Новае жыццё старадаўняга фаліянта

Источник материала:  
Мінскія рэстаўратары выратавалі рарытэтнае выданне XVI стагоддзя
Новае жыццё старадаўняга фаліянтаНацыянальны гістарычны музей Беларусі ўпершыню прадэманстраваў шырокай публіцы адноўленае старадрукаванае выданне “Апостала” XVI стагоддзя. Гэтая прэзентацыя стала заключным этапам сумеснага праекта Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і Белзнешэканамбанка па рэстаўрацыі ўнікальнай кнігі.
Выданне датуецца часам пасля 1595 года і выйшла з друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Там жа, дарэчы, убачылі свет Статут і Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага. У Беларусі, на жаль, захаваліся толькі асобныя старонкі гэтых выданняў. “Менавіта таму вельмі важным з'яўляецца той факт, што такія каштоўнасці, якія належаць нашай гісторыі, культуры і спадчыне, вяртаюцца ў краіну, — адзначыў на прэзентацыі міністр культуры Беларусі Павел Латушка. — Важна, што мы памятаем свае гістарычныя карані”. Ён адзначыў, што рэстаўрацыя прадстаўленага ў музеі выдання — гэта добры прыклад супрацоўніцтва музея і камерцыйнай структуры.
Па словах дырэктара музея Сяргея Вечара, старажытны фаліянт быў набыты ў прыватнай асобы дзесяць гадоў таму. Выданне патрабавала грунтоўнай рэстаўрацыі. Над аднаўленнем першапачатковага выгляду кнігі больш за год працавалі рэстаўратары Андрэй Крапіўка і яго жонка Ірына Зялёная-Крапіўка.Новае жыццё старадаўняга фаліянта
Дарэчы, прэзентаванае выданне “Апостала” захоўваецца ў Гістарычным музеі толькі ў адным экземпляры. Сёння ж вядомы яшчэ тры экземпляры кнігі, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа.
Цяпер Андрэй Крапіўка займаецца ратаваннем яшчэ больш ранняга выдання “Апостала”, якое было зроблена рускім і ўкраінскім першадрукаром беларускага паходжання Іванам Фёдаравым у 1574 годзе ў Львове. А ўжо хутка, па словах Сяргея Вечара, пры Нацыянальным мастацкім музеі будзе створаны рэстаўрацыйны цэнтр, а пры Гістарычным адкрыецца майстэрня. Вось тады Андрэй Крапіўка зможа ажыццявіць свае даўнія мары — падрыхтаваць вучняў і разам з імі аднавіць іншыя беларускія старадрукі.

Кацярына Мядзведская

←Игра в куклы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика