Як у Вязынцы вясну гукалі
Як у Вязынцы вясну гукалі
Аснову свята склалі гурты традцыйных фальклорных спеваў, якія прыехалі ў Вязынку ў суботу 26 сакавіка. Сярод іх "Guda", "Квецень", "Калыханка" з вёскі Міханавічы, "Княжыч" з Полацка, "Гасцінец" з Ракава.
– Мы пастаянна ўдзельнічаем у традыцыйных святах, якія ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Апрача таго, ўжо шаснаццаць год на Полаччыне "княжычы" ладзяць традыцыйныя беларускія святы: Купалле, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Гуканне вясны, – кажа кіраўнік гісторыка-культурнага клуба "Княжыч" Вольга Антановіч. – Атрымліваецца, што вясну мы паклічам двойчы: тут, у Вязынцы, і ў Наваполацку, калі вернемся дадому.
Для нашых продкаў вясна ўвасабляла сабой пачатак новага году. Таму Гуканне з’яўляецца важным этапам ў каляндарным цыкле беларусаў. Аднаўленне ўсяго жывога пасля халоднай зімы адзначала пачатак новага земляробчага цыклу. Таму вясну заклікалі весела – спевамі, карагодамі, традыцыйнымі гульнямі і забавамі.
Апрача ўдзельнікаў паклікаць вясну прыехалі простыя гледачы, якія вадзілі карагоды-заплятанкі, гулялі ва "Удаўца", "Цяцерку" ды "Явар", танчылі ды спявалі разам з гуртамі-ўдзельнікамі.
Абрадавыя спевы не былі прызначаныя для штодзеннага выканання. Яны частка рытуалу, які спалучае час і месца. Кожны, хто гукаў вясну, браў своеасаблівы ўдзел у таямніцы змены паравіны году.
А ў Вязынцы звонкія дзявочыя галасы заклікалі замкнуць зіму ды ўпусціць вясну. І сапраўды, дзень выдаўся хоць і халодны, але сонечны. Але тыя, хто змерзлі, маглі пагрэцца гарбатай ды актыўным ўдзелам у танцах і гульнях.
Для тых, хто прыехаў проста паглядзець на свята, працаваў кірмаш раместваў і страўня, а прыгожыя спевы, вяселыя гульні і яркія фарбы традыцыйных строяў радавалі вока і душу.