Няма нічога немагчымага. Перакладамі Канта, зробленымі беларусам Мікалаем Лоскім, карыстаецца ўвесь рускамоўны свет

Источник материала:  
Няма нічога немагчымага.
Перакладамі Канта, зробленымі беларусам Мікалаем Лоскім, карыстаецца ўвесь рускамоўны свет

Нямецкія, французскія, рускія філосафы ва ўсіх у нас на слыху. А што мы ведаем пра беларускіх?! Напрыклад, імя Мікалая Лоскага ў Беларусі многія нават не чулі. А між тым гэты вучоны-філосаф канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя пакінуў значны след у культуры Расіі, Чэхіі, Славакіі, Францыі і ЗША. Стварыў своеасаблівую філасофскую сістэму, стаў заснавальнікам інтуітывізму ў Расіі, выступіў аўтарам арыгінальных прац па логіцы, этыцы і гэтак далей. Яго творчая спадчына налічвае каля 300 прац. А ідэі і сёння прыцягваюць увагу вучоных усяго свету.

Кажуць, няма нічога немагчымага. Лоскі даказаў гэта ўсім сваім лёсам. Ён нарадзіўся ў 1870 годзе ў невялікім мястэчку Крэслаўка Віцебскай губерні (зараз гарадскі пасёлак Краслава ў Латвіі, што за 3—4 кіламетры ад беларускай граніцы) у сям’і  ляснічага. Бацькі з дзяцінства прывівалі сваім дзецям, у тым ліку Мікалаю,  любоў да лесу, ракі, да беларускай прыроды ў цэлым. Таму нядзіўна, чаму Лоскі, які пражыў у Беларусі ўсяго толькі 18 гадоў са сваіх 95, заўсёды ўспамінаў аб радзіме і прызнаваў сябе беларусам. Праўда, мовы беларускай ён амаль не ведаў. Недастаткова ведаў і беларускую культуру ў цэлым, хоць і вельмі ганарыўся сваім земляком Маркам Шагалам. Справа ў тым, што Віцебская губерня была часткай Заходняга краю Расіі, і ўсё беларускае там падаўлялася. У гімназіях Заходняга краю, у тым ліку і ў віцебскай, у якой вучыўся Мікалай, панаваў строгі і люты рэжым. Лоскага, як дарэчы, і большасць навучэнцаў, выгналі з апошняга курса за “захапленне атэізмам і сацыялістычнымі ідэямі”. Аднак выпрабаванні яго не зламалі. Разам з сябрам-аднадумцам Мікалай нелегальна дабраўся да швейцарскага Берна, дзе паступіў на філасофскі факультэт. Праўда, тых грошай, што дасылала маці, не хапала: ёй, удаве, прыходзілася турбавацца пра кожнага з 15 дзяцей! І Мікалай, адчуваючы матэрыяльную патрэбу, адправіўся ў Алжыр, дзе збіраўся паступіць ва ўніверсітэт. Але ў Алжыры яго падманным шляхам завербавалі ў французскі легіён. І толькі сімуляцыя вар’яцтва дапамагла яму вярнуцца да грамадзянскага жыцця. Без грошай ў кішэні, прайшоўшы значную частку шляху пешшу, Лоскі вяртаецца на радзіму. Вучыцца крыху на курсах бухгалтараў, але нядоўга: уплывовыя сваякі дамагліся для яго права навучання ў пецярбургскай гімназіі.Атрымаўшы атэстат, Лоскі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Але паколькі яму заўсёды хацелася займацца філасофіяй, паралельна вучыўся і на філасофскім аддзяленні гісторыка-філалагічнага факультэта. Свае філасофскія веды Мікалай папаўняў на лекцыях у Швейцарыі і Германіі. Дзякуючы напружанай працы Лоскі ўскорасці стаў выдатным філосафам. У гэты час ён вучыўся не толькі сам, але вучыў і іншых, выкладаў на хатніх курсах, потым у Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Сваякі пазнаёмілі яго з Уладзімірам Салаўёвым, ужо вядомым філосафам, які даваў Лоскаму пэўныя заказы. Цяпер, напрыклад, мы карыстаемся зробленымі Лоскім перакладамі твораў Канта. Гэтыя пераклады і сёння вельмі запатрабаваныя, лічыць доктар філасофскіх навук Таццяна Румянцава.Ужо ў першыя гады сваёй самастойнай філасофскай дзейнасці Лоскі стварае галоўную працу свайго жыцця, прысвечаную праблемам інтуітывізму і іншым аспектам тэорыі пазнання. Вельмі актуальны яго твор “Свет як арганічнае цэлае”. Малады філосаф быў перакананы ў тым, што ўсё ў нашым свеце ўзаемазвязана, у тым ліку і супрацьлегласці. І можна дорага паплаціцца, калі гэтага не ўлічваць.Вядома, што ў 1922 годзе Лоскага разам з вялікай групай дзеячаў рускай культуры выслалі за мяжу. Але і ў эміграцыі Мікалай актыўна займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. Ён працаваў у  Рускім універсітэце, ездзіў з цыкламі лекцый у Варшаву, Парыж, Лондан, Бялград. Эканамічны крызіс 1929 года, рост антыславянскіх настрояў у Празе, нарэшце, акупацыя Чэхаславакіі ў 1939 годзе — усё гэта рабіла жыццё філосафа невыносным. У канцы 1941 года Лоскі прыняў прапанову заняць месца ў Браціслаўскім універсітэце. Пасля вайны Лоскі пераехаў у ЗША да свайго сына Андрэя — вядомага гісторыка. І толькі ўявіце сабе — у 75 гадоў філосаф яшчэ працягваў працаваць! Выкладаў у Рускай духоўнай акадэміі ў Нью-Ёрку, быў прызнаны ганаровым членам Міжнароднага грамадства Марка Твена. Апошнія гады філосаф правёў з сынам Барысам — вядомым мастацтвазнаўцам Францыі.Бясспрэчна, фігура Лоскага і сёння значная ў філасофскім свеце. Яго працы сталі, па выразу вядомага эмігранта Сямёна Франка, “эталонам для рускай філасофскай традыцыі”. Вядома ж, і для айчыннай культуры таксама. Пра Лоскага як знакамітага філосафа і нашага суайчынніка ў Беларусі загаварылі ў апошняе дзесяцігоддзе. У тым ліку на маштабных рэспубліканскіх чытаннях у БДУ, прысвечаных яго 130-годдзю, і на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася напрыканцы мінулага года ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі. Сёння ж Лоскага беларусы лічаць сваім. І гэта лагічна: ён сам прызнаваў сябе беларусам і марыў прыехаць на сваю радзіму.

←В Минске состоялась закрытая презентация выставки живописи Михася Рогалевича

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика