Мелодыі з глыбокай даўніны

Источник материала:  
Замак у Міры ёміста поўніўся гучаннем старадаўняй музыкі
Мелодыі з глыбокай даўніныУявіце сабе: тыя ж прыгожыя сугуччы радавалі слых людзей і сто, і, можа, нават дзвесце гадоў таму… Даўняя музыка ў атачэнні пасівелых архітэктурных формаў — гэта заўсёды ўражлівы сінтэз. Болей таго, такія імпрэзы прымнажаюць славу гістарычных месцаў. І многія сядзібы, палацы нашай зямлі ведалі ўжо ў былыя часы падобныя прадстаўленні. Згадаем хоць бы імпрэзы на пленэры тэатра ў Слоніме, які пачынаўся з 1770 года, ці “сядзібу музаў” Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне, ці Нясвіжскі палац Радзівілаў… На свяце мастацтваў “Мірскі замак — гонар ЮНЕСКА”, якое ладзілася напрыканцы мая ў гарадскім пасёлку Мір, магутныя сцены замка нібы поўніліся дыханнем даўніх часоў. Гучалі старадаўнія творы, аўтары якіх — выхадцы з шляхецкага роду Карловічаў, які мае карані ў зямлі Гродзеншчыны. Напаўнялі паветра гукі з духоўных сачыненняў мінулых стагоддзяў. Знайшлося месца і добрай эстраднай музыцы.
Арганізатарам свята, асноўнай творчай сілай праекта ў ліку іншых выступіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Як вядома, Мірскі замак — гэта і гонар Беларусі, і помнік сусветнага значэння. А цяпер яшчэ і яскравы сімвал адраджэння мастацкай, гістарычнай спадчыны Беларусі, у тым ліку і музычнай. Свята мастацтваў пачалося з выступлення ва ўтульным унутраным дворыку замка ансамбля “Інтрада”, створанага пры аркестры. Потым адметную канцэртную праграму прадставіў для ветэранаў вайны і працы Карэліцкага раёна камерны хор аркестра. А яшчэ ігралі ансамблі флейтыстаў і кларнетыстаў. І была цікавая прэм'ера канцэртнай праграмы “Музычная спадчына Беларусі: песняры Гарадзенскай зямлі Ян і Мечыслаў Карловічы”. Гучалі флейты, трубы, кларнеты, салісты ігралі на драўляных духавых інструментах. Дадавалі душэўнасці ў музычную плынь свята вакальны ансамбль і струнны аркестр. А камерны хор знаёміў слухачоў з беларускай духоўнай музыкай у Мікалаеўскім касцёле мястэчка.
Фінальны акорд свята — гала-канцэрт аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Дарэчы, на свяце ў Міры маэстра паведаміў, што сёлета чарговы Фэст беларускай паэзіі і песні адбудзецца напярэдадні кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкi-2011” у Маладзечне. Рэпетыцыі ж аркестра ідуць адначасова па трох розных праграмах. Міхаіл Фінберг задаволены тым, што Мірскі замак, мястэчка Мір сустракаюць фэст ужо ў дзявяты раз. “Такія фэсты ўнікальныя. І кожны з іх — гэта новая праграма, якая мае навуковую аснову”, — адзначыў вядомы дырыжор. Ён нагадаў, што фэст “Мірскі замак — гонар ЮНЕСКА” — 128-ы па ліку сярод тых, якія аркестр мэтанакіравана праводзіць у малых гарадах.

Іван Іванаў

←Былое и мысли

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика