Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Венскую оперу?

Источник материала:  
03.06.2011 11:08 — Новости Культуры

Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Венскую оперу?

BLOG.TUT.BY
У тэатральным свеце існуе вельмі мала сцэн, выступіць на якіх — запаветная мара самых знакамітых артыстаў, а трапіць у глядзельную залу якіх — мара самых патрабавальных тэатралаў. Упэўнены, што ў пералік гэтых сцэн абавязкова трапяць пяць самых прыгожых тэатральных будынкаў: парыжская Гранд-опера, адэскі Тэатр оперы і балета, міланская Ла Скала, нью-йорская Метраполітэн-опера і— Венская опера.

Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Венскую оперу?
Будынак Венскай оперы. Фота аўтара

Падчас вандроўкі ў Аўстрыю мне пашанцавала трапіць у апошні з прыведзенага пераліку тэатр, убачыць яго глядзельную залу і багата аздобленыя інтэр’еры. Запрашаю на віртуальную экскурсію.

“Лятучая мыш” — гэта А, В ці С?

Скажу адразу: летам артысты яшчэ адпачываюць, таму тэатральны сезон не распачаўся. Але Венская опера, таксама, як і Гранд-опера, праводзіць дальнабачную палітыку — дазваляе ўбачыць глядзельную залу, сцэну, шматлікія фае пад час экскурсіі. Папулярызацыя опернага і балетнага мастацтва? Бясспрэчна! Магчымасць далучыцца і захапіцца, а пазней — і трапіць сюды пад час прэм’еры? Вядома!

Парыжская Гранд-опера і Венская опера адрозніваюцца тым, што самастойнае азнаямленне з апошняй забаронена (мяркую, гэта звязана з рамонтам, які падчас летняга зацішша адбываўся ў будынку). Цікава, што экскурсія для рускамоўнай групы ладзіцца толькі адна на працягу ўсяго дня. Найбольш часта ў будынак прыходзяць нямецкамоўныя і англамоўныя турысты. Крыху радзей існуе магчымасць паслухаць тлумачэнні гіда на іспанскай, французскай і кітайскай мовах. Колькасць груп — цікавы паказчык таго, турысты-тэатралы з якіх краін часцей трапляюць у сталіцу Аўстрыі.

…Такім чынам, мы знаходзімся на вуліцы Опернрынг, 2. Адсюль можна палюбавацца на будынак тэатра звонку. У адкрытай галерэі двух’ярусных лож, якія выходзяць на Рынгштрасэ, стаяць 5 бронзавых статуй: яны ўвасабляюць Гераізм, Драму, Фантазію, Камічнасць і Каханне.

Трапіць на спектаклі Венскай оперы адначасова і складана, і проста. Складана, бо тэатр амаль не ездзіць па свеце з гастролямі (нядаўняя вандроўка ў Японію — хутчэй, выключэнне з правілаў). Мяняюць тэатры і вандруюць толькі спецыяльна запрошаныя зоркі, а таксама кіраўніцтва тэатра. Кантракты падпісаны на шмат гадоў наперад.

А проста трапіць, бо гледачы з любой краіны могуць заказаць білеты праз Інтэрнет за месяц да спектакля. У залежнасці ад статуса пастаноўкі (вылучаюць катэгорыі А, В, С і гала-прэм’еры) білеты могуць каштаваць ад 9 да 254 еўра (з таго часу прыведзены кошт квіткоў мог змяніцца – Д. М.). Акрамя таго, у дзень паказу оперы або балета гледачы могуць або набыць білет у пакой для стаячых месцаў за 3,5 еўра, або проста стаячае месца за 2 еўра. Такіх самых танных квіткоў 500.

З якіх спектакляў складаецца рэпертуарная афіша Венскай оперы? Адзін раз на сезон, звычайна напярэдадні Новага года, гледачам паказваюць аперэту “Лятучая мыш” Штрауса. Але звычайна пераважаюць оперы (іх у рэпертуары 45), менш балетаў (11). Усе оперы гучаць на мове арыгінала, таму ў крэслы пярэдняга рада ўманціраваны невялічкія экраны — на іх маніторах глядач можна ўбачыць пераклад на англійскую і нямецкую мовы тэксту, які спяваецца.

Першы будынак на Рынгу

Колькасны склад трупы Венскай оперы, бясспрэчна, адпавядае яе прэтэнзіям на статус аднаго з самых значных тэатраў свету: калектыў налічвае 200 танцоўшчыкаў, 200 спевакоў, 200 музыкантаў, якія звычайна набіраюцца з аркестра Венскай філармоніі. Яшчэ 300 чалавек забяспечваюць тэатральны працэс за кулісамі… Усяго ў Дзяржаўнай оперы працуюць каля 1100 чалавек. Зрэшты, прэтэнзіі Венскай оперы на свой значны статус у сусветным мастацтве — небеспадстаўныя. За Венай трывала замацаваўся статус аднаго з цэнтраў сусветнага опернага і балетнага мастацтва.

Нагадаю, што першыя пастаноўкі італьянскіх опер у выкананні аўстрыйскай прыдворнай трупы адбыліся яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ ст. (самай першай у 1641 годзе была “Арыядна і Тэзей” Ф.Банакосі). Пасля опернай рэформы Крыстафа Вілібальда Глюка з сярэдзіны ХVІІІ ст. пачаліся пастаноўкі аўстрыйскіх нацыянальных опер (у прыватнасці, твораў Моцарта). Спярша пастаноўкі спектакляў адбываліся на сцэне “Бургтэатра”, з 1763 г. — “Кернтнертортэатра”. У 1794 годзе адкрыўся будынак Венскай прыдворнай оперы (так да 1918 г. называўся тэатр), але толькі ў 1862-м яна пераехала ў будынак па адрасе Опернрынг, 2.

Будаўніцтва новага дома для Венскай оперы мела сваю інтрыгу. Яно было даручана архітэктарам Аўгусту фон Сікардсбургу і Эдварду ван дэр Нюлу, якія выканалі будынак у стылі французскага Адраджэння. Оперны тэатр стаў першым будынкам на Рынгу (Рынгштрасэ) — вуліцы, на якой пазней было пабудавана столькі музеяў, канцэртных залаў, палацаў, што належалі прыватным асобам! Быў тут узведзены і будынак урада. Такая актыўная дзейнасць атрымала назву “эпоха Рынгштрасэ”, а ў архітэктуры з’явіўся нават стыль “Рынгштрасэ”.

Але спачатку будынак выклікаў жорсткую крытыку тагачаснага грамадства. З-за роспачы і непрызнання адзін з архітэктараў, Аўгуст фон Сікардсбург, неўзабаве памёр ад інфаркта, а другі — Эдвард ван дэр Нюл— скончыў жыццё самагубствам. Яны так і не ўбачылі ўрачыстага адкрыцця тэатра 25 мая 1869 года, пад час якога быў паказаны “Дон Жуан” Моцарта. Самае цікавае, што праз нейкі час жыхары Вены аказаліся ў захапленні ад будынка і ягонай архітэктуры.

Які першапачатковы выгляд меў тэатр, сучасныя гледачы могуць толькі ўяўляць, бо пад час бамбардзіроўкі саюзнікамі Вены 12 сакавіка 1945 года ў тэатр трапіла 5 бомбаў, якія разбурылі 70% будынка. Аднаўленне Венскай оперы адбывалася на працягу дзесяці гадоў: архітэктар Эрых Бальтэнстэрн спраектаваў частку партэра і лесвіцы, а ягоны калега Зено Козак зрабіў агульны малюнак залы. Упрыгожыла залу заслона з выявай Арфея і Эўрыдыкі з аднайменнай оперы Глюка.

5 лістапада 1955 г., амаль праз паўгода пасля вяртання Аўстрыі незалежнасці і вываду з краіны саюзных войскаў, адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця тэатра, на якой прагучаў твор “Фідэліо” Бетховена. З таго часу пачаўся адлік найноўшага перыяду ў гісторыі Венскай оперы.

Тэатр аздабляў і Агюст Радэн

Уваходзячы ў тэатр, мы трапляем на галоўную лесвіцу, якая, дарэчы, не была пашкоджана пад час бамбёжак. Паміж першым і другімі паверхамі на нас глядзяць з вышыні партрэты архітэктараў, якія пабудавалі тэатр, а таксама тры карціны, што ўяўляюць сабой алегорыю балета, трагічнай і лёгкай оперы.

Яшчэ некалькі прыступак — і мы трапляем у мармуровае фае, аформленае Морыцам фон Швіндам (ён жа з’яўляецца аўтарам “Фрэсак чароўнай флейты” ў ложы). Для яго аздаблення было выкарыстана ажно 13 відаў мармуру. На сценах — габелены, створаныя ў 50-я гады мінулага стагоддзя, якія прыадкрываюць асобныя праявы закуліснага жыцця: вось хор рэпеціруе ўрывак з оперы, вось запрошаная зорка распяваецца на незнаёмай сцэне. Цікава, што ніты габеленаў утрымліваюць ажно 12 тысяч (!) адценняў.У цэнтральным фае паміж карцінамі ў нішах-паглыбленнях — бюсты выдатных музыкантаў, якія ўзначальвалі тэатр у розныя часы: Густава Малера — кампазітара, дырыжора, опернага рэжысёра, які быў дырэктарам Венскай оперы ў 1897 — 1907 гадах. (яго бюст выкананы Агюстам Радэнам), Рыхарда Штрауса — дырыжора тэатра ў 1919 — 1924 гадах, Герберта фон Караяна — музычнага кіраўніка тэатра ў 1956 — 1964 гадах. Тут можна ўбачыць і барэльефы з выявамі кампазітараў, творы якіх гучалі ў Венскай оперы: Расіні, Моцарта, Керубіні.

Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Венскую оперу?
Адзін з інтэр’ераў тэатра. Фота аўтара

У зале Густава Малера — фактычна, гэта бакавая частка фае — падчас майго наведвання тэатра працала выстаўка, прысвечаная адной з найбольш складных і супярэчлівых старонак у гісторыі Венскай оперы: спробам захаваць тэатр пасля аншлюса Аўстрыі ў 1938 года). Для гэтага кіраўніцтва тэатра было вымушана запрасіць на адзін са спектакляў Адольфа Гітлера, а потым па патрабаванні нямецкай адміністрацыі перабудаваць рэпертуар, каб дамінавалі ў ім нямецкія оперы. Але неўзабаве на такія загады пачалі глядзець скрозь пальцы, і на сцэне гучалі папулярныя італьянскія творы, балазе Італія была тады саюзніцай Германіі. Дзякуючы гэтаму спектаклі ішлі на сцэне тэатра да 1942 года.

Падкова і Габсбургі

Цяпер скіруемся ў глядзельную залу, якая мае форму падковы. Але прадстаўнікі культурнай і палітычнай эліты звычайна туды не надта спяшаюцца. Спярша яны могуць пагутарыць у чайным пакоі, аздобленым залатой фольгай каштоўнасцю ў 22 карата. Пакой іначай называюць імператарскім, бо адна са сцен ўпрыгожана вензелем FІJ, што азначае Франц І Іосіф (Ёзэф) — імператар, які кіраваў дзяржавай у час будаўніцтва тэатра. Разам дзве літары ўтвараюць лацінскае H, якая абазначае дынастыю Габсбургаў. Чайны пакой можна арандаваць, праўда, кошт гэтага “задавальнення” 500 еўра за 20 хвілін.

Пасля праход непасрэдна ў глядзельную залу. Толькі месца эліты не сярод шараговых гледачоў, а ў імператарскай ложы перад самай сцэнай. Шчыра кажучы, глядзець адтуль спектакль нязручна. Але ложа была пабудавана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя для таго, каб падданыя маглі лепш разглядзець… свайго манарха.

А што адбываецца па той бок заслоны, вышыня якой складае 13 м? Звернем увагу толькі на тэхнічныя параметры сцэнічнай каробкі. Ад нас схавана сцэна памерам 1700 м2 і вышынёй 28 м. Пад ёй — прастора вышынёй 11 м, якая дазваляе выкарыстоўваць тэхнічныя навінкі для тэатральнай відовішчнасці. Падлога падзелена на 6 платформ, кожную з якіх можна выкарыстоўваць у залежнасці ад задумак рэжысёра.

Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Венскую оперу?
Тэатральнае закуліссе. Фота аўтара

Нарэшце ў зале гасне святло: спектакль пачаўся. Таму пакінем 2300 шчаслівых гледачоў у прыцемках і паразважаем разам: якімі шляхамі трапіць у іх лік?

Можна купіць білет на любы са спектакляў Венскай оперы. Спектаклі адбываюцца штодзень (дарэчы, заўсёды ў вячэрні час), сезон доўжыцца з 1 верасня да канца чэрвеня. Таму Венская опера ганарыцца тым, што тэатральны сезон тут адзін з самых доўгіх у свеце. Напаўняльнасць залы звычайна складае 96%, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца оперы.

Адметнасцю аўстрыйскай сталіцы з’яўляецца тое, што заможныя грамадзяне могуць купіць білеты на Венскі оперны баль. Ён ладзіцца ў будынку тэатра штогод напрыканцы студзеня — пачатку лютага. З партэра здымаюць крэслы, усе платформы сцэны падымаюць на адзін узровень, заслону падымаюць — і такім чынам плошча залы павялічваецца ажно ўдвая. Самы танны білет на баль каштуе 230 еўра, але пры гэтым не ўлічваюцца месца за столікам, ежа і напоі, таму сума набіраецца вельмі сур’ёзная.

Калі ж ад такой эксклюзіўнай з’явы, якой з’яўляецца оперны баль, вярнуцца да тэатральнага працэсу, дык варта нагадаць, што сцэна тэатра скарылася сусветнай опернай зорцы Марыі Гулегінай, якая распачынала сваю яскравую оперную кар’еру ў Мінску.

Калі ж казаць пра інтарэсы агульнабеларускія, дык варта спадзявацца, што на венскіх тэатральных памостках выступіць і трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У доўгім спісе іх гастрольных вандровак Вены пакуль што не было. Будзем спадзявацца, толькі часова…

Каментаваць гэты пост на блогу аўтара >>>

***
Дзяніс Марціновіч - беларускі гісторык, літаратурны і тэатральны крытык, журналіст.

Звяртаем вашу ўвагу, што погляд аўтара блога можа не супадаць з поглядам рэдакцыі TUT.BY
←Национальный павильон Беларуси открывается сегодня на Венецианской биеннале

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика