Што рабілі ў будах?
Напішыце, калі ласка, і нам, паважаны спадар Капылоў, адкуль пайшлі назвы вёсак, дзе мы жывём. Гэта вёскі Баравая Буда і Лесавая Буда Кармянскага раёна.М.БЕРАСНЁВА, Кармянскі раён
Паважаная спадарыня Бераснёва, паселішчы з назвай Буда сустракаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Асабліва многа такіх населеных пунктаў на ўсходзе і паўднёвым усходзе нашай краіны: у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Толькі на тэрыторыі вашага раёна налічваецца пяць вёсак з такой назвай, з іх тры вёскі на тэрыторыі Струкачоўскага сельсавета, дзе вы жывяце: Баравая Буда, Лесавая Буда і Шэрахаўская Буда.У мінулым будамі называліся спецыяльныя прадпрыемствы, дзе праводзілася смалакурэнне, гналі дзёгаць, шкіпінар, выпальвалі вугаль. Буды, як правіла, размяшчаліся ў лясных масівах і належалі буйным землеўладальнікам і лесапрамыславікам. Буды вядомы на Беларусі з ХV стагоддзя, асабліва шырокае развіццё лясныя промыслы атрымалі на ўсходзе (у Падняпроўі) і на поўдні (на Палессі) у другой палове ХVIII стагоддзя. У другой палове ХІХ стагоддзя попыт на прадукцыю, якую выраблялі буды, зменшыўся, адпаведна шматлікія лясныя пасёлкі прыйшлі ў заняпад, ператварыліся ў вёскі, але пры гэтым захавалі свае былыя назвы. Вельмі часта пры слове “буда” ў складзе назваў вёсак ўжываецца прыметнік, які ўказвае на месца размяшчэння буды (лес — Лесавая Буда; бор — Баравая Буда) або на назвы суседніх з будай паселішчаў (вёска Кляпін — Кляпінская Буда; вёска Шэрахава — Шэрахаўская Буда).Вашы родныя вёскі Баравая Буда і Лесавая Буда ўпамінаюцца ў беларускіх пісьмовых крыніцах ХVIII стагоддзя. На той час гэта былі невялікія лясныя паселішчы: па інвентары 1720 года ў Баравой Будзе налічвалася ўсяго 7 дымоў, 7 валок зямлі, а ў Лесавой Будзе быў усяго 1 дым. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) абедзве вёскі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па рэвізскіх матэрыялах 1859 года, вёска Баравая Буда была ў валоданні памешчыка А.І.Жукоўскага. У канцы ХІХ стагоддзя ў гэтай вёсцы ўжо налічвалася 102 двары, была царкоўна-прыходская школа, карчма. У вёсцы Лесавая Буда ў канцы ХІХ стагоддзя было 4 двары. У пачатку ХХ стагоддзя тут была адкрыта школа, існавала паштовая станцыя.
Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі, ракі ці возера, дзе вы бавілі час у дзяцінстве, а можа, шляху, які праходзіць праз ваш населены пункт? Дасылайце свае пытанні! Вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ дапаможа разблытаць этымалагічны клубок любых тапанімічных назваў. Чакаем вашых пытанняў!