“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню

Источник материала:  
28.04.2011 18:15 — Новости Культуры

“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

TUT.BY працягвае знаёміць наведнікаў партала з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Сёння шукаем сляды славутых віленчукоў, якія на пачатку 20 стагоддзя хоць і не належалі да беларускага нацыянальнага руху, але сімпатызавалі і так ці інакш падтрымлівалі яго.
 
Зыгмунт Нагродскі (1866-1937)
 
У доме № 9 на былой вуліцы Малая Пагулянка (сёння — Pylimo gatve, 9) на скрыжаванні 19 і 20 стст. жыў вядомы грамадска-палітычны дзеяч Вільні Зыгмунт Нагродскі. Пачынаючы разам з будучым начальнікам Польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудскім, Нагродскі паступова адышоў ад ідэі польскага шавінізму ў бок краёвасці. “Краёўцы” спавядалі ідэалогію палітычнай нацыі, да якой адносілі ўсіх карэнных жыхароў гістарычнай Літвы, незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці.
 
“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Дом, у якім жыў Зыгмунт Нагродскі
 
Прачытаўшы першы зборнік Багушэвіча "Дудка беларуская" (1893), паляк Нагродскі займеў вялікую сімпатыю да беларускага адраджэння. Ён фундаваў другое выданне “Дудкі” ў Кракаве (1896) ды пасябраваў з самім аўтарам — Багушэвічам, які прынамсі раз на тыдзень бываў у яго дома на Малой Пагулянцы. Пасля Нагродскі наведваў Багушэвіча ў радавым маёнтку ў Кушлянах, а калі “бацькі беларускай літаратуры” не стала (1900), напісаў верш “На памяць зычліваму для сям’і” ды захоўваў ягоную творчую спадчыну.
 
Уладальнік склада-крамы сельскагаспадарчых машын у Вільні, Нагродскі любіў публічна чытаць беларускія вершы ў сялянскай світцы ды фінансава падтрымліваў выданне “Нашай нівы” і іншыя ініцыятывы беларускіх адраджэнцаў.
 
Цяпер у былым доме Нагродскага месціцца прыватны медычны цэнтр.
 
Тадэвуш Урублеўскі (1858-1925)
 
Па сённяшнім адрасе L.Stuokos-Gucevičiaus, 9/7 у другой палове 19 — пачатку 20 ст. жыў карэнны віленчук і знакаміты ўладальнік адвакацкай канторы Тадэвуш Урублеўскі. Яго дзядзька Валеры Урублеўскі быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і генералам Парыжскай Камуны, а бацька заснаваў першую публічную бібліятэку ў Вільні.
 
Дзейнасць Тадэвуша Урублеўскага была знітавана з беларускім рухам. У розныя гады ён бараніў бараніў у судах ад расійскіай імперскай і польскай шавіністычнай рэакцыі рэдактара-выдаўца “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава, беларускіх настаўнікаў на чале з Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам), дзеячаў беларускага руху на знакамітым “працэсе 45-ці” у Беластоку (1923)...
 
Прыхільнік краёвай ідэі, ён выступаў за добрасуседскае суіснаванне літоўцаў, беларусаў і палякаў, а ў лютым 1918 годзе вітаў абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, адзначыўшы, што супадзенне нацыі і дзяржавы ёсць аптымальным вырашэннем нацыянальных праблемаў.
 
Сямейную бібліятэку, якая налічвала 98 тысяч каштоўных кніг і 28 тысяч манускрыптаў Урублеўскі пакінуў ў спадчыну гораду. Унікальны збор стаў асновай для Дзяржаўнай бібліятэкі Яўстаха і Эміліі Ўрублеўскіх. Сёння гэта Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Žygimantų, 1/8).
 
“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Дзяржаўнай бібліятэка імя Урублеўскіх. Фота: nedelia.lt
 
Тадэвуш Урублеўскі быў пахаваны (1925) на могілках “Росу” (Rasų, 32). Яго імя носіць вуліца блізу Кафедральнага сабору.
 
Фердынанд Рушчыц (1870-1936)
 “Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Сын беларускага шляхціча і датчанкі, Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданаў каля Валожына, дзе стварыў свае асноўныя жывапісныя творы. З 1909 года мастак-класік з большага жыў у Вільні, што стала цэнтрам ягонай грамадскай актыўнасці.
 
У той час штонядзелю па панядзелках у кватэры Рушчыца на Зарэччы (Užupio, 24) збiраўся квецень вiленскай культуры. “Нiякiх “захожых” гасцей не бывала, зразумела, пад час "сімпозіўмаў". Нiколi нiхто не гаварыў па-расейску. Падсiлкаваўшыся, падпiўшы, пачыналi — хтосьцi ўжо дэкламуе, хтосьцi грае, хтосьцi спявае... калi не, то перашкаджаюць, падымаючы сур’ёзныя тэмы пра лёс краю", — узгадваў публiцыст Чэслаў Янкоўскi.
 
Рушчыц стаяў ў першых шэрагах адраджэння Віленскага ўніверсітэту (тады — універсітэту Стэфана Баторыя). Стварыў мастацкі факультэт, дзе працаваў прафесарам (да 1932 г.), рэстаўраваў універсітэцкія будынкі, прапанаваў назвы для панадворкаў альма-матэр... На чале камітэт па ахове помнікаў гісторыі рэканструяваў Вострабрамскую капліцу, дэталёва вывучаў замкі ў Крэве, Міры, Лідзе, Гродне, рабіў замалёўкі і эцюды гістарычных мясцін.
 
“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Мемарыяльная шыльда ў двары Віленскай мастацкай акадэміі. Фота: Alma Pater, Wikipedia
З 1923 па 1934 гг. Рушчыц жыў у доме №22 па былой вуліцы Завальнай (Pilies, 22), аб чым сёння сведчыць барэльеф з надпісам па-літоўску і па-польску. Яшчэ адну мемарыяльную шыльду памяці Рушчыца можна ўбачыць у двары Віленскай мастацкай акадэміі (Maironio, 6).
 
Нягледзячы на сяброўства з лідарам нашага адраджэння Iванам Луцкевiчам, да беларускага нацыянальнага руху Рушчыц ніколі не далучыўся.
 
У 2002 годзе ў Беларусі быў выдадзены ягоны “Дзённік. Да Вільні. 1894-1904”. Унук Рушчыца — таксама Фердынанд Рушчыц — сёння ачольвае Варшаўскі нацыянальны музей.
 
Частку карцін мастака можна ўбачыць у Нацыянальнай мастацкай галерэі (Konstitucijos, 22) — філіяле нацыянальнага мастацкага музея Літвы.
 
Ян Булгак (1876-1950)
 
На былой плошчы Элізы Ажэшкі ад 1912 і амаль да сканчэння Другой сусветнай вайны месцілася фотаатэлье “бацькі польскай мастацкай фатаграфіі” Яна Булгака.
 
Народжаны ў радавым маёнтку каля вёскі Асташын пад Наваградкам (ягоны продак удзельнічаў у вайне з Масквой 1530-36 гг.), Булгак праславіўся на ўсю Еўропу сваімі здымкамі архітэктуры і відарысаў Вільні, Віленшчыны і другіх гарадоў і мястэчак Беларусі і Польшчы.
 
У ягоным атэлье, дзе рабілі партрэтныя фотаздымкі многія дзеячы беларускага адраджэння, захоўвалася ўнікальная калекцыя з 30 тысяч фотаздымкаў. На бяду, амаль уся калекцыя згарэла пасля нямецкіх бамбаванняў у 1944-м, а сам Булгак назаўжды пакінуў каханы горад.

“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Ян Булгак ля свайго фотаатэлье.
 
Нягледзячы на тое, што майстар багата фатаграфаваў беларускую фактуру і друкаваў свае здымкі ў тым ліку ў газеце "Наша Ніва", да беларускага руху ён так і не далучыўся.
 
Сёння на доме, дзе месцілася славутае фотаатэлье Булгака (Savivaldybės, 3), вісіць мемарыяльная дошка памяці “піянера польскай мастацкай фатаграфіі”.
 
Канстанцін Галкоўскі (1875-1963)
 
“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэннюУ доме на колішняй вуліцы Завальнай (сёння — Pylimo, 20) з 1918 па 1958 гг. жыў адзін з класікаў беларускага і літоўскага музычнага мастацтва кампазітар Канстанцін Галкоўскі (Галкаўскас). Ягоны бацька паходзіў з Магілеўшчыны, а маці — з вядомага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў з Міншчыны. Карэнны віленчук, Галкоўскі “вывеў беларускую музыку з рамак прымітыву”: гарманізаваў мноства беларускіх народных песень, першы ў Заходняй Беларусі напісаў музыку на вершы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Бядулі, Танка, стаў заснавальнікам беларускага рамансу.
 
Шматгадовы выкладчык Беларускай віленскай гімназіі, у 1920-30-х ён быў заўсёднікам беларускіх імпрэзаў, сябраваў з Рыгорам Шырмам і Максімам Танкам. Акампаніяваў сусветнавядомаму опернаму спеваку і беларускаму патрыёту Міхасю Забэйду-Суміцкаму на ўсіх ягоных канцэртах у Вільні (1936-38).
 
У кватэры кампазітара на Завальнай бываў увесь цвет віленскай інтэлігенцыі. “Палову пакоя, у якім працуе Галкоўскі, займае раяль, другую палову — “Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэннюрабочы стол і лавы, заваленыя кнігамі, нотамі, на сценах — партрэты кампазітараў, з якіх вылучаецца велізарны партрэт яго любімага настаўніка — Чайкоўскага”, — узгадваў пасля аднаго з візітаў да Галкоўскага Максім Танк.
 
Пэўны час кампазітар працаваў арганістам у касцёле рэфарматаў-евангелістаў, які месціўся побач з ягоным домам.
 
Народны артыст Літоўскай ССР пахаваны на Антокальскіх могілках (Karių Kapų, 11). На надмагільным помніку, гэтаксама, як і на мемарыяльнай дошцы на Pylimo, 20, ягонае прозвішча пазначана толькі ў літоўскім варыянце (Konstantinas Galkauskas).


Жадаеце адкрыць для сябе беларускую Вільню? Тады чытайце:

- Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні
- Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Пяць музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу 
- Сучасныя адрасы беларускай Вільні
- Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
- Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
- Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
- 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу

“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Старадаўняя "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні.

←30 апреля в клубе "Реактор" пройдет традиционный трибьют Metallica

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика