Там, дзе шумела Ясельдскае мора

Источник материала:  
Там, дзе шумела Ясельдскае мора

Адным з фіналістаў праекта “Сем цудаў Беларусі” стаў Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох”, што знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць). Чытачы “НГ” ахвотна аддавалі свае галасы за гэты цуд прыроды, хоць ён і не настолькі вядомы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, як тыя ж Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы ці Мірскі замак.

Жыхары нашай краіны нездарма ўключылі “Падвялікі мох” у спіс фіналістаў “народнага” конкурсу. У гэтым мы пераканаліся, яшчэ раз зазірнуўшы ў заказнік, прычым у вельмі добрай кампаніі — з вучнямі 6—7-х класаў ганцавіцкай СШ № 3 і прадстаўнікамі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій. Такім чынам, дзякуючы падтрымцы аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама ўдалося правесці пазнавальнае і адначасова цікавае мерапрыемства: у час адпачынку ў школьным аздараўленчым летніку дзеці трапілі на цікавую экскурсію, дзе не толькі даведаліся многа новага пра рэдкіх птушак і звяроў, але і пакаштавалі смачных чарніц, падыхалі свежым паветрам. Дарэчы, многія з юнакоў і дзяўчат упершыню апынуліся ў гэтым заказніку менавіта з “НГ”.Улічваючы, што больш паловы плошчы заказніка займаюць балоты, мы не рызыкнулі наведацца сюды без гумавых ботаў і экскурсавода. Ім стаў кандыдат біялагічных навук, загадчык лабараторыі інтрадукцыі і тэхналогіі ягадных раслін Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Паўлоўскі. Рухаліся па экалагічнай сцежцы працягласцю амаль шэсць кіламетраў. А пачаўся наш шлях у лясы і балоты ля вёскі Боркі, жыхары якой — заўзятыя аматары журавін (нават бяруць працоўны адпачынак, каб збіраць гэтыя ягады).Разам са школьнікамі я з цікавасцю слухала ўсё, што расказваў Мікалай Баляслававіч. Мы задавалі свае пытанні, а ён, здаецца, ведаў адказ на кожнае з іх.— Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох” — гэта адзін з найбуйнейшых балотных масіваў Еўропы, які сфарміраваўся на месцы старажытнага возера “Ясельдскае мора”, гэта ўнікальны куточак беларускай прыроды, — расказвае экскурсавод. — Дзякуючы мікракліматычным умовам і своеасабліваму гідралагічнаму рэжыму, якія існуюць на тэрыторыі заказніка, тут захаваліся не толькі непаўторныя прыродныя комплексы, але і значная колькасць рэдкіх відаў раслін і жывёл. Некаторым з іх пагражае знікненне. Яны ўваходзяць у Чырвоную кнігу Беларусі, — нагадаў Мікалай Паўлоўскі.Сярод такіх відаў раслін, напрыклад, сіела прамастаячая, вярба чарнічная і пуханос альпійскі, звяроў — балотная чарапаха і арэшнікавая соня.— Мы ганарымся, што ў нашым раёне ёсць такі прыродны цуд, як Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох”. Ён дапамагае школьнікам Ганцаўшчыны вывучаць біялогію, геаграфію і экалогію ў натуральных умовах, — лічыць дырэктар Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій Ала Рылка. — Некаторым вучням шанцуе нават пабачыць тут прадстаўнікоў Чырвонай кнігі Беларусі, якіх раней даводзілася сустракаць толькі на старонках падручнікаў. Ды і, пагадзіцеся, вывучаць расліны і птушак на прыродзе цікавей, чым па кнізе, якімі б прыгожымі ні былі фотаздымкі. Дарэчы, “Падвялікі мох” мы абавязкова ўключаем у маршрут экскурсій нашага цэнтра. Сюды ахвотна прыязджае моладзь з іншых раёнаў.— Шкада, што нам сёння не ўдалося сустрэць балотную чарапаху. Трэба абавязкова вярнуцца сюды, — заўважыў шасцікласнік Яўген Занька. — Я ўпершыню апынуўся ў заказніку “Падвялікі мох” і не паспеў усё разгледзець як след. Тут вельмі шмат цікавых раслін і птушак.— І нам вельмі спадабалася ў “Падвялікім моху”, — прызналіся сямікласніцы Марына Сяргейчык і Аліна Сапун, якія таксама апынуліся тут упершыню. — Асабліва цікава было паглядзець на верхавыя балоты.Мне таксама было дзіўна і адначасова цікава знаходзіцца сярод балот і пясчаных дзюн. Дзе яшчэ пабачыш такое! ...Вучні не спяшаліся заняць месцы ў аўтобусе, каб вярнуцца ў школьны лагер. Не так лёгка пакідаць такое прыгожае, нават чароўнае месца, як “Падвялікі мох”. Мы глядзелі ўслед дзецям, якія ад’язджалі, і былі ўпэўнены: яны сюды яшчэ вернуцца са сваімі сябрамі і бацькамі.

Лічбы і факты

Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох” — гэта больш за 10 тысяч гектараў плошчы, 63 працэнты якой займаюць балоты і лесабалотныя экасістэмы. А гэта — рэдкая для Палесся з’ява, бо тут прайшла меліярацыя. Сваёй назвай заказнік абавязаны аднайменнаму балотнаму масіву Падвялікі мох. Яго лічаць “лёгкімі Еўропы”. Дзякуючы цяжкай даступнасці на тэрыторыі заказніка захаваліся непаўторныя па сваёй прыгажосці ландшафты — дубровы, беразнякі, чорнаальшанікі і сасновыя бары. Некаторым дрэвам больш за сто гадоў.

МеркаванніУладзімір СТОЛЯР, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама:— Не ў кожным рэгіёне нашай краіны ёсць такі спрадвечны куточак прыроды, дзе яшчэ захаваліся рэдкія віды флоры і фаўны. Ганцаўшчыне ў гэтым сэнсе вельмі пашанцавала, бо на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох”. Гэта не толькі экалагічныя і прыгожыя мясціны, куды хочацца прыйсці, каб проста падыхаць свежым паветрам. Я, напрыклад, вельмі люблю пах балотнага багуну. Здаецца, няма найлепшага сродку, каб прачысціць наш “камп’ютар” (маю на ўвазе чалавечы розум). Гэты заказнік важны для нашага насельніцтва і з эканамічнага пункта гледжання: тут растуць журавіны, чарніцы, розныя лекавыя травы, якія людзі ахвотна збіраюць. Ды і з пазнавальнага, і з выхаваўчага пунткаў гледжання “Падвялікі мох” — важны аб’ект Ганцавіцкага раёна: сюды часта прыходзяць дзеці і школьнікі. Ён наглядна паказвае, у якіх умовах даводзілася выжываць палешуку ў мінулыя часы і якія цуды можа стварыць наша прырода без удзелу чалавечай дзейнасці. Наогул лічу, што Ганцавіцкі край — другая Белавежская пушча, бо ў нас таксама вельмі багатая флора і фаўна. Толькі патрэбна стварыць такую ж інфраструктуру, як там. Спадзяюся, што ў перспектыве наш раён, які лічыцца пачаткам сапраўднага беларускага Палесся, стане тым кутком, дзе будуць праводзіцца экалагічныя экскурсіі.

НАШЫ ФІНАЛІСТЫ

Ці ведаеце вы, што...

Пры Полацкім Сафійскім саборы вялося летапісанне, меліся багатыя кніжныя сховішчы, збіраліся грамадскія граматы і акты. Сярод лепшых кніг бібліятэкі Полацкай Сафіі асабліва вылучаліся: “Евангелие паркгаменное сребром оправеное с позолотою”, зборнікі “Измарагд” і “Златая цепь”, корпус тварэнняў святога Дыянісія Арэапагіта.

Брагінскі метэарытны дождж апісаны ў Іпацьеўскім летапісе. Нібы ў  1144 годзе “за Дняпром у Кіеўскай воласці” быў знак — з неба зваліўся агністы шар, пакінуўшы за сабой след “у вобразе змея вялікага”. Даследчыкі мяркуюць, што летапісец засведчыў такім чынам менавіта Брагінскі метэарытны дождж, які “праліўся” на зямлю ў выглядзе асколкаў вялікага метэарыта, які распаўся ў атмасферы. Гэтымі асколкамі літаральна ўсеяна брагінская зямля. З 1807 па 1982 год было знойдзена 13 метэарытаў агульнай масай 857 кілаграмаў. І гэта толькі афіцыйныя звесткі.

←Фаворитом MTV VMA 2011 стала Кэти Пери

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика