З-за “чорных спісаў” сарваўся тур расійскага гурта "Тараканы!" па Беларусі

Источник материала:  
25.03.2011 10:58 — Новости Культуры

З-за чорных спісаў сарваўся тур расійскага гурта "Тараканы!" па Беларусі


Але лідар калектыву Дзмітрый Спірын паабяцаў выступіць непадалёк ад мяжы і зрабіць зніжкі для беларусаў. Таксама “Тараканы!” запісалі сумесную песню з Міхалком.

Беларуская частка тура гурта "Тараканы!", які прысвечаны 20-годдзю калектыва, не адбудзецца. І тут зноў справа не абышлася без міфічных чорных спісаў. Праўда, гэтым разам арганізатары самі падстрахаваліся і не чакалі абвяшчэння небяспечнага аварыйнага стану канцэртных пляцовак. Па словах прадстаўніцы арганізатараў Марыны, адмовіцца ад прыезду "Тараканаў!" было вырашана пасля размовы з тымі, хто ўжо сутыкаўся з адменамі.

Марына: "Мы не будзем праводзіць гэтае мерапрыемства. Ва ўпраўленні культуры нібыта не супраць, яны нічога такога не кажуць, але, тым не менш, у нас мерапрыемствы адмяняюцца. А я не жадаю ні клуб падводзіць, ні ў апошні момант злятаць, мала што можа быць...".

Лідар гурта "Тараканы!" Дзмітрый Спірын у размове з Еўрарадыё распавёў, што рэагаваць ніяк не плануе. Маўляў, хіба песню напісаць, але адна ўжо ёсць, а дзве – бессэнсоўна.

Дзмітрый Спірын: "У нас той жа арганізатар, што і беларускага тура гурта "Ляпис Трубецкой". Ну, і ў той момант, калі ў яго пачалі адмяняцца канцэрты "Ляпісаў", ён палічыў, што будзе правільна адмяніць і наш тур таксама, але ўжо па ўласнай ініцыятыве. Каб не чакаць адменаў паводле прыдуманых прычын ці ўвогуле без іх, калі гурт ужо будзе ў краіне, ужо будуць зараджаныя канцэрты, ужо будуць выдаткаваныя пэўныя грошы на рэкламу і ўсё астатняе. Натуральна, усё гэта каранямі сваімі знаходзіцца ў тым самым чорным спісе, а пра чорны спіс песня ўжо праспяваная".

Зразумела, што "Тараканы!" не прыедуць пратэставаць у Мінск і не адыграюць несанкцыянаваны канцэрт на плошчы. Нават кватэрнікі не вельмі падыходзяць для стылістыкі гурта. Але Дзмітрый не адмаўляе іншыя захады ў адказ. Напрыклад, сумесная праца з забароненымі рокерамі.

Дзмітрый Спірын: "У нас ужо ёсць сумесная песня з "Ляписом Трубецким", яна называецца "В день, когда я сдался". Дарэчы, вельмі яскравая назва для гэтай сітуацыі. Гэта песня дзесьці каля чатырох гадоў мурыжылася гуртом. Было запісана некалькі версій: з рознымі назвамі, з рознымі варыянтамі тэкста, і ў выніку, калі нарэшце зрабілі канчатковы варыянт, мне на вочы трапілася інтэрв'ю з Міхалком. У ім, апроч іншага, ён распавядаў пра тое, як часта людзям для дасягнення пастаўленай мэты не хапае апошняга рыўка, апошняга мікравысілку. Гэтае інтэрв'ю цалкам супадала з ідэяй нашай песні, і я Сяргею прапанаваў у ёй паўдзельнічаць. Ён з задавальненнем пагадзіўся, і ў выніку мы маем зараз дзве версіі песні: з Міхалком і без Міхалка. Тая, што без Міхалка, ужо апублікаваная на максісінгле "Собачье сердце", а версія з Міхалком пакуль чакае свайго рэлізу. Але я думаю, што гэта пытанне месяца. Што тычыцца астатніх “забароненых” артыстаў у Беларусі, то можна падумаць, чаму б і не. Хоць, зразумела, што гэта не вельмі вясёлая нагода, каб прыдумляць дуэты".

Што ж тычыцца беларускіх прыхільнікаў гурта "Тараканы!", то музыкі пра іх не забыліся і нават прапануюць альтэрнатыўныя варыянты наведаць свой канцэрт.

Дзмітрый Спірын: "Паважаныя беларусы, прыхільнікі гурта "Тараканы!", хутчэй за ўсё, у красавіку мы будзем знаходзіцца ў туры па Украіне. Калі вам якія-небудзь украінскія гарады тура пададуцца не вельмі далёкімі геаграфічна ад месца, дзе вы жывяце, то сардэчна запрашаем на гэтыя канцэрты. Мы абавязкова зробім розныя зніжкі і іншыя магчымыя падгоны для беларусаў. Тое ж я хацеў бы сказаць і пра канцэрты расійскага тура. А што тычыцца ўсяго астатняга, то, калі раптоўна нас зараз пачуюць тыя, хто здольны рабіць нейкія падпольныя канцэрты ў Беларусі, без падключэння дзяржаўных СМІ, то, калі ласка, мы заўсёды адкрытыя да любых прапаноў".
←Легенда рока Deep Purple и творческий вечер Александра Лазарева и Светланы Немоляевой. В выходные с AFISHA.TUT.BY

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика