«Звіняць цымбалы і гармонік»
Міжнародны фестываль народнай музыкі збярэ ў Паставах звыш 600 удзельнікаў з розных краін
Сёння ў Паставах пачынаецца ХIV Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».
Удзел у ім прымаюць аматарскія ансамблі народнай музыкі, інструментальныя групы, фальклорныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы на народных інструментах з Мінска і абласцей Беларусі, а таксама з замежных краін – Ізраіля, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Украіны. Усяго, як паведамілі ў Міністэрстве культуры, на працягу трох фестывальных дзён у Паставах чакаюць звыш 600 самадзейных выканаўцаў, якія прадставяць практычна ўсе напрамкі інструментальнага фальклору.
У праграме фестывалю — конкурс выканаўцаў на народных музычных інструментах «Хто каго?», гульнявая праграма «Вечар у Паставах», выстаўка народных мастацкіх рамёстваў і промыслаў, тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб”, музычна-забаўляльная праграма «Пастаўскі баль», творчая лабараторыя, гала-канцэрт і іншыя тэматычныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
Высокі творчы і навуковы ўзровень фестывалю падтрымліваецца дзякуючы аўтарытэтнаму журы – прафесарам, народным артыстам Беларусі Міхаілу Казінцу, Міхаілу Дрынеўскаму і Яўгену Гладкову, прафесару, загадчыку кафедры Беларускай акадэміі музыкі Мірону Буле, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандру Крамко і Ларысе Рыдлеўскай, вядомаму музыканту і даследчыку, знаўцу і апрацоўшчыку народнай музыкі Віктару Малых.