У Мінску з’явіцца «Пачатак кніжных дарог Беларусі»
24 мая, у дзень славянскай пісьмовасці, на ганку кнігарні «логвінаЎ» а 16.00 будзе ўрачыста адчынены «Пачатак кніжных дарог Беларусі». «Нулявы кніжны кіламетр» уяўляе сабой намаляванае кола. У кола ўпісаны сляды, на якія — каб адчуць сваю даўдзельнасць да кнігаробства і кнігалюбства, — можа стаць кожны ахвочы.
«Каб выдаць ці напісаць добрую кнігу, высвятляецца, трэба як след павандраваць, — кажа арт-дырэктар кнігарні «логвінаЎ» Павал Касцюкевіч. — Успомнім Скарыну, які выправіўся ажно ў Прагу, адно каб змагчы выдаць «Псалтыр», або Быкава, які абабіў безліч франтавых дарог, перш чым напісаў свае шчымлівыя творы. Кніга — заўсёды падарожжа, фізічнае і разумовае, і мы, у выдавецтве «Логвінаў», вырашылі акрэсліць яго хаця б сімвалічны пачатак».
Цікава, што ў адрозненні ад традыцыйных «нулявых кіламетраў», у кніжным пачатку каардынатаў Беларусі адлегласць будзе пазначацца не да гарадоў свету, а да месца жыхарства выбітных літаратараў, сусветных і беларускіх (Гамера, Дантэ, Скарыны, Караткевіча). А вось адлегласць да сучасных паэтаў і пісьменнікаў, якія жывуць у Мінску, будзе ўказана ў кроках ды іншых мінскіх вымярэннях (коштах таксоўкі, прыпынках метро).
«Пачатак кніжных дарог Беларусі» адкрые пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Кнігарня «логвінаЎ» знаходзіцца на пр. Незалежнасці 37А, у адным будынку з Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» і барам «Малако» (гэта ў дварах за домам «Подзвіг народа», што на плошчы Перамогі).