Ігар Варашкевіч: "Я не дазваляю маці выкінуць магнітафон "Дніпро"..."
Ігар Варашкевіч: "Я не дазваляю маці выкінуць магнітафон "Дніпро"..."
Experty.ByІгар Варашкевіч – вакаліст, гітарыст, аўтар музыкі. Нарадзіўся 15.08.1960 у Баранавічах. Скончыў Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-Мастацкі Інстытут (зараз – Беларуская Акадэмія Мастацтваў) па спецыяльнасці інтэр’ер і абсталяванне (1987). Актыўна заняўся музыкай у 1982 годзе у складзе гурта Studio 7, у 1984 стаў адным з заснавальнікаў гурта "Бонда", у 1991 годзе ўзначаліў гурт "Крама". У складзе "Крамы" – пераможца фестываля "Басовішча" (1992), уладальнік вялікай рок-кароны (намінацыя "Гурт года") на "Рок-каранацыі 1994", I месца на конкурсе фестываля "Поколение" (Масква, Расія, 1994), прызу ў намінацыі "Альбом года" ("Хавайся ў бульбу") на "Рок-каранацыі 2001".
Не буду хлусіць кажучы, што фанатам рок-музыкі я зрабіўся ва ўзросце гадоў 10-12. Такога не было. Як усе савецкія дзеці тых часоў я слухаў зусім іншую музыку. Але пэўнае дачыненне да рок-н-ролу, як я думаю, мелі некаторыя песні з кінафільму "Айболит-66". Прыкладам, у песні "Есть пираты в Африке" яўна прысутнічае бугі-рыф. У бацькоў жа было шмат вінілавых альбомаў, былі магнітафонныя запісы Высоцкага, польскай музыкі, джазу, а таксама такія песні, як "Girl" групы Beatles, некалькі рок-н-ролаў Біла Хэйлі і Чабі Чэкера. Да гэтага часу ў мяне захоўваецца той магнітафон "Дніпро", маці ўсё хоча яго выкінуць, але я не дазваляю. Дарэчы, у 1977 годзе мы спрабавалі з яго зрабіць нешта накшталт гітарнага ўзмацняльніка...
Аднак прыйшоў час, калі я нарэшце ўсвядоміў сваю любоў да рок-н-ролу. У нашым двары жыў старэйшы ад мяне гады на тры-чатыры Радзік Гітман. Мы з сябрамі хадзілі да яго ў госці, і калі тыя глядзелі, што б там у яго сцягнуць – цукерку якую, печыва, я імкнуўся слухаць тую музыку, якую ён ставіў. Дакладна памятаю, што мяне надзвычайна ўразіла песня "American Woman" канадскага гурту Guess Who. Магчыма, менавіта з яе нешта й пачалося, хоць на той час я напэўна чуў ужо Deep Purple, пры гэтым не вельмі разбіраючыся, хто там і на чым іграе.
Ва ўзросце 13-14 гадоў я не слухаў, скажам, Beatles – гэта была музыка людзей крыху больш старэйшых за мяне. Маёй музыкай было нешта накшталт альбому "Paranoid" гурту Black Sabbath. І калі experty.by мяне папрасілі выказацца адносна маіх прыхільнасцяў, я яшчэ раз спецыяльна праслухаў і гэты альбом, і "Master Of Reality", спыніўся ўсё ж на першым. Хоць бы таму, што мінімум чатыры песні з яго цвёрда замацаваліся ў памяці, быццам мне і не стукнула ўжо 50 год.
Ужо ў 80-х мне падабаліся таксама нейкія больш мэйнстрымавыя рэчы – The Police, Браян Адамс, Брус Спрынгсцін, U2, Midnight Oil. Як прыйшла хваля альтэрнатывы 90-х, пачаў слухаць Nirvana, Pearl Jam. Потым Red Hot Chili Peppers перыяду "Californication" (2000), Rammstein таксама падабаецца, асабліва "Mutter" (2000). Але галоўным парадоксам для мяне было, калі дзякуючы кабельнаму тэлебачанню недзе на пачатку 00-х нечакана захапіўся Fatboy Slim, Chemical Brothers, Moby, Everything But The Girl. На ўзроўні нейкіх галоўных хітоў, кліпаў, але ўсё роўна дзіўна, бо танцавальную музыку не люблю, электроніку таксама.
Савецкай музыкай я ніколі асабліва не захапляўся. ВІА мне ніколі не падабаліся, а з "айчыннай" рок-музыкі да службы ў войску я слухаў хіба толькі гурт "Машина Времени". Ужо пасля войска пэўны час слухаў "Аквариум", "Круиз", "Зоопарк". Але гэта хутчэй фонам, дзеля інфармацыі. Нашмат больш мяне цікавіў польскі рок – Lady Pank, Brigada Krizis, Lombard, Banda i Vanda, Perfekt, Maanam. З музычнага боку яны больш адпавядалі маім густам – умоўна кажучы, сумесь хард-рока, на якім я быў узгадаваны, з эстэтыкай панка і нью-вэйву.
Беларускую музыку я пачынаў слухаць з "Песняроў". У мяне вунь на сцяне арыгінальны плакат "Песняроў" вісіць, які мае бацькі здымалі з рэкламнай тумбы ў Баранавічах у 1971 годзе. А я стаяў і сачыў, ці не з’явіцца міліцыя. На фота яшчэ ні Барткевіча няма, ні Кашапарава. Я разумеў, што гэта не Led Zeppelin, няма такой гітары, як у Блэкмара, але менавіта з іх запісаў пачалася мая любоў да беларускай мовы.
Яшчэ мне падабаўся гурт "Сузор’е", я нават хадзіў на іх канцэрт пасля арміі, недзе ў 1981-82 годзе, калі яны прыязджалі ў Баранавічы. Гэта наогул быў адзін з першых прафесійных рок-канцэртаў з добрымі музыкамі і гукам, які я наведаў. Ну хіба што ў арміі яшчэ трапіў на Антонава з "Араксам" і Тыніса Мягі, але тое была халява, а тут сам квіток набыў. Асабліва быў уражаны тым, што ў перапынках выступала нейкая балерына – выглядала вельмі дзіўна, але я так разумею, што гэта філармонія іх абавязала.
Потым я сам пачаў займацца музыкай і былі гурты, якія мне падабаліся – "7 Герц", "Магістрат", іншыя. Але слухаць у запісе іх было немагчыма, бо якасных запісаў насамрэч і не было недзе да сярэдзіны 90-х. Менавіта ў гэтым сэнсе я лічу знакавым для беларускай музыкі альбом гурта Rouble Zone "Put You Money.. Now!" (1996) – можа ўпершыню ўсё было зроблена сапраўды прафесійна.
Зараз я ў асноўным гляджу DVD. Пераважна гэта гітарная музыка: Робін Форд, Джо Банамаса, Попа Чабі, фэсты "Crossroads", якія ладзіць Эрык Клэптан, сучасныя канцэрты Alman Bros.Band, Los Lobos, Lynyrd Skynyrd, The Who, Білі Айдал. З музыкі іншых накірункаў за апошняе дзесяцігоддзе мяне ўразілі канцэрты Morcheeba, Джэмі Калам, Торы Амас. Не магу слухаць музыку накшталт Muse, яна мяне збівае ў такі дэпрэсняк, што лепш хутка уключыць Джона Фогерці ці AC/DC! Самае смешнае, што я не назваў аніводнага блюзмэна! Насамрэч я безумоўна ўсё сваё жыццё слухаю чорны аўтэнтычны блюз. Мадзі Уотэрс – the best!!!
ЗАХАД
Free "Fire And Water" (1970)
Альбом, які, напэўна, вядомы не такому шырокаму колу людзей. Я цяпер таксама спецыяльна адшукаў яго ў Інтэрнэце, праслухаў і пераканаўся ў тым, што памятаю з яго не толькі "All Right Now". Я выдатна памятаю ўвесь альбом! І выбраў яго для сваёй пяцёркі таму, што менавіта з гэтага альбому і пачалася мая любоў да блюз-року. І прайшоўшы праз розныя захапленні новай хваляй, панкам, я ўсё ж вярнуўся да такой музыкі. Усе апошнія альбомы "Крамы" я спрабаваў рабіць менавіта ў такім стылі. Ды й слухаю цяпер у асноўным такую музыку.
Black Sabbath "Paranoid" (1970)
Гэты альбом я абраў таму, што мяне ў ім вабіць нейкая такая першабытнасць, дзікаватасць нават. На той момант для мяне асабіста гэта было адкрыццё нечага новага, нечаканага. Хоць пры гэтым мае захапленні цяжкай музыкай засталіся недзе ў дзяцінстве і зніклі недзе ў другой палове 70-х.
Deep Purple "Machine Head" (1972)
Пры гэтым я безумоўна люблю і "In Rock", i "Who Do We Think We Are", дзе маецца "Woman From Tokio", але гэты альбом я слухаю і па сённяшні дзень і люблю яго, як кажуць, ад першай да апошняй ноты. Я разумею, што галоўным хітом гурту лічыцца "Smoke On The Water", але пасля таго, як я пачаў стала працаваць у клубе "0.5", гэтая песня для мяне зрабілася нечым накшталт "Белых роз" у галіне папсы.
Geordie "Don’t Be Fooled By The Name" (1974)
Пачуў я яго выпадкова, але гэты альбом – адзін з маіх найбольш любімых наогул. Тым больш, што ён быў запісаны з удзелам Браяна Джонсана, які цяпер спявае ў складзе AC/DC. Таксама памятаю ўсе песні з гэтага альбому, найбольш любімая – "Hоuse Of Sunrise". Альбом і дагэтуль не страціў сваёй актуальнасці, хоць і гучыць, магчыма, крыху архаічна. Аднак такая музыка проста так не знікае.
Dire Straits "Dire Straits" (1978)
Гэты альбом, як не дзіўна, упершыню я пачуў па нашым дзяржаўным радыё. Я быў вельмі ўражаны, таму што такую музыку раней не чуў. Напачатку падалося, што гэта нейкая сумесь Дылана, Джэй-Джэй Кейла і нечага яшчэ. Мне вельмі спадабалася, тым больш што гэты альбом зафіксаваў пэўны злом у маіх музычных густах: пасля гэтага я перастаў слухаць цяжкую музыку.
Наогул, заходняя музыка ў маіх густах займае большую частку. Калі б была магчымасць, дадаў бы сюды Pink Floyd "Wish You Were Here", Led Zeppelin "IV", The Who "Who’s Next’, альбомы Sex Pistols, AC/DC "Ballbreaker", усе альбомы Creedence Clerwater Revival і шмат-шмат іншых. Дадам, што галоўнымі сваімі настаўнікамі я лічу Хендрыкса, Морысана, Джоплін – то бок тых, хто адыйшоў у іншы свет да таго, як я іх пачуў.
БЫЛЫ СССР І САЦЛАГЕР
Breakout "Kamіenie" (1974)
Разам з "Песнярамі" творчасць польскага музыкі Тадэвуша Налепы зрабілася для мяне нейкай указальнай сцежкай у свет рок-музыкі. Свет той музыкі, якой я пачаў займацца, ствараць сам. Перад войскам я пачаў іграць на губным гармоніку, сам пачаў вучыцца іграць на гітары аж да таго, што са школьнымі сябрамі мы запісалі нешта накшталт альбому, штук пяць песень на гэткай "птушынай" мове. Налепа ж умацаваў маю веру ў тое, што я магу нешта рабіць самастойна.
Машина Времени "День рождения" (1978)
Гэта магнітаальбом, на якім былі такія песні, як "Лодки", "Песня про капитана", "Солнечный остров". Трапіў ён да мяне, калі я вучыўся ў апошнім класе школы, я таксама зразумеў, што гэта далёка не Black Sabbath, але пачуў тэксты на расейскай мове, а ў іх – нешта такое, чаго не чуў ніколі. Мне вельмі спадабалася. Я зусім не аматар творчасці Макарэвіча, але па сённяшні дзень стаўлюся да яго з вялікай павагай. І песні з гэтага альбому вельмі люблю. Пазнейшая "Машина" мяне ўжо зусім не цікавіла.
Москва "НЛО" (1982)
Не скажу, што гэта адзін з самых любімых маіх альбомаў савецкага часу, але нейкі ўплыў на мяне ён меў і на свой час гэта была такая дзіўнаватая, яўна эксперыментальная праца. Альбом быў вытрыманы ў дастаткова неакрэсленай стылістыцы, ні раней, ні пасля я падобнага нават не сустракаў. Дагэтуль лічу яго пэўнай падзеяй у савецкай музыцы.
Lady Pank "Lady Pank" (1983)
Першы альбом "Lady Pank" наогул лічу найлепшым альбомам польскага року, нават нягледзячы на тое, што зроблены ён пад вялікім уплывам Police. Але пра нейкі плагіят казаць немагчыма, таму што меладычнасць і паэтыка там выключна польскія! Між іншым, у гонар гітарыста Яна Барысевіча мы назвалі свайго сына Янам.
Maanam "Nocny patrol" (1983)
Гэта настолькі настраёвая праграма, што калі я хачу настальгіі, дык уключаю магнітафон і слухаю голас Коры Яцкоўскай.
БЕЛАРУСЬ
Назваў бы альбом групы "Бонда", аднак не магу, таму што сам выступаў у ягоным складзе. Мог бы назваць нешта з даробку "Мроі", але не назаву. З вялікай павагай стаўлюся да Лявона Вольскага, але аматарам ягонай творчасці ніколі не быў. Таму пяцёрка будзе выглядаць наступным чынам.
Песняры "Песняры [I]" (1970)
Найбольш мне падабаюцца ў гэтага калектыву тры першыя праграмы. Пазнейшыя праграмы, калі пачаліся нейкія эксперыменты з джаз-рокам, чамусьці мяне зусім не зацікавілі. Знікла тое, што можна назваць нават нейкай наіўнасцю, тое, што мяне асабіста кранала да глыбіні душы. "Стаіць вярба" ажно слязу выціскала...
Ulis "Танцы на даху" (1993)
Што датычыць гэтага вось калектыву, дык многія песні з ягонага рэпертуару мне падабаюцца больш, чым які асобны альбом. Мне падабаецца той "Уліс", у складзе якога спяваў Андрэй Патрэй, але тым не менш называю альбом з удзелам вакаліста Алега Тамашова. У параўнанні з двума ранейшымі альбомамі гэты больш знітаваны стылістычна і да таго ж лепш запісаны.
Розныя выканаўцы "Народны альбом" (1997)
Безумоўна, на першым месцы. Праграма, якая не абмежаваная з пункту гледжання музычных стылістык, якая тым не менш зрабілася сапраўднай падзеяй у беларускай музыцы. Уражальны вынік творчасці найперш Міхала Анемпадыстава, з якім я знаёмы яшчэ з часоў "Бонды", а таксама Лявона Вольскага, чыя праца менавіта ў "Народным альбоме" мне вельмі спадабалася. У канцы 90-х слухаў гэты альбом практычна штодня. Адзіная прэтэнзія да якасці запісу, але з гэтым нічога ўжо не зробіш... Беларуская хвароба ажно па сённяшні дзень.
Палац "Чужыя дзеўкі" (2002)
Люблю гэтую каманду, нягледзячы нават на тое, што выдаюць яны вельмі мала альбомаў. Не магу нават растлумачыць, чым тая любоў выклікана. Ну вось проста пастаўлю дыск, слухаю і адчуваю, як з кожнай песняй мяняецца настрой: то весела, то сумна робіцца. Ажно слёзы часам набягаюць...
Indiga "Dni" (2004)
Альбом трапіў да мяне выпадкова, аднак па сённяшні дзень лічу яго адным з лепшых у беларускай музыцы. Ён вельмі прыгожы па музычнаму матэрыялу, запісаны як для Беларусі вельмі якасна.
Запісаў: Зміцер Падбярэзскі, Experty.by