Блог Белорусского ТЮЗа. "Вясёлка" над тэатрам

Источник материала:  
01.07.2011 17:03 — Новости Культуры

Блог Белорусского ТЮЗа. "Вясёлка" над тэатрам

BLOG.TUT.BY
Тэатр для дзяцей і часопіс для дзяцей "Вясёлка" неспадзявана пасябравалі. Нагоду для сяброўства натуральна ўтварыла класіка, а менавіта – Янка Купала і наша тэатральная цікавасць да ягонае асобы.

Блог Белорусского ТЮЗа. "Вясёлка" над тэатрамУладзімір Савіцкі, наш мастацкі кіраўнік, колькі гадоў таму стварыў спектакль "Сны аб Беларусі" на падставе драматургіі Уладзіміра Караткевіча (ў Купалаўскім тэатры), а яшчэ раней на малой сцэне Купалаўскага, адмысловым праектам "У жніўні трыццаць шостага" распавёў пра асабістую трагедыю паэта (разам з гісторыкам Віталём Скалабанам). Няма сумневу: пра Купалу трэба гаварыць ў тэатры і з дзецьмі. Асабліва з тымі, якія лянуюцца альбо не паспяваюць чытаць яго ў школе.

Рэжысёраў намер неспадзявана падтрымала кніга Уладзіміра Ліпскага "Янкаў вянок", "…першы ёмісты і аб’ектыўны аповед для дзяцей пра Янку Купалу, яго радавод, нялёгкае жыццё і ўзнёслую, прарочую творчасць" (цытата з анатацыі).

Кніжка выйшла ў 2009 годзе (выдавецтва "Мастацкая літаратура"), таму ў бліжэйшых планах тэатра паўстаў спектакль-урок пра Купалу паводле кнігі Уладзіміра Ліпскага. А ў планах далёкіх, так званых перспектыўных – стварэнне аб’ёмнага паўнавартага спектакля. Які вымагае прафесійнае сцэны. А наша сцэна чакае і чакае рэканструкцыі…

Уладзімір Ліпскі – галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка". Часопіс "Вясёлка" – галоўны беларускі часопіс для дзяцей. А наш тэатр, атрымліваецца, галоўны беларускі дзіцячы тэатр?! Ды нам, як галоўным, выпадае нейкі шанец …

…23 траўня ў Доме літаратара ладзілася вечарына, прысвечаная стогадоваму юбілею Васіля Віткі, пісьменніка, паэта і стваральніка дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Ад Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача ўдзельнікаў вечарыны вітаў… Пацук, персанаж спектакля “Брык і Шуся шукаюць лета”. Перадусім Пацук распавёў прысутным сваю чытацкую біяграфію: як толькі яго прыдумала драматург і паэтка Таццяна Сівец, ён хутка даведаўся, што “Жыў на свеце дзед Васіль,/ За плячыма мех насіў. / Дазналіся мышкі, / Што ў мяшэчку кніжкі, / Разгрызлі завязкі… “

Такім чынам наш Пацук адразу ж узяўся за кніжкі і стаў чытаць Васіля Вітку і часопіс "Вясёлка". Менавіта літаратура паспрыяла ягонаму вырашэнню падацца на вялікую сцэну, і рацыю Пацука цалкам падзяліў актор тэатра Андрэй Каламіец, выканаўца ролі Пацука. вялікі аматар і знаўца беларускага прыгожага пісьменства.

27 чэрвеня "Вясёлка" прадстаўляла свой адмысловы чэрвеньскі нумар, прысвечаны Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла. Натуральна, прысутнічаў спадар пасол Амерыка Дзіяс Нуньес, ладзіліся конкурсы для дзяцей і канцэрт, у якім чынны ўдзел брала акторка Тэатра юнага гледача Алеся Гераська з чытаннем вершаў Андрэса Элоя Бланкі пра дзяўчынку ля марскога берагу: "Яна прымае хвалі за лімоны, /А мора – за чараўніка жывога". І хоць адзінае мора, якое ў пошуках вобразу магла ўявіць Алеся – Мінскае, Алесіна мастацкае чытанне ўпрыгожыла праграму.

Пры канцы жніўня мы з часопісам "Вясёлка" ладзім "Тэатр колераў вясёлкі" – адмысловае развітанне з летнімі вакацыямі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага… дарэчы, галоўным дзіцячым парку нашае сталіцы. Між нас, галоўных, ужо чаўпецца спагадлівае паразуменне, а змрочная часіна рэканструкцыі тэатра набывае нейкае вясёлкавае ззянне…

Каментаваць гэты пост >>>
←Министр рассчитывает на повышение коммерческой эффективности «Беларусьфильма»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика