Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі: "Кіно для мяне - вельмі асабістая справа"

Источник материала:  
17.05.2011 10:33 — Новости Культуры

Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі: "Кіно для мяне - вельмі асабістая справа"


Упершыню ў рамках міжнароднага кінафестывалю ў Канах 11-22 мая дзейнічае беларускі павільён. Новы дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Алег Сільвановіч днямі вярнуўся з Канскага кінафестывалю, на якім адкрываў беларускі павільён. "Звязда" першая атрымала ў Алега Ігаравіча эксклюзіўную інфармацыю. 

Мы размаўлялі не толькі пра першы беларускі павільён на Канскім кінафестывалі, але і пра асаблівасці працы Алега Ігаравіча. Бо літаральна ў лютым бягучага года ён заступіў на пасаду дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі. Тым не менш, ён ужо дакладна вызначыўся, па якім шляху будзе рухацца яго структура, каб беларускае кіно знаходзілася ў выйгрышы. У дырэктара было столькі эмоцый пасля важнага замежнага падарожжа ў Каны, што канкрэтныя факты пра наш першы павільён там перамяжоўваліся з культуралагічнымі адступленнямі і імпэтам жэстыкуляцый, каб як мага больш дакладна перадаць усю палітру пачуццяў. Наогул, калі Алег Сільвановіч вымаўляе слова "кіно", вочы ў яго свецяцца. "Кіно для мяне — гэта вельмі асабістая справа", — прызнаецца ён як чалавек, кінакрытык і чыноўнік. І абяцае вялікія змены ў працы Дэпартамента, бо цяпер прыярытэтным для яго будзе менавіта кінамастацтва. Папяровая валтузня і стварэнне эфекту бурнай дзейнасці павінны сысці ў нябыт.

Настольная лямпа ў кабінеце Алега Сільвановіча ўжо ўпрыгожана кавалачкам ружовай стужкі, якую ўрачыста разразалі на адкрыцці першага беларускага павільёна ў Канах сам Алег Ігаравіч, Алег Лукашэвіч, кіраўнік павільёна і Мірыям Араб, дырэктар Канскага кінарынку. "Яна, дарэчы, не прысутнічала на адкрыцці павільёна больш ні ў кога", — па-добраму хваліцца за беларусаў Алег Сільвановіч.

Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі: "Кіно для мяне - вельмі асабістая справа"

У Каны з любоўю

— Упершыню ў гісторыі беларускага кіно мы адкрылі беларускі павільён у рамках Канскага кінафестывалю. Гэта не значыць, што ўсе адразу праблемы вырашаны з фінансаваннем і ўдзелам беларускіх фільмаў у замежным міжнародных кінафестывалях высокага ўзроўню. Не, гэта толькі візітоўка краіны, пачатак. Дзякуючы намаганням усіх арганізатараў (а гэта Міністэрства культуры, Белдзяржтэлерадыёкампанія, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", а таксама спонсары — прыватныя фірмы прадстаўніцтва "Пежо" ў Беларусі і кампанія "Бульбаш") беларускі сцяг у канскім небе ўсё-ткі лунае. Павільён займае 25 кв. м — крытая прастора, і 25 кв. м — прастора тэрасы, на якой усталяваны сталы, крэслы, парасоны...

— Трэба было ехаць, каб самім пераканацца, што беларускае кіно, нягледзячы на нашыя ўяўленні тут пра свой прадукт, усё-ткі ведаюць. У першы ж дзень адборшчык фестывалю дакументальных фільмаў завітаў да нас з мэтай набыць некаторыя беларускія дакументальныя фільмы даўніх гадоў. Напрыклад, мы дамовіліся аб продажы фільмакопіі стужкі "Насельнікі", якую Артавазд Пеляш'ян зрабіў на "Беларусьфільме" ў 1971 годзе . Колькі яна будзе каштаваць пакуль сказаць нельга, але прадстаўнікі "Беларусьфільма" паведамілі, што "Насельнікаў" у іх перыядычна набываюць. Цікавіліся і сучасным беларускім дакументальным кіно.

— У нашым павільёне прадстаўлены не толькі фільмы кінастудыі "Беларусьфільм". Там ёсць фільмы і Белтэлерадыёкампаніі, і дакументальныя фільмы "Белвідэацэнтра", там прадстаўлена прыватная кампанія "Сінемарэк". Гэта візітоўка кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, гэта візітоўка ўсёй нашай краіны. Таму што зараз там у рэжыме нон-стоп круцяцца дакументальныя ролікі пра самую краіну, яе традыцыі, сімволіку, мастацтва, спорт, дасягненні ў навуцы, тэхналогіі, пра яе прамысловы патэнцыял і лакацыі (месцы для кінематаграфічных здымкаў). Мы разумеем, што беларускі кінематограф — гэта частка нашай краіны. І, адпаведна, праз яго прызму мы паказваем усю нашу краіну на міжнародным кінафестывалі ў французскіх Канах.

— Наш павільён стаіць недалёка ад адкрытай зоны, дзе ходзяць мінакі. Наогул, павільённая зона — гэта закрытая зона, у павільёны не могуць патрапіць староннія, людзі неакрэдытаваныя. Але міма беларускага павільёна праходзілі звычайныя людзі. Яны бачылі наш сцяг, герб, бачылі лагатып "Беларусьфільма" і спыняліся, зацікаўленыя. Вельмі часта спыняліся нашыя суайчыннікі, якія ўжо даўно жывуць за мяжой. Былі прадстаўнікі беларускай дыяспары з Канады, Аўстраліі. І, канешне, яны вельмі кранальна гаварылі. Яны яшчэ больш беларусы там, чым мы тут. У іх такі патрыятызм, які я б нават назваў крыху агрэсіўным. Яны падтрымліваюць бадай усе пачынанні кіраўніцтва краіны. Гэта мяне крыху здзівіла, таму што звычайна за мяжой я чую крытыку.

— Сёлетні павільён — гэта не разавая акцыя, ён павінен стаць штогадовым і працаваць на прафесійнай аснове. Мы будзем рыхтаваць яго загадзя, збіраць у адно цэлае ўсіх вытворцаў фільмаў на тэрыторыі Беларусі, як прадзюсараў, так і дыстрыб'ютараў, пракатчыкаў, рэкламшчыкаў. Для таго, каб гэты павільён стаў такім пасольствам беларускага кінематографа ў Канах. Каб мы маглі працаваць там па рэалізацыі сваіх праектаў. Вялікі інтарэс выклікаў наш фільм "Рыжык у Залюстрэччы". Яго можна было б злёту прадаць, але для гэтага яго трэба было папярэдне букіраваць і выстаўляць у сетку паказу. Гэта тое, што мы павінны зрабіць у наступным годзе.

— Адна з самых галоўных задач у Канах для Беларусі — пошук партнёраў для сумесных пастановак. Таксама мы вызначаемся з неабходнасцю падпісання Еўрапейскай канвенцыі пра сумесную кінавытворчасць. Гэта дазволіць нам развіваць стасункі не толькі паміж прыватнымі партнёрамі, але і паміж дзяржаўнымі фінансаваннямі, удзельнічаць у еўрапейскіх праектах дзяржаўнага ўзроўню. Ніхто не гаворыць пра тое, што мы зараз не можам гэта рабіць. Але Канвенцыя значна б аблегчыла гэтую сітуацыю. Дарэчы, зараз мы працуем над сумеснай пастаноўкай з Польшчай. Яны гатовыя ўкласці туды мільён долараў, мы са свайго боку таксама. Сярэдні кошт вытворчасці фільма для невялікіх еўрапейскіх дзяржаў — ад 1 да 2 млн долараў. Паралельна я займаўся ў Канах пошукам кінашкол для стажыровак маладых беларускіх кінематаграфістаў.

— Канскі кінафестываль — гэта такі добры халодны душ. Так ці інакш, у чыноўніка вельмі шмат "папяровай" працы — гэта таксама, безумоўна, вельмі важна, але ты перыядычна пачынаеш забываць пра самае галоўнае. А самым галоўным для Дэпартамента з'яўляецца беларускае кіно. Нішто не можа апраўдаць недастатковую ўвагу непасрэдна да кінематографа. І ў Канах ты разумееш, што знаходзішся ў прафесійнай суполцы, а з ёй нельга быць недакладным. Там ты разумееш, што мы маглі б паказаць сябе лепш і былі за дзве хвіліны ад поспеху, і стараешся ўлічваць гэта ў будучым.

— Калі ў Беларусі з'явіцца дастойная карціна, то мы прыкладзём усе намаганні для таго, каб гэтая карціна апынулася ў паказе Канскага кінафестывалю. Безумоўна, пра асноўны конкурс гаварыць рана, але вось конкурс "Асаблівы погляд" — гэта даволі рэальна для нас.

— Вось я ўсё распавядаю, што па павільёнах у пошуках цікавага блукаюць адборшчыкі розных кінафестываляў. Наш адборшчык там таксама ёсць. У Каны паехаў праграмны дырэктар ММКФ "Лістапад" Ігар Сукманаў. Магчыма, яму ўдасца выбраць некалькі карцін для паказу ў конкурсах нашага "Лістапада".

"Кіно — гэта мой асабісты інтарэс"

— Мне вельмі пашчасціла з назначэннем, таму што я фанатык, я займаюся той справай, якую люблю больш за ўсё. Я з 16 гадоў хацеў займацца кінематографам, я хацеў быць кіназнаўцам, кінакрытыкам, я атрымаў адукацыю, скончыў ВГІК, аспірантуру пры ім. Але неўзабаве разваліўся Савецкі Саюз, і раптоўна разваліўся беларускі кінематограф. Для мяне гэта была асабістая трагедыя. Зараз, дзякуй Богу, адбываецца пэўнае адраджэнне беларускага кінематографа. І я вельмі рады, што я разам з ім сёння.

— Дэпартамент — гэта не назіральная структура і не дубінка над кінематаграфістамі. Гэта каардынацыйны цэнтр, асноўнае прызначэнне якога — дабіцца выніку ў выкананні мастацкіх і дзяржаўных задач. Першае, што я зрабіў, калі прыйшоў на гэтую пасаду, — забараніў выкарыстоўваць у адрас любога фільма слоўцы кшталту "фільмец", "кінцо" і г. д. Да таго ж я патрабую ад усіх сваіх супрацоўнікаў глядзець беларускія фільмы. Не толькі сучасныя, яны вывучаюць яшчэ і гісторыю беларускага кіно.

— Змены, якія плануе Дэпартамент у галіне беларускага кінематографа, вельмі кардынальныя. Мы хочам дабіцца таго, каб фінансавы партфель кінастудыі "Беларусьфільм", у прыватнасці, папаўняўся не толькі за кошт бюджэту. Імгненна мы гэта не зменім, але паступова будзем да гэтага ісці. Вядома, я гатовы да таго, што будзе вельмі шмат крытыкі ў адрас Міністэрства культуры і Дэпартамента па кінематаграфіі... Будзе вялікая колькасць скаргаў... Мы да гэтага гатовыя. Але мы разумеем таксама, што далей так жыць нельга.

— Калі зараз не прызначаны кіраўнік кінастудыі "Беларусьфільм", гэта не значыць, што кінастудыя не развіваецца. Ёсць дзяржаўная задача аб мадэрнізацыі і рэканструкцыі кінастудыі "Беларусьфільм". Рэканструкцыя павінна скончыцца да 31 снежня 2012 года, а мадэрнізацыя — да 2015 года. Я вельмі хачу пабачыць кінастудыю "Беларусьфільм" адроджанай. Гэта, безумоўна, клопат і Дэпартамента, і дырэктара Дэпартамента... Ведаеце, як гавораць у фільмах, "гэта бізнэс, нічога асабістага". Дык вось для мяне гэта, наадварот, вельмі асабісты момант, я хачу пабачыць новую кінастудыю, хачу да гэтага моманту дажыць. І не важна, на якой пасадзе.
 

←Великолепный

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика