У госці да дзеда Талаша
Легендарны беларускі партызан любіў лавіць рыбу, а не ваяваць.
“Выпрастае прыгнутую гадамі спіну, зірне па-арлінаму: — Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варты стары Талаш!” Нават той, хто не чытаў твор Якуба Коласа “Дрыгва”, чуў пра яго галоўнага героя — легендарнага дзеда Талаша, прататыпам якога стаў беларускі селянін Васіль Ісакавіч Талаш. Яму было ўжо пад 80 гадоў, калі ён стаў камандзірам партызанскага атрада, куды ўваходзіла больш за 300 чалавек. Не звяртаючы ўвагі на свой салідны ўзрост, паляшук і сам актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. На яго долю выпала не толькі грамадзянская, але і Вялікая Айчынная вайна. Але Талаша не бралі варожыя кулі. Ён пражыў ажно да 102 гадоў. Каб бліжэй пазнаёміцца са славутым партызанам, а таксама даведацца, ці адпавядае рэчаіснасці ўсё тое, пра што напісана ў коласаўскай “Дрыгве”, карэспандэнт “НГ” наведалася ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці, дзе жыў дзед Талаш.
Чаму Колас змяніў імёны?
Першыя несастыкоўкі літаратурнага і рэальнага жыцця Талаша высвятляюцца, калі толькі пачынаю складаць маршрут. Патрэбная мне вёска Навасёлкі, што знаходзіцца ў дзевяці кіламетрах ад Петрыкава, але ў “Дрыгве” яна называецца інакш — Вепры. А наогул гэта не адзіны творчы “пралік” Коласа. І нават сам аўтар прызнаваўся ў гэтым, пра што падрабязна можна даведацца ў кнізе Мікалая Жыгоцкага “Легендарны дзед”. Так, напрыклад, у аповесці Васіль Талаш чамусьці названы Рыгорам. Змяніў беларускі класік і імёны Талашовых сыноў: малодшага Панаса насамрэч звалі Дзмітрыем, а старэйшага Максіма — Данілам. Хутчэй за ўсё разгадка гэтых “ляпаў” крыецца ў тым, што твор Колас пісаў на аснове нататкаў, якія перадаў яму ўдзельнік беларуска-ўкраінскай экспедыцыі. Адбывалася яна летам 1932 года. Вучоныя даследавалі палескі край, і адзін з іх у час знаёмства з Петрыкаўшчынай сустрэўся з дзедам Талашом і запісаў яго ўспаміны пра грамадзянскую вайну. Калі гэты цікавы матэрыял трапіў у рукі Коласа, ён настолькі захапіўся харызматычнай асобай селяніна, што прысвяціў Талашу сваю кнігу.
Як Талаш стаў прымаком
Да гэтага часу ў Навасёлках памятаюць пра свайго легендарнага земляка і як скарб захоўваюць яго рэчы — куфар, шапку, лыжку і рамень. А дапамагае гэта рабіць музей Талаша, які быў адкрыты ў 1989 годзе ў той самай хаце, якую Васіль Ісакавіч пабудаваў разам з сынамі пасля грамадзянскай вайны. — З’явіўся музей дзякуючы ўнукам Талаша. З жыллём у іх усё было ў парадку, таму дзедаву хату, якая ім была непатрэбная, вырашылі не прадаваць, а стварыць тут музей, — узгадвае жыхарка вёскі і першы дырэктар музея Кацярына Васільеўна Корж. — Дзед Талаш быў чалавек што трэба, працавіты, добры, кемлівы. У яго доме часта ладзіліся вячоркі. Ён любіў пажартаваць, расказваць цікавыя гісторыі і казкі. Дзецям падабалася слухаць Талаша, бо ён ведаў шмат прымавак і незвычайных выпадкаў з жыцця.Побач з гэтым домам стаіць яшчэ адзін, вельмі падобны на той, пра які ідзе гаворка ў “Дрыгве”. — Тая хата была спалена ў 1920 годзе, а гэта пабудавана ў адпаведнасці з ёй, — расказвае цяперашні дырэктар музея Надзея Муратшына, запрашаючы ў сенцы і ў невялічкі пакой, дзе паказаны прадметы традыцыйнага побыту палешукоў ХІХ—ХХ стагоддзяў. — Менавіта тут 19-гадовы Талаш і прыстаў у прымы: належала хата яго жонцы Пелагеі. Аказваецца, да шлюбу Васіль Ісакавіч жыў у Белцы (зараз гэта вёска — частка Петрыкава).— Талаш быў вымушаны пасяліцца ў жонкі, бо паходзіў з беднай сям’і. Яго бацька Ісак Сцяпанавіч усё жыццё гнуў спіну, аднак выдзеліць сыну зямельны надзел не змог. Так і не разбагацеў, — тлумачыць Надзея Муратшына. — І сам Васіль Ісакавіч рупліва працаваў на зямлі. Ён умеў рабіць усе хатнія справы, а наогул у сваім жыцці кім ён толькі ні быў — пастухом, бакеншчыкам, старшынёй сельсавета, лесніком, прычым апошнюю пасаду займаў ва ўзросце 100 гадоў.Паводле слоў дырэктара музея, яго наведвальнікі з цікавасцю даведваюцца пра легендарнага дзеда Талаша. Напрыклад, пра тое, як ён самааддана кінуўся з сякерай на польскага жандарма, калі той забраў апошні стажок сена, ці як стары пераправіў ноччу праз Прыпяць чырвонаармейцаў, каб схаваць іх ад ляхаў.— У жыцці Васіль Ісакавіч быў такім, як пісаў Колас. Талаш не мог цярпець несправядлівасці, таму і пайшоў у партызаны, каб абараняць сваю зямлю ад ворагаў, — расказвае пра свайго аднавяскоўца Кацярына Васільеўна Корж. — Але больш за ўсё дзед любіў не ваяваць, а лавіць рыбу. Памятаеце, як у “Дрыгве” яму прапанавалі маркі за ўлоў, але Талаш не ведаў, што гэта за дзіўныя грошы, і стаў злавацца на пакупніка. Гэта гісторыя сапраўды адбылася з ім у жыцці.
Вёска, якая не загіне
Навасёлкі карыстаюцца вялікім попытам сярод ахвотнікаў адпачынку.— Гэтаму спрыяе прырода і невялікая адлегласць ад райцэнтра, — кажа старшыня Петрыкаўскага сельсавета Анатоль Гарошка. — Летам сюды з’язджаюцца дачнікі. А вось тутэйшых жыхароў тут засталося няшмат — 44 чалавекі ў асноўным пенсійнага ўзросту. Часам росквіту вёскі стаў 1970 год, калі тут было 295 жыхароў (з іх 77 — дзеці) і пад сто двароў. Аднак я перакананы, што Навасёлкі ніколі не загінуць, бо на Прыпяці заўжды бурліць жыццё. Што ж датычыцца музея дзеда Талаша, то яго чакае рэканструкцыя.— Адрамантуем дах, створым стаянку, — дзеліцца планамі Надзея Муратчына. — На рэканструкцыю ўжо выдзелена 50 мільёнаў рублёў у рамках дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Хочам таксама пашырыць экспазіцыю, у прыватнасці зрабіць імітацыю партызанскай зямлянкі і паказаць генеалагічнае дрэва сям’і Талашоў. Пакуль яно цалкам так і не складзена. Некаторыя родныя Талаша раз’ехаліся па розных краінах (Расіі, Бельгіі, ЗША). Наогул, у Васіля Ісакавіча было два сыны і тры дачкі. Дзеці, унукі, праўнукі пераязджалі, дзяўчаты мянялі прозвішчы, сувязі губляліся... Некаторыя жывуць у Беларусі, але ўжо нічога не памятаюць пра свайго славутага продка.Дарэчы, адну з родных Талаша “НГ” пашчасціла знайсці ў Мінску. Гэта наша калега — карэспандэнт АНТ Валерыя Луцкова. Васіль Ісакавіч быў стрыечным дзядзькам яе дзядулі Паўла Стральчэні. — Прыемна, што я маю дачыненне да такой легендарнай асобы. Дзед Талаш — гэта ж частка нашай гісторыі, — з гонарам прызнаецца Валерыя.