Ледніковыя прышэльцы. У Старадарожскім раёне можна ўбачыць камень са следам Маці Божай, а ў Шумілінскім — валун даўжынёй 11 метраў

Источник материала:  
Ледніковыя прышэльцы. 
У Старадарожскім раёне можна ўбачыць камень са следам Маці Божай, а ў Шумілінскім — валун даўжынёй 11 метраў

Малыя і вялікія, шэрыя і каляровыя, звычайныя і фігурныя... Камяні-валуны сустракаюцца ледзь не ў кожным раёне Беларусі. Шмат іх прадстаўлена і ў нашым праекце. І ведаеце, гэтыя аб’екты, як ніякія іншыя, вартыя звацца цудамі. Сёння на тэрыторыі Беларусі тысячы і тысячы валуноў (так называюць камяні ад дзесяці сантыметраў да пяці і болей метраў у папярэчніку). Найбольш буйныя ахоўваюцца дзяржавай. Вядома, што ўсе яны чужаземцы. Іх прыцягнулі на нашу тэрыторыю вялізныя мацерыковыя ледавікі, якія за апошні мільён гадоў неаднаразова пакрывалі Паўночнае паўшар’е Зямлі. Сваім незвычайным і таямнічым паходжаннем валуны здаўна прыцягвалі ўвагу чалавека. Пра іх складалі легенды і паданні, расказвалі быліны, ім прыпісвалі чарадзейную сілу. А што сёння хаваюць у сабе гэтыя маўклівыя старажылы? Якія падзеі памятаюць? Якой моцай валодаюць? І якія веды нясуць нам, нашчадкам?

Самы вялікі валун у краіне знаходзіцца ў Шумілінскім раёне паблізу вёскі Горкі. Ён так і завецца — Вялікі камень. Яго даўжыня 11 метраў, а вага больш як 800 тон, і гэта толькі яго трэцяя, надземная частка.

Беларускія “стоўнхенджы”

Магутнасць і цвёрдасць валуноў заўсёды прымушалі людзей адчуваць іх унутраную сілу і моц. Камяні ўспрымаліся нашымі продкамі як надчалавечыя істоты, а часам нават абагаўляліся. Ім давалі імёны язычніцкіх багоў (Пярун, Дажджбог, Вялес), людзей (Сцяпан, Дзям’ян, Мар’я), назвы прафесій (Кравец, Ткач, Князь) ці жывёл (Бык, Кабыла, Змей). І заўсёды, прыпісваючы магічную сілу, пакланяліся ім ці выкарыстоўвалі іх у сваіх рытуалах і малітвах. Пра гэта сведчаць не толькі асобныя камяні, але і цэлыя групы валуноў. Кажуць, на тэрыторыі Беларусі былі збудаванні накшталт англійскага Стоўнхенджа. Дарэчы, іх сляды можна і сёння знайсці на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, пад Дубкамі Аршанскага раёна ці на возеры Янова ў Полацкім раёне, дзе ружовыя і чырвоныя валуны раскладзены ў пэўным парадку, нібыта служылі нашым продкам астранамічнай абсерваторыяй і месцам ахвярапрынашэнняў. Кажуць, і сёння камяні дзіўнага “стоўнхенджа” самастойна мяняюць сваё месцапалажэнне і нават знікаюць.

Божы камень

Праз стагоддзі, калі на змену язычніцтву прыйшло хрысціянства, змянілі свае адносіны да камянёў і людзі. У многіх з іх яны ўбачылі святыні. Так, у Любанскім раёне, непадалёку ад вёскі Ператок, у полі ляжыць незвычайнай формы камень — велікан з мудрагелістымі ўнутранымі хадамі, аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Па меркаванню вучоных, яму каля 375 мільёнаў гадоў. Вядома, пакланяліся каменю яшчэ ў язычніцкія часы. Мясцовыя жыхары і сёння перакананы ў тым, што камень валодае магічнай сілай, асабліва ў маладзік, і называюць яго Божым, ці Святым. Да каменя прыходзяць людзі з навакольных і аддаленых вёсак, просяць пазбавіць ад хвароб, бед. Вада, што збіраецца ў ячэйках і загадкавых хадах, лічыцца гаючай. Яе збіраюць і выкарыстоўваюць для прыгатавання розных настояў і лекаў. Камень-лекар ёсць і ў Старадарожскім раёне. Як гэта ні дзіўна, акурат у цэнтры каменя выразна відаць след чалавечай нагі 37-га памеру. Мясцовыя жыхары вераць, што ён належыць Божай Маці, якая надзяліла камень цудадзейнай сілай. Лічыцца: калі прыкласці нагу да адбітка, хваробы праз некаторы час адступяць.

Крыжыкі-нулікі

Дарэчы, розныя надпісы, выявы, знакі на камянях рабіліся і спецыяльна. Яны падкрэслівалі прыналежнасць тэрыторыі таму ці іншаму гаспадару, служылі для прасторавай арыентацыі ці выступалі як магічныя абярэгі людзей і жывёлы. Дакладна можна сказаць, што арыентуючае прызначэнне мелі Барысавы камяні, якія знаходзіліся на Заходняй Дзвіне каля Полацка, і Рагвалодаў камень каля Оршы. Але дзякуючы таму, што на іх былі высечаны імёны старажытных беларускіх князёў Рагвалода і Барыса, яшчэ і паказвалі, хто з’яўляецца ўладальнікам гэтых зямель.Знакамі ў выглядзе крыжоў пасля прыняцця хрысціянства ўпрыгожваліся магільныя і часам мемарыяльныя камяні. У спіс помнікаў краіны занесены валуны з высечанымі каталіцкімі і праваслаўнымі крыжамі, якія ляжаць уздоўж дарогі ў вёсцы Патапавічы Ляхавіцкага раёна. На некаторых з іх беларускі археолаг Міхась Чарняўскі выявіў лічбы “1683”. Па яго меркаванню, гэта сведчанне таго, што беларускія ваяры, у тым ліку з вёскі Патапавічы, удзельнічалі ў разгроме туркаў пад Венай. Там у 1683 годзе адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы. Верагодна, патапавіцкія воіны там загінулі, а на іх радзіме былі ўстаноўлены мемарыяльныя валуны з выявамі крыжа і датай гібелі.

Камень кахання

З беларускімі валунамі звязана вельмі шмат легенд і паданняў. І гэта яшчэ адна прычына называць камяні цудам. Як правіла, каменных “волатаў” народ “уплятае” ў гісторыі кахання. Так, напрыклад, на камені ў Брагінскім раёне, па легендзе, сядзелі Ілжэдзмітрый I і польская прыгажуня Марына Мнішак. І быццам менавіта тут Ілжэдзмітрый прапанаваў Мнішак стаць яго жонкай. Сёння сярод мясцовых жыхароў бытуе павер’е: калі маладыя людзі, уступаючы ў шлюб, пасядзяць на гэтым камені, то будуць моцна кахаць адзін аднаго, асабліва калі абмяняюцца кавалачкамі каменя.Незвычайную гісторыю распавядае старажытная легенда пра з’яўленне каменя ў Докшыцкім раёне. Жыў-быў кравец Сцяпан, які закахаўся ў прыгажуню Вільяну. Не ведаў хлопец, што дзяўчына адказвае яму ўзаемнасцю, і надумаў за дзявоцкае каханне аддаць душу д’яблу. Але нячыстаму падалося гэтага мала. Ён запатрабаваў, каб Сцяпан разбіў свой крыжык аб камень. Толькі памкнуўся Сцяпан гэта зрабіць, як сам ператварыўся ў камень. Даведалася Вільяна сумную навіну, кінулася ў поле, абняла камень рукамі ды заплакала. Галасіла яна дзень і ноч, а раніцай з-пад каменя прабілася крыніца. Вільяна памерла, а крыніца ператварылася ў рэчку, якую назвалі Вілія.

Як бачым, хоць моўчкі, але шмат могуць расказаць нам каменныя старажылы. І здаецца, цікавасць да іх ніколі не зменшыцца. Калі вы лічыце, што гэтыя ці іншыя камяні-валуны вартыя звацца цудамі — заходзьце на сайт www.ng.by і галасуйце.

←Летящей походкой! Корону "Королевы Весны-2011" завоевала студентка из Витебска Божена Богинская

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика