтосьці вобраз Марыі ці выяву Кірылы Тураўскага. Дарэчы, некаторыя думаюць, што менавіта гэтым крыжом вялікі асветнік нагадвае пра сябе. Часта малюнкі і вобразы праяўляюцца на фотаздымках, якія робяць з крыжоў.— Я расказаў пра гэта дзецям у храме, — успамінае Валерый. — І вось да мяне падыходзіць дзяўчынка і працягвае свой фатаапарат. І я бачу на экране — лік анёла-ахоўніка на крыжы. Ды такога прыгожага!Крыж ведае, што і калі “сказаць” чалавеку. І не трэба шукаць у ім цуд. Варта проста ўмець чакаць і верыць.
НАШЫ ФІНАЛІСТЫ
Ці ведаеце вы, што...Свята-Ільінская царква ў Бешанковічах пабудавана па загаду самога караля Казіміра. Як сведчаць гістарычныя хронікі, загад быў аддадзены ў знак падзякі за выратаванне жонкі Казіміра каралевы Лізаветы ад патопу 20 ліпеня — у Ільін дзень (па старым стылі). Усяго было пабудавана шэсць такіх храмаў, адзін з іх — бешанковіцкі. З пампезнай манументальнасцю ўпрыгожваюць сёння горад яго пяць купалаў і квадратныя вежы-званіцы.Брэсцкая крэпасць сёлета адзначае аж чатыры юбілеі — 140 гадоў крэпасці, 70 гадоў абароны ў час Другой сусветнай вайны, 55 гадоў стварэння музея і 40 гадоў з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. З нагоды свят пройдзе шэраг урачыстасцей, будуць адкрыты новыя гістарычныя комплексы, помнікі і аб’екты, у прыватнасці адрэстаўрыраваны Цярэспальскі мост.
ФОТАКОНКУРС
І я там быў...
“Народная газета” чакае цікавыя фотаздымкі з падарожжаў па БеларусіМы не раз пісалі, якія цікавыя лісты прыходзяць у рэдакцыю. У прыватнасці, у рамках нашага праекта “Сем цудаў Беларусі”. Вы часам адкрываеце такія неверагодныя факты! Так цёпла і пяшчотна расказваеце пра храмы, дзе вас хрысцілі; дрэвы, у дупле якіх хаваліся ў дзяцінстве; святыя крыніцы, якія дапамаглі вылечыць вас ці вашых блізкіх. А колькі вы падказалі нам аб’ектаў — магчымых намінантаў на званне “Цуд Беларусі”! Бачна, што вы шмат падарожнічаеце па роднай краіне і ганарыцеся, што тут жывяце. Упэўнена: з вашых вандровак у вас засталіся не только цёплыя ўражанні, але і цікавыя фотаздымкі. Чаму б не падзяліцца імі з чытачамі “Народнай газеты”?! Аб’яўляем конкурс “І я там быў” — конкурс фотаздымкаў з вашых падарожжаў па беларускіх гарадах і вёсках, сустрэч са святынямі, цудамі прыроды і архітэктуры.
Фотаздымкі з каментарыямі з пазнакай “Сем цудаў Беларусі” чакаем на адрас рэдакцыі: 220013, г.Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а або info@ng.by. Не забудзьце ўказаць свае пашпартныя даныя — за фота, змешчаныя ў газеце, належыць ганарар. Здзіўляйце!