Музычны праект на дзве краіны

Источник материала:  
З аншлагам выступіў у французскім горадзе Нансі беларуска-французскі маладзёжны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца
Музычны праект на дзве краіныУ перапоўненай канцэртнай зале “Пуарэль” студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Нацыянальнай кансерваторыі “Гранд Нансі” разам выконвалі творы Ферэнца Ліста, 200-годдзе якога адзначаецца сёлета. У другім аддзяленні канцэрта гучала музыка вядомага беларускага кампазітара Дзмітрыя Смольскага.
Публіка горада Нансі, ужо звычная да выступленняў вядомых мясцовых і прыезджых выканаўцаў, была ўражана майстэрствам беларускіх і французскіх музыкантаў. Асабліва спадабалася гледачам віртуозная ігра на фартэпіяна беларускай салісткі — лаўрэата міжнародных конкурсаў Наталлі Котавай.
У Нансі выступілі 15 беларускіх студэнтаў з сімфанічнага аркестра “Маладая Беларусь” Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і 50 студэнтаў Нацыянальнай кансерваторыі “Гранд Нансі”.
Гэта выступленне — толькі частка беларуска-французскага культурнага праекта, які ажыццяўляецца па ініцыятыве нашага суайчынніка, вядомага ў Еўропе опернага спевака Аркадзя Валадося. Ён ураджэнец Беларусі, жыве ў Парыжы ўжо 32 гады. Дарэчы, вучыўся ў Беларускай кансерваторыі ў адны і тыя ж гады з Міхаілам Казінцом.
Менавіта ў Парыжы Аркадзь Валадось дзякуючы свайму таленту і вялікай працавітасці зрабіў кар'еру опернага спевака. Ён таксама выкладаў у нацыянальнай кансерваторыі ў Нансі. Тут і ўзнікла ў яго ідэя аб'яднаць намаганні маладых таленатаў дзвюх краін. Наладзіць выступленне дапамаглі дырэктар Нацыянальнай кансерваторыі “Гранд Нансі” Жан-Філіп Навар, мэрыя горада Нансі, Міністэрства культуры Беларусі.

Аліна Грышкевіч

←Слова от души

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика