Дзяржава і прыватнік: культурныя абдымкі. Мінкультуры мае намер зрабіць такую форму фінансавання мастацкіх праектаў, калі дзяржава і спонсары разам падтрымліваюць творчую асобу

Источник материала:  
Дзяржава і прыватнік: культурныя абдымкі.
Мінкультуры мае намер зрабіць такую форму фінансавання мастацкіх праектаў, калі дзяржава і спонсары разам падтрымліваюць творчую асобу

Калегія Міністэрства культуры Беларусі “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве і развіцці праектнай дзейнасці ў сферы культуры” прайшла ў нязвыклых умовах. Міністр Павел Латушка, журналісты, галерысты і чыноўнікі абмяркоўвалі набалелае для ўсіх пытанне ў адной з самых авангардных залаў сталіцы — галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Са сцен на ўдзельнікаў дыскусіі глядзелі знакамітыя мінчане, знятыя падчас галення, але, як пажартаваў Латушка, шакіравальныя фота не перашкаджаюць разглядаць прапановы, якія будуць улічаны пры распрацоўцы праекта Кодэкса культуры — ім у гэтым годзе пачне займацца міністэрства.

Нягледзячы на тое, што Мінкультуры пачало падтрымліваць прыватныя ўстановы ў сферы культуры і больш актыўна прыцягваць сродкі спонсараў і мецэнатаў, лічбы гавораць самі за сябе: у краіне дзейнічае толькі сем (!) устаноў культуры прыватнай формы ўласнасці. Гэта вельмі мала, асабліва ў параўнанні з дзяржаўным сектарам, які складае каля дзесяці тысяч арганізацый. Міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што асноўным кірункам у гэтай сферы на бліжэйшы час з’яўляецца развіццё інвестыцыйнай справы і стварэнне такой формы фінансавання мастацкіх праектаў, калі дзяржава і спонсары разам падтрымліваюць творчую асобу. Мецэнацтва павінна стаць прэстыжным, як у часы Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, Мінкультуры Беларусі будзе заклікаць прыватных інвестараў, спонсараў, мецэнатаў заняцца аднаўленнем помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. На думку міністра, неабходна развянчаць міф пра тое, што атрымаць у прыватную ўласнасць помнік гісторыка-культурнай спадчыны складана.— Інтэнсіўнасць культурных падзей заслугоўвае далейшага развіцця, — падзяліўся сваімі думкамі на гэты конт Павел Латушка. — Мне падаецца, што тут шмат нявыкарыстаных магчымасцей. Але дзяржаўны бюджэт не забяспечыць гэтай інтэнсіўнасці. Калі мы пачынаем дапамагаць прыватным ініцыятарам у сферы культуры, то і колькасць падзей павялічваецца, таму што павялічваецца і рэсурс, які выдаецца на гэтыя падзеі. З іншага боку, мы разумеем: прыватнік, калі ўкладвае сродкі, даволі жорстка іх кантралюе. І таму эфектыўнасць выкарыстання гэтых сродкаў таксама павялічваецца. Колькасныя, творчыя паказчыкі ўзрастаюць, эканамічныя паказчыкі паляпшаюцца. Зараз міністэрства распрацоўвае праект закона ў галіне кінематаграфіі. Дакументам прадугледжваецца дафінансаванне дзяржавай асобна ўзятай кінастужкі ў памеры 70 працэнтаў. Астатнія грошы прадзюсер павінен шукаць самастойна. Спонсарам або інвестарам фільма могуць стаць як беларускія, так і замежныя мецэнаты. Дзеля сапраўды якаснай кінематаграфічнай рэформы дзяржава будзе праводзіць адкрытыя конкурсы на стварэнне мастацкіх стужак, каб выявіць тыя карціны, якія заслугоўваюць бюджэтных сродкаў. Сістэму грантаў трэба стварыць як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўнях. Яна дазволіць заўважыць тыя пласты культуры і творчай дзейнасці, якія большасці грамадзян пакуль што нябачныя.— Ёсць шмат прыкладаў трывалых і эфектыўных дзяржаўна-прыватных стасункаў, — расказаў міністр. — Адзін з іх — адкрыццё Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, заснавальнікамі якога з’яўляюцца адзін з банкаў і ўстанова Міністэрства культуры. У якасці прыкладаў я хацеў бы прывесці фестываль Юрыя Башмета і фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”, фестываль сучаснай харэаграфіі і іншыя. Дарэчы, на фестываль Співакова дзяржава дала 100 мільёнаў рублёў. А прадзюсер сабраў з праекта 700 мільёнаў! Існуюць і іншыя прыклады. Некаторыя знаходзяцца ў праектнай стадыі. Напрыклад, “Трайпл” вызваўся адбудаваць дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. А Прыорбанк падтрымае нашых мастакоў у чэрвені на “алімпійскіх гульнях актуальнага мастацтва” на Венецыянскай біенале. Падчас дыскусіі Латушка і сам прапанаваў арыгінальны мастацка-дызайнерскі праект па аналогіі з папулярнымі ў Амерыцы і Еўропе так званымі лофтамі — зрабіць у прамысловым будынку былога тралейбуснага дэпо выставу “Тысяча мастакоў”. Ствараць заканадаўчую базу пад мецэнацтва і апякунскія праекты, зніжаць падаткі — усе гэтыя моманты, як паведаміў міністр, былі закладзены ў 77-м Указе Прэзідэнта, які быў падпісаны ў сакавіку. Але неабходна будзе падпісаць яшчэ шэраг папер і “абкатаць” рэформу на канкрэтных мерапрыемствах і фестывалях. На самай справе работнікі міністэрства гатовы абмяркоўваць розныя варыянты. Тым больш што і ровар ствараць не прыйдзецца. Ва ўсіх нашых суседзяў ужо даўно наладжана сістэма грантаў і мецэнацтва. Дастаткова будзе толькі яе перавесці на родную мову і прыстасаваць да нашых рэалій.

←На сцене — молодые семьи Военной академии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика