У азёрны край з’язджаюцца народныя калектывы з усяго свету
У 44-ы раз сёлета ў Браслаўскім раёне прайшло на радасць людзям міжнароднае свята традыцыйнай культуры пад дэвізам “Браслаўшчына — жамчужына азёр”. Тут акрамя саміх удзельнікаў сабралася шмат прадстаўнікоў працоўных калектываў, мясцовых жыхароў, гасцей з розных куточкаў Беларусі, краін-суседак. Інфармацыя пра такі маштабны фестываль у Браславе разышлася загадзя, таму многія і пажадалі на свае вочы пабачыць, чым жа так адметныя і вядомыя далёка за межамі Браслаўшчыны “Браслаўскія зарніцы”. А адметныя яны сёлета былі тым, што паўдзельнічаць у ім пажадалі творчыя калектывы васьмі краін: Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Венесуэлы і нашай роднай Беларусі — усяго 20 самабытных народных арыгінальных калектываў. Пабывала на “Браслаўскіх зарніцах” вялікае мноства прадстаўнікоў улады, ад рэспубліканскай і абласной да дыпламатычнага корпуса, у тым ліку міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, намеснікі старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў і Алег Мацкевіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Дарэчы, зазірнуў на свята і карэспандэнт “НГ”. І, прызнаюся, убачыў шмат цікавага.
Уладары Замкавай гары
Час мужных рыцараў, прыгожых дам, сярэдневяковых турніраў даўно прайшоў, але ў першы дзень “Браслаўскіх зарніц” кожны браслаўчанін і госць горада мог акунуцца ў тую далёкую пару. Другі год запар Замкавая гара ў гістарычным цэнтры Браслава ажывае, ператвараючыся ў старажытны горад, запрашаючы кожнага далучыцца да гісторыі мінулых часоў і папрысутнічаць на фестывалі сярэдневяковай культуры “Меч Брачыслава”, які праходзіць у дні правядзення “Браслаўскіх зарніц”. Яшчэ на падыходзе да Замкавай гары чуліся гукі чароўнай старажытнай музыкі, якія вабілі зазірнуць і паглядзець на ўсё сваімі вачамі. Кожны, хто падымаўся па вузкай сцежцы і рабіў першыя крокі на гару, тут жа станавіўся не проста ўдзельнікам фестывалю, а сапраўдным госцем гэтага старажытнага горада. Па ўсёй пляцоўцы былі раскіданы шатры, гандлёвыя палаткі рамеснікаў, гарэлі вогнішчы, а побач гулялі рыцары ў жалезных даспехах, прыгажуні-дзяўчаты ў старажытных уборах і вясёлыя музыкі. Дарэчы, тут можна было сустрэць як ваяра ІХ ста-годдзя, так і рыцара ХV стагоддзя, што дадавала фэсту асаблівую цікавасць і гістарычную разнастайнасць. Прыняць удзел у свяце пажадала каля 20 клубаў гістарычнай рэканструкцыі, у тым ліку і расійскія госці з Бранска і Санкт-Пецярбурга. А арганізатарам фестывалю выступіла Браслаўскае музейнае аб’яднанне.Асаблівы каларыт фэсту надавалі рамеснікі, якіх тут таксама сабралася шмат. Адраджаючы традыцыі даўніны, яны дэманстравалі, як нашы продкі ткалі на кроснах, адлівалі з жалеза зброю і бытавыя рэчы, выразалі з косці, пралі на верацяне. Цікавасць выклікаў і рытуал здабычы агню, які ладзілі супрацоўнікі музейнага аб’яднання. І ўсё ж самай цікавай і заварожваючай часткай фестывалю былі паказальныя баі, якіх з нецярпеннем чакалі гледачы. Пра гэта сведчыла колькасць тых, хто сабраўся каля імправізаванай пляцоўкі. Пакідаючы Замкавую гару, кожны абавязкова сказаў сабе: “Я вярнуся сюды і ў наступным годзе”. А гэта значыць, што фестываль “Меч Брачыслава” будзе жыць, з кожным годам пашыраць свае межы, а ў хуткім часе, магчыма, стане візітнай карткай Браслава.
Насуперак ветру і хвалям
Пад вечар другога дня “Браслаўскіх зарніц” галоўная дзея свята пад назвай “Водная феерыя” разгортвалася на беразе возера Дрывяты. Пачалося ўсё з шоу на вадзе, у якім майстар-клас фігурнага ваджэння кацераў, воднага матацыкла, яхты дэманстравалі выратавальнікі, прадстаўнікі нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, прыватныя асобы. А тым часам на беразе задымілі вогнішчы з падвешанымі над імі кацялкамі — пачаўся конкурс “Браслаўская юшка”.А тлустай кропкай усёй “Воднай феерыі” стаў святочны феерверк, які асвяціў неба над Дрывятамі.
Сяброўскія дамовы
Круглы стол, які прайшоў у рамках міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, у чарговы раз стаў пацвярджэннем таму, што край сінявокіх азёр прыцягальны для развіцця прыгранічных тэрыторый, міжнароднага супрацоўніцтва, інвестыцый у розныя сферы жыцця. Як падкрэсліў на сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацый рэгіёнаў — удзельнікаў фестывалю, дыпламатычнага корпуса намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, у апошнія гады Віцебшчына набірае абароты па прыцягненні інвестыцый. Толькі пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі № 10 рэалізуецца больш за 40 інвестпраектаў на суму 1 трыльён беларускіх рублёў. Самым важным момантам круглага стала стала падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве з Хайнуўскім паветам Падляскага ваяводства Польшчы, пратаколаў аб намерах з інвестарамі з Латвіі і Літвы аб супрацоўніцтве ў сферах будаўніцтва і турызму.