Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Источник материала:  
09.03.2011 11:00 — Новости Культуры

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

  • TUT.BY

5 сакавіка 2011 года - 115 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы – Кандрата Кандратавіча Атраховіча (1896–1991).

Здымкi павялiчваюцца

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Кандрат Крапіва

Актыўная, разнастайная творчая і грамадская дзейнасць К. Крапівы – паэта-сатырыка, байкапісца, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, віцэ-прэзідэнта АН БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР – прынесла яму шырокую вядомасць не толькі ў сваёй краіне, але і далёка па-за яе межамі. Многія з яго неўміручых сатырычных твораў і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, з’яўляюцца своеасаблівай школай мастацкага майстэрства.

Будучы пісьменнік нарадзіўся 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў в. Нізок Узденскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі мелі 6 дзесяцін зямлі і хацелі перадаць нажыты цяжкай працай набытак адзінаму сыну: з васьмярых дзяцей жывымі засталіся толькі сын Кандрат ды дачка Сцепаніда. Пачаткі ведаў К. Крапіва набываў ў царкоўна-прыходскай школе ў роднай вёсцы, потым – у народным вучылішчы ва Узде, Стаўбцоўскім і Койданоўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах.

Восенню 1913 года К. Крапіва экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і праз год атрымаў месца ў земскім народным вучылішчы ў в. Мнішана Пяршайскай вол. Мінскага павета, але ўжо ў жніўні 1915 года ён быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, а ў кастрычніку 1916 года адпраўлены на Заходні фронт, атрымаў баявое хрышчэнне ў Румыніі. У 1918 годзе К. Крапіва быў дэмабілізаваны, вярнуўся на радзіму, некаторы час настаўнічаў у пачатковай школе ў в. Каменка, што на Уздзеншчыне.. У 1919 годзе набыў новы сацыяльны статус – ажаніўся са сваёй сяльчанкай Аленай Канстанцінаўнай Махнач, але разам маладыя пражылі зусім нядоўга – у 1920 годзе К. Крапіву на тры гады мабілізавалі ў Чырвоную армію.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Справа налева: Атраховіч Кандрат Міхайлавіч (бацька), Кандрат Крапіва, Атраховіч Алена Канстанцінаўна (жонка), Барыс (сын), Махнач Канстанцін Фаміч (бацька жонкі). 1930 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Салдат царскай армі. 1915 г.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся у родную вёску, працаваў на гаспадарцы, потым разам з сям’ёй пасяліўся ў в. Астравок, куды быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы.

У маі 1925 года пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс. Ён – член літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” (1924 – 1926) і “Узвышша” (1926 – 1931). Менавіта ў гэты перыяд з’ўляюцца яго першыя літаратурныя зборнікі “Апавяданні”, “Асцё” і “Крапіва”. З 1926 па 1930 год К. Крапіва – студэнт літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака БДУ. З 1932 па 1936 год – загадчык аддзела ў рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Пасведчанне аб заканчэнні ў 1930 г. літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

“Асцё”. Першы друкаваны сборнік. 1925 г.

У перыяд з 1939 па 1940 год К. Крапіва быў ізноў прызваны ў армію, прымаў удзел ва ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР, потым – у ваенным канфлікце з Фінляндыяй.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К.Крапіва працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, франтавой газеты Заходняга фронта “За Савецкую Беларусь”. З сакавіка 1943 года і да канца вайны быў адказным рэдактарам сатырычнага ілюстраванага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат
К. Крапіва. 1941 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

З сынам Барысам. 1942 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Беларускія пісьменнікі сярод дзяржаўных і палітычных дзеячаў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вайны на працягу двух гадоў займаў пасаду адказнага рэдактара сатырычнага часопіса “Вожык”.

Значны перыяд ў жыцці К.Крапівы звязаны з дзейнасцю ў Акадэміі навук Беларусі: з 1947 па 1951 гг. ён загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, з 1952 года – дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1956 годзе К. Крапіва быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, у 1982 – 1989 гг. працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

Кандрат Кандратавіч Крапіва адыграў значную ролю ў развіцці беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства: прымаў актыўны ўдзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, быў навуковым рэдактарам “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” у 5 тамах, узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, займаўся пытаннямі выпрацоўкі тэрміналогіі ў розных галінах навукі. К. Крапіва – аўтар шматлікіх даследаванняў па праблемах развіцця беларускай мовы і літаратуры. Асаблівую увагу надаваў вывучэнню тэарэтычных аспектаў у галіне драматургіі. Адзін з напрамкаў яго дзейнасці быў звязаны з выхаваннем маладых навуковых кадраў.

За вялікія заслугі ў развіцці беларускай навукі ў галіне мовы і літаратуры К. Крапіве было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі (1978), ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі (1971). Імя К. Крапівы носіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сваю шматгранную навуковую дзейнасць К. Крапіва арганічна спалучаў з актыўнай грамадскай працай. У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 1–й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947–1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, уваходзіў у розныя грамадскія аб’яднанні.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

З членамі беларускай дэлегацыі на І-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Лондане. 1946 г.

Але ж перадусім найбольшую вядомасць, сусветную славу К. Крапіве прынесла літаратурная праца, у якой яго разнастайны талент высвеціўся найбольш грунтоўна і яскрава. У 1956 годзе К.Крапіва быў удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі, тройчы адзначаўся Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР: за п’есы “Хто смяецца апошнім”(1941), “Пяюць жаваранкі”(1951), камедыю “Брама неўмеручасці”(1974). У 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Распачаўшы свой творчы шлях у 1922 годзе з вершаванага фельетона ў “Красноармейской правде”, К. Крапіва вырас у сапраўднага пісьменніка – таленавітага і рознабаковага, якому была падуладна і паэзія, і проза, і драматургія.

Яго пяру належыць незавершаны раман “Мядзведзічы”, прысвечаны жыццю беларускага сялянства канца 1920-х гадоў, які быў надрукаваны асобнай кніжкай у 1932 годзе, сатырычныя апавяданні.

К. Крапіва – прызнаны майстра сатырычнага жанру, з дапамогаю якога пісьменнік здолеў прафесійна і эмацыянальна выкрыць многія негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, узбагаціў айчынную і сусветную літаратуру ёмістымі, яркімі, запамінальнымі вобразамі.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

"Наўздагон за модаю". Сатырычны верш. Аўтограф. 1964 г.

Значнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры займае драматургія К. Крапівы. Менавіта ў гэтым жанры ён сказаў сваё самабытнае важкае слова, і тым самым падняў на новую вышыню айчынную драматургію, а некаторыя яго творы ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай і замежнай камедыяграфіі і сённяшняга часу яшчэ не страцілі сваёй актуальнасці. Пасля напісання ў 1933 годзе першай п’есы “Канец дружбы”, па словах пісьменніка, ён “грунтоўна “заграз” у драматургіі на шкоду іншым жанрам”. К.Крапіва – аўтар п’ес “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, “Проба агнём”, “Валодзеў гальштук”, “Мілы чалавек”, “З народам”, “Пяюць жаваранкі”, “Зацікаўленая асоба”, “Людзі і д’яблы”, “Брама неўміручасці”, “На вастрыі”. Яго творы ставіліся многімі тэатральнымі калектывамі, а п’еса “Пяюць жаваранкі” была экранізавана на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Эпіграмы. Аўтограф. 1970-я гг.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

"Брама неўміручасці". 1973 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Пісьмо загадчыка літаратурнай часткай тэатра імя Я.Вахтангава. 1952 г.

К.Крапіва – сусветна вядомы байкапісец. Яго высокамастацкія байкі, што склалі шматлікія зборнікі, набылі шырокую папулярнасць, перакладаліся на многія мовы народаў свету.

Дзейнасць К.Крапівы-перакладчыка адлюстравана ў яго перакладах твораў такіх вядомых майстроў мастацкага слова, як Д. Фанвізін, І. Крылоў, А. Пушкін, М. Гогаль, А. Астроўскі, А. Чэхаў, Т. Шаўчэнка, Я. Гашак і інш.

К. Крапіва пражыў доўгае, насычанае разнастайныміі падзеямі жыццё (памёр 7.01.1991г., пахаваны на Усходніх могілках.). Ён пакінуў пасля сябе велізарную духоўную спадчыну і добры, цёплы ўспамін.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

П.Броўка, Я.Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў. 1948 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

У кругу сям’і. 1950-я гг.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Віншавальны адрас рэдакцыі часопіса “Вожык” у сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння К.Крапівы. 1956 г.

Рукапiсы не гараць. Дядзька Кандрат

Кандрату Крапіве – 80!

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) разам з разнастайнай друкаванай літаратурнай і навуковай спадчынай Кандрата Крапівы зберагаецца і яго асабісты архіў.

Матэрыялы падрыхтавалi Т.Жук, М.Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

TUT.BY – рукапісы не гараць… 
←В Голливуде снимут фильм о взрыве в Мексиканском заливе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика