Душэўны голас званочка

Источник материала:  
Менавіта на Вялікдзень cкончыўся навучальны год у Нядзельнай школе, што пры Мінскім храме іконы Божай Маці. Але яшчэ на працягу некалькіх тыдняў вучні будуць ладзіць канцэрты і тэатральныя дзеі, праводзіць ранішнікі.
Душэўны голас званочкаТрэба сказаць, што школа гэтая незвычайная. Тут не ставяць адзнак, урокі доўжацца па трыццаць пяць хвілін, а аб пачатку заняткаў абвяшчае звычайны званочак. А звініць у яго, дарэчы, заўсёды старэйшая дачка дырэктара нядзельнай школы Яраслава Блізнюка. Урокі духоўнасці, безумоўна, лішнімі не бываюць. Тым больш, як гаворыць айцец Яраслаў, прыйсці ў школу можна ў любым узросце.
У гэтай школе ўжо на працягу дваццаці гадоў збіраюцца поўныя класы. Сёння тут вучацца больш за 400 чалавек. На творчых уроках дзеці малююць, лепяць, ствараюць святочныя паштоўкі для бацькоў на біблейскія тэмы. Асобныя заняткі прысвечаны музыцы і спевам. Вучаць спяваць усіх, нават дарослых. А самыя “галасістыя” ўдзельнічаюць у школьным хоры, які, дарэчы, часта прадстаўляе сваё майстэрства на конкурсах і фестывалях у розных краінах.
Перад Пакровамі, Калядамі, Вялікаднем дзеці рыхтуюць канцэрты, робяць тэатральныя пастаноўкі. Заўсёды чакаюць гэтыя святы, хвалююцца: на іх жа прыходзяць паглядзець бацькі, аднакласнікі са звычайных школ, сябры. “Перад намі стаіць задача не столькі даць веды, колькі зацікавіць, — гаворыць Яраслаў Блізнюк, — Мы павінны растлумачыць духоўны свет, зрабіць зразумелай веру”.Душэўны голас званочка
Пра жыццё святых цікава расказваюць выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, тэалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярод выкладчыкаў — і мастачка Любоў Грамыка. Яна пісала партрэты патрыярхаў праваслаўнай царквы, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, святых пакутнікаў. З заснавання школы выкладае і іконапісец Вольга Чарняк.
А вось дзякуючы настаўніцы малодшых класаў Валянціне Паўлавай на працягу дзесяці гадоў ладзяцца паломніцкія экскурсіі. Вучні ўжо шмат дзе пабывалі: зімой штогод праходзяць хрысціянскія маладзёжныя сустрэчы ў розных гарадах Еўропы, а летам працуе выязны лагер. “Сёлета мы наведвалі Галандыю, раней былі ў Бельгіі, Італіі, Швейцарыі, Партугаліі. Валянціна Мікалаеўна заўсёды сачыла за тым, каб разам з адпачынкам ладзіліся цікавыя экскурсіі па святых мясцінах”.
А ў планах самой нядзельнай школы — пошук новых цікавых формаў навучання. “Каб той, хто прыйшоў да нас, — гаворыць айцец Яраслаў, — змог вынесці думкі, якія б дапамаглі яму ў жыцці”.

Кацярына Мядзведская

←Барадачы… сiвой даўнiны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика