Сухая рака?!
Адкажыце, калі ласка, адкуль бярэ назву рака Сож?Марыя Прыходзька, Гомель
— Назва ракі Сож заўсёды выклікала цікавасць і ў мясцовых жыхароў, і ў аматараў-краязнаўцаў, і ў дыпламаваных вучоных географаў, гісторыкаў і лінгвістаў. У выніку з’явілася шмат народных паданняў, узніклі навуковыя версіі паходжання назвы.Паводле адной з версій, прапанаваных А.Ф.Рогалевым, гомельскім вучоным-тапанімістам, у аснове назвы ракі магло ляжаць слова, якое мела значэнне “балоцісты”. Вучоны абгрунтоўвае гэту версію тым, што блізкія па гучанні слову Сож рачныя імёны Усож, Сожа сустракаюцца ў басейне іншай ракі — Сейма, цячэнне якой геаграфічна прымыкае да арэалаў шматлікіх рэчак з назвамі Сазан і Сазон. Назвы гэтых рэчак тлумачацца на аснове іранскага тэрміна “саедзаен” (балоцісты). Разам з тым прафесар Рогалеў не адмаўляе і іншую, зусім супрацьлеглую версію славянскага паходжання назвы ракі. Вучоны выявіў, што на старажытных картах XVI стагоддзя рака па-лацінску называлася Nereia flumen, што азначала “цячэнне, рака Нярэя”. Геаграфічная назва Нярэя ўзыходзіць да геаграфічных тэрмінаў балцкіх моў: літоўскага nerija і латышскага nerija ў значэннях “вузкая доўгая пясчаная паласа, водмель у моры ўздоўж берага”. Верагодна, што ў мове балцкіх плямёнаў, якія насялялі Пасожжа ў перыяд да прыходу туды радзімічаў (да VIII стагоддзя), рака называлася Нярэя. Радзімічы пераклалі балцкую назву на сваю мову, і ў выніку перакладу з’явілася найменне Сож. Супастаўляючы найменне ракі з іншымі сугучнымі славянскім рачнымі назвамі, Рогалеў дапускае сувязь назвы са словам суша, а літаральна “рака, якая мае сухія месцы”, гэта значыць водмелі, пясчаныя наносы. Ёсць і іншыя тлумачэнні назвы. Так, даследчык К.Буга выводзіў назву ракі ад фінскага слова susi (воўк). Вядомыя маскоўскія вучоныя В.Тапароў і А.Трубачоў лічаць найменне ракі балтызмам. А беларускі тапаніміст В.Жучкевіч звязваў гэту назву са старажытнарускім і старабеларускім словам сожжь у значэнні “выпаленыя ўчасткі лесу, падрыхтаваныя для распрацоўкі зямельнага ўчастка”.