ЦУДоўныя шчасліўчыкі
У фінале праекта апынуліся як вядомыя, так і зусім нечаканыя цуды.
Сёння мы раскрываем карты. Публікуем спіс аб'ектаў, якія трапілі ў фінал «Сямі цудаў Беларусі». Думаю, ніхто з вас і не сумняваўся, што на фінішнай прамой нашага праекта апынуцца Мірскі замак і палац у Нясвіжы. А вось брагінскі метэарыт са слаўгарадскай лістоўніцай, мяркую сталі для вас нечаканасцю. Як, дарэчы, і многія іншыя аб'екты. Але што расказваць -- давайце знаёміцца з імі бліжэй і падрабязней.
Значыць, спіс сарака двух фіналістаў выглядае наступным чынам:
Брэсцкая вобласцьБелавежская пушча
Брэсцкая крэпасць
Вежа ХІІІ стагоддзя (Камянец)
Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Падвялікі мох” (Ганцавіцкі раён)
Пружанскі палацык (Пружаны)
Картузіянскі кляштар (Бяроза)
900-гадовы дуб ля вёскі Дубічна (Маларыцкі раён)
Віцебская вобласцьКрыж Лазара Богшы (ён жа -- Крыж Еўфрасінні)
Сафійскі сабор у Полацку
Браслаўская азёрная група
Касцёл у вёсцы Мосар (Глыбоцкі раён)
Балота Ельня (Міёрскі раён)
Свята-Ільінская царква (Бешанковічы)
Мемарыял “Прарыў” (Ушачы)
Гомельская вобласцьПалац Румянцавых--Паскевічаў у Гомелі
Каменны крыж на Барыса-Глебскіх могілках ў Тураве (Жыткавіцкі раён)
Брагінскі метэарыт
Старажытная Мілаградская культура (Рэчыцкі раён)
Абрад “Пахаванне стралы” (Веткаўскі раён)
Свята-Пакроўскай царква у г.п. Стрэшын (Жлобінскі раён)
Святая крыніца ля вёскі Сялец (Буда-Кашалёўскі раён)
Гродзенская вобласцьМірскі замак (Карэліцкі раён)
Каложская (Барысаглебская) царква (Гродна)
Абраз Божай Маці Жыровіцкай (Слонімскі раён)
Касцёл Святой Тройцы ў Гервятах (Астравецкі раён)
Возера Свіцязь (Навагрудскі раён)
Лідскі замак
Каменаломні бронзавага веку ля пасёлкаў Краснасельскі і Рось (Ваўкавыскі раён)
Мінская вобласцьРэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы
Слуцкія паясы
Возера Нарач
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Прадпрыемства БелАЗ (Смалявіцкі раён)
Бернардзінскі касцёл у вёсцы Будслаў (Мядзельскі раён)
Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Залужжа (Старадарожскі раён)
Магілеўская вобласцьПустынскі манастыр (Мсціслаўскі раён)
Бабруйская крэпасць
Шклоўская ратуша
Праваслаўнае свята “Бразкун” (Чэрыкаўскі раён)
Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Саматэвічы (Касцюковіцкі раён)
Палац пана Булгака ў Жылічах (Кіраўскі раён)
Лістоўніца ля вёскі Улукі (Слаўгарадскі раён)
Цікава, а як успрынялі навіну аб фіналістах праекта ў рэгіёнах? Перад тым, як афіцыйна аб'явіць аб пераможцах абласнога этапу, мы патэлефанавалі на малую радзіму некаторых беларускіх цудаў, каб аб'явіць тамтэйшым жыхарам прыемную навіну.
Патэлефанаваўшы ў Веткаўскі музей народнай творчасці, натрапіла на вядучага навуковага супрацоўніка Генадзя ЛАПАЦІНА. Аказалася, ён якраз займаецца вывучэннем абраду “Пахаванне стралы” і добра ведае, чаму ён варты называцца цудам: - Гэтага абраду больш нідзе няма. Ён унікальны. Яго так любяць, чапляюцца за яго, як за сапраўдны скарб. Мне давялося бачыць, як у ім ўдзельнічаюць і трыста жанчын, і дваццаць, што застаюцца ў вёсцы. Да апошняга захоўваюць гэты абрад. Прыходзяць нават бабулі, якія ледзь ходзяць. Кажуць, у 1992 годзе ў пасёлку Амяльное, які моцна пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы, заставаліся толькі дзве жанчыны. І тое сабраліся, каб “пахаваць стралу”, -- здзівіў мяне суразмоўца. -- Так любіць можна толькі сапраўдны цуд. Набіраю нумар ксяндза Леаніда НЕСЦЮКА з Гервяцкага касцёла Святой Тройцы на Астравеччыне. Пробашч якраз наводзіў парадак ля храма, садзіў новыя кветкі і касіў газон: - Якая прыемная навіна! -- пачула радасны голас айца Леаніда. -- Храм таго заслугоўвае. Нягледзячы на сваю архітэктурную статычнасць, не стаіць на месцы. Нядаўна ўсталявалі тут сапраўдны шэдэўр -- унікальныя каваныя вароты. У Беларусі больш няма нічога падобнага. Спецылісты пагаворваюць, мастацкая каштоўнасць Гервяцкіх варот заслугоўвае міжнароднага прызнання. Касцёл пастаянна ўдасканальваецца. Малюем сцены ўнутры, заказваем вітражы. Хутка храм зайграе ва ўсёй каляровай гаме. І тады яго можна будзе назваць сапраўдным цудам. Дзякуй “Народнай газеце”, што не абмінае такія ЦУДоўныя аб’екты.
Вельмі абрадавалася навіне Наталля КЛЯВЕЦ, настаўніца геаграфіі Ганцавіцкай сярэдняй школы №3, тым больш што і сама галасавала за гідралагічны заказнік “Падвялікі мох”: - Заказнік нездарма ўзяты пад дзяржаўную ахову. Унікальныя расліны, цікавыя жывёлы... Мы часта наведваемся туды з дзецьмі. Ездзім з вучнямі ў велапаход па экалагічнай сцежцы. “Падвялікі мох” варты звацца цудам. Гэта ж не толькі візітоўка нашага раёна, але лёгкія ўсёй Еўропы!
Валерый ГУБІН са Шклова прызнаўся, што іх гарадская Ратуша, якая выйшла ў фінал нашага праекта, для яго яна не проста архітэктурны здабытак -- а дарагое і амаль роднае месца. Спадар Валерый працуе ў гімназіі і гісторыка-краязнаўчым музеі, якія размяшчаюцца якраз ў будынку Ратушы. -- Нездарма наша Ратуша выйшла на рэспубліканскі этап галасавання. Яна адзіная ў Беларусі, якая захавалася ў першапачатковым выглядзе. У 99-м яе адрэстаўравалі і перадалі школе. Пазней тут з’явіўся музей, у якім нямала месца адведзена менавіта гісторыі Ратушы. Не толькі ў музеі, але і на занятках я стараюся даць дзецям як мага больш цікавых звестак пра прыгажуню нашага горада. Вядома, што ў будынку Ратушы размяшчаліся гандлёвыя рады і праходзілі буйныя кірмашы. Будзем спадзявацца на перамогу нашага цуда. Гэта, безумоўна, стане падарункам для ўсіх шклоўскіх гараджан.
Соф’я ЯКІМОВІЧ -- стараста вёскі Мосар Глыбоцкага раёна. Ведае пра ўсё і ўсіх. Навіна ж ад “Народнай газеты”аб тым, што Мосарскі касцёл выйшаў у фінал “Сямі цудаў Беларусі”, аказалася крыху нечаканай. Але вельмі радаснай: - Гэта гонар для нас! Калі б не касцёл, была б наша вёсачка глухой, як многія іншыя. Цікава, што храм ніколі не зачыняўся, як іншыя, не перабудоўваўся ні ў склад, ні ў клуб. Парафіяне ўтрымалі. Дзякуючы пробашчу Бульцы, якога, на жаль ужо няма з намі, тэрыторыя вакол касцёла зайграла прыгожымі фарбамі. Ідзеш і адпачываеш душой. Часта за вадой ездзім да святых крынічак. Яшчэ пры жыцці Булькі там былі выяўлены з два дзесяк карысных кампанентаў.
Ганна МАНЬКО, карэспандэнт газеты “Новости БелАЗа», не раз тэлефанавала ў “Народную газету” і цікавілася, як праходзіць галасаванне. Усё нецерпелася даведацца, ці выйдзе родны БелАз у фінал. Таму званок ад “НГ” стаў для яе прыемным сюрпрызам: -- Мы ўсім калектывам галасавалі за БелАЗ! Вельмі прыемна, што недарэмна. Шостая частка насельніцтва Жодзіна занята на БелАЗе. Так атрымоўваецца, што хоць хтосьці з сям’і працуе на заводзе. Ёсць нават цэлыя дынастыі. А яшчэ прыемна, што БелАз ведаюць. Гаворыш, што ты з Жодзіна -- адразу чуеш у адказ: “А, там жа БелАЗ”. Завод варты называцца цудам. Гэта ж феномен, што спачатку з’явіўся завод, а пасля вакол яго пачаў забудоўвацца горад...
Шчыра прызнаюся, было прыемна пачуць радасць і гонар у словах маіх суразмоўцаў. Людзей, якія не проста праходзяць міма цудаў, якія іх любяць, якія імі ганарацца і мараць каб пра іх ведала як мага больш людзей. Ведаю, што і ўсе вы такія -- аматары-краязнаўцы, адданыя сваёй радзіме і вашым цудам. Не абмінайце ж іх сваёй увагай і надалей. У хуткім часе на сайце www.ng.by распачнецца фінальны рэспубліканскі этап галасавання, па выніках якога мы вызначым сем самых сапраўдных, чароўных і незвычайных ЦУДАў Беларусі!
А каб вам было лягчэй зрабіць выбар, на старонках “НГ” мы абавязкова пазнаёмім вас падрабязна з усімі сарака двума фіналістамі. Заставайцеся з намі -- вандроўка абяцае быць цікавай!