Добрая памяць у светлых танах

Источник материала:  
На адкрыццё выставы пейзажыста Васіля Мініча ў мінскай мастацкай галерэі прыехалі яго землякі з Жыткавіцкага раёна і з горада Дзяржынска
Добрая памяць у светлых танахВыстава “Беларускі пейзаж” зладжана як складнік праграмы “Memorum” — у памяць пра мастакоў Беларусі, якія завяршылі зямны шлях. Як трапна заўважыў рускі жывапісец В. Паленаў, мастацтва павінна даваць шчасце і радасць, інакш яно нічога не вартае. Творы Васіля Мініча якраз і выклікаюць душэўнае супакаенне, у іх бачна багатая фантазія аўтара, яго назіральнасць, неабыякавасць да хараства. Разам з ім мы глядзім на пейзажы Бацькаўшчыны, як праз чароўнае шкло, захапляемся прыгажосцю.
Цудадзейная прырода Палесся гадавала мастака, які нарадзіўся 8 сакавіка 1949 года ў вёсцы Сукачы Жыткавіцкага раёна. Другой радзімай Васіля Мініча стаў Дзяржынск: з 1978-га, пасля заканчэння мастацкага вучылішча імя А. Глебава, ён да апошніх дзён працаваў мастаком у райаддзеле культуры. Там і ажаніўся з Галінай — таксама мастачкай. Іх дачка Марыя, мастацтвазнаўца, стала куратарам апошняй выставы.
Васіль Мініч у свой час арганізаваў дзве персанальныя выставы ў Дзяржынску, выстаўляўся ў Мінску і ў замежжы. Ягоныя творы ёсць у прыватных калекцыях у Беларусі, Галандыі, Германіі, Польшчы, Ізраілі, ЗША, а таксама ў фондах Дзяржынскага раённага краязнаўчага музея. Памёр мастак у 2008-м, не пражыўшы і шасцідзесяці. Ды жыве пра яго добрая памяць, на выставу ў Мінск прыехала нямала землякоў з Дзяржынска, Палесся.
На выставе прадстаўлены 20 лепшых пейзажаў Васіля Мініча. Сярод іх вылучаюцца “Змярканне”, “Палескі пейзаж”, “Паводка на Палессі”, “Кветкі палявыя”, “Койданаўскі кальвініскі збор”. Глядзіш на іх — і самому хочацца наведаць берагі рэчкі Случы, прайсці скрозь лёгкую смугу туману, апынуцца ў засені бору ці ў Станькаўскім парку...
На вернісажы выступалі тыя, хто добра ведаў мастака, сябраваў з ім.Добрая памяць у светлых танах Былі прапановы наладзіць і выставы работ Васіля Мініча ў Дзяржынску, Жыткавічах, у роднай вёсцы мастака. Намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Чаган згадаў, што Васіль Мініч вылучаўся мяккім характарам, ніколі не канфліктаваў, паважаў думку суразмоўцы, нямала зрабіў для рэстаўрацыі ікон Свята-Пакроўскай царквы ў Дзяржынску. Цёпла гаварыў пра сябра і дырэктар гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаў’е”, мастацтвазнавец Мікола Паграноўскі, які разам з В. Мінічам не аднойчы наведваўся на яго радзіму. Разам выбіралі там адметныя мясціны для малявання, вудзілі рыбу на Случы. А краязнавец Анатоль Валахановіч згадаў і пра Мініча-партрэтыста, які, у прыватнасці, напісаў партрэты вядомага гісторыка Міколы Ермаловіча, партызана Андрэя Варанкова, які мужна змагаўся з фашыстамі ў Бельгіі.

Сцяпан Левановіч

←Игра в куклы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика