«Умяшацца ў жыццё i тое-сёе ў iм падправiць»
З такiм жаданнем уваходзiў у беларускую лiтаратуру яе будучы класiк Кандрат Крапiва
Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi, блiскучага паэта-сатырыка, драматурга, перакладчыка, вучонага-мовазнаўца Кандрата Крапiвы. На старонках «Р» класiка нацыянальнай лiтаратуры мы ўспамiнаем разам з яго ўнучкай – кандыдатам мастацтвазнаўства, прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Аленай Атраховiч, якая на працягу 35 гадоў свайго жыцця мела шчасце штодзённа сустракацца, гаварыць, знаходзiцца побач з таленавiтым i цiкавым чалавекам — сваiм дзедам.
— Алена Iгараўна, зразумела, што некалi дзедавы юбiлеi адзначалiся на дзяржаўным узроўнi, з абавязковым урачыстым вечарам, афiцыйнымi вiншаваннямi. А як святкавалi ў сям’i?
— Кандрат Кандратавiч любiў, каб дома ў такi дзень з iм побач былi родныя i блiзкiя, тыя людзi, з кiм яго звязвалi сяброўства, добрыя адносiны, каму ён сiмпатызаваў. Гасцей запрашалася даволi многа. Але гэта было не проста застолле, а сапраўдныя лiтаратурна-музычныя вечары, дзе чыталi вершы, спявалi. Брат маёй бабулi прыязджаў з вёскi i абавязкова прывозiў балалайку, на якой выдатна iграў. Яго сыны далучалiся з гiтарай i акардэонам, дачка спявала. Атрымлiваўся цэлы канцэрт. Мiж iншым, гэтыя браты – пляменнiкi маёй бабулi зараз кiруюць ансамблем «Тутэйшая шляхта» ў БДУ, з поспехам выступаюць i нават паклалi на музыку некалькi баек Кандрата Кандратавiча.
— Усiм вядомыя знакамiтыя радкi: «Хто сустрэўся быў са мною,/ Дакрануўся раз цi два,/Дык той ведае ўжо, хто я:/«Я – пякучка-крапiва». Цi былi ўласцiвыя вашаму дзеду гэтыя якасцi ў паўсядзённым жыццi?
— Хоць чалавекам ён быў не надта гаваркiм, да месца мог пажартаваць i востра, i трапна. Але так, каб не пакрыўдзiць. Гэтую асаблiвасць адзначалi ўсе, хто ведаў Кандрата Кандратавiча, хто працаваў з iм.
Сам з сябе пасмяяцца таксама мог. Напрыклад, з гумарам ставiўся да свайго ўзросту. Ужо даволi пажылым склаў эпiграму «Рэпарцёр»: «Як буду я ляжаць ужо ў труне,/Закончыўшы зямныя справы,/ Ён, заклапочаны, рухавы,/ Падскочыць з мiкрафонам да мяне/ I скажа: «Цесната, я ледзь прабраўся./ Ну як вам мiтынг спадабаўся?»
— Мiж тым iснавала меркаванне, быццам Кандрат Кандратавiч — чалавек даволi суровы, строгi.
— Магчыма, таму, што быў ён не вельмi адкрыты, знешне стрыманы, усё перажываў глыбока ў сабе. Напэўна, у нечым была i строгасць, цi хутчэй патрабавальнасць, i перш за ўсё да самога сябе. Дзед любiў, каб ва ўсiм былi парадак, сiстэмнасць, узважаны, удумлiвы падыход.
— З кiм з пiсьменнiкаў сябраваў Кандрат Крапiва?
— З Пятром Глебкам i Петрусём Броўкам. Яны былi суседзямi па дачным пасёлку ў Ждановiчах. Памятаю, ранiцай выходзiць Кандрат Кандратавiч на ганак i гукае: «Хлопцы-ы!» Праз хвiлiну з аднаго боку — Глебка, з другога — Броўка адзываюцца. Пасля збяруцца разам, праходжваюцца па садзе, нейкiя справы, навiны абмяркоўваюць. А яшчэ Пётр Фёдаравiч Глебка быў нязменным партнёрам дзеда ў шахматах. Яны — любiмае захапленне Кандрата Кандратавiча, за iмi ён мог i адзiн праседжваць гадзiнамi, разгадваючы шахматныя камбiнацыi, якiя некалi друкавалi ў газетах.
Добра ведаў i сялянскую працу. На дачы з задавальненнем даглядаў яблынi, майстраваў, касiў. Мы з братам увесь час каля дзеда круцiлiся, дык ён i мяне, дзяўчынку, касiць навучыў. Дзякуючы яму я ведаю, як касу кляпаць, як пiлу разводзiць i нават як кошыкi i лапцi плесцi.
Ён лiчыў, што ўсё трэба паспрабаваць рабiць сваiмi рукамi.
Асаблiва цёплыя адносiны звязвалi Кандрата Кандратавiча з Мiхасём Лыньковым. Знаёмыя яны былi яшчэ з даваеннага часу, у вайну разам працавалi ў франтавой газеце. Як расказваў дзед, доўгi час пасля вайны Мiхаiл Цiханавiч па нядзелях прыходзiў да яго ў госцi на блiны з мачанкай, якiя па вясковай завядзёнцы гатавала мая бабуля Алена Канстанцiнаўна. Сям’я Лынькова – жонка i сын – загiнулi ў гета, ён цяжка перажываў гэтую страту. Вiдаць, у дамашняй, утульнай абстаноўцы дружнай сям’i Атраховiч яму пачувалася лягчэй.
— А цi ведаеце вы гiсторыю кахання дзеда i бабулi?
— Нейкай незвычайнай гiсторыi няма. Пасля Першай сусветнай вайны, ужо пры савецкай уладзе, у 1918 годзе, з армii дэмабiлiзавалi настаў-нiкаў, i дзед, а ён быў народным настаўнiкам, вярнуўся на Уздзеншчыну, у родную вёску Нiзок. Там i прыкмецiў незнаёмую дзяўчыну — прыгожую, смяшлiвую, гарэзлiвую, якая адразу яму спадабалася. Дзяўчына аказалася з пагарэльцаў, з суседняй вёскi Забалоцце. I, як высветлiлася, на 22-гадовага хлопца таксама ўвагу звярнула. Пачалi сустракацца, неўзабаве ажанiлiся.
Напэўна, iм абаiм пашанцавала, што сустрэлiся. У ладзе i згодзе дзед з бабуляй пражылi амаль паўвека. Не памятаю такога дня, каб бабуля не выйшла да дзвярэй сустрэць мужа з работы. Стала традыцыяй, што перад вячэрай яны разам падоўгу размаўлялi: ён расказваў, як правёў дзень, яна – пра хатнiя клопаты. А бывала, маглi i проста моўчкi пасядзець побач у крэслах, вiдаць, i без слоў разумеючы адзiн аднаго. Бабуля друкавала дзедавы рукапiсы, разбiрала перапiску, яна заўсёды была побач. Дзед вельмi пакутаваў, калi яе не стала. Жонку ён перажыў на 27 гадоў.
— За доўгае жыццё, а пражыў Кандрат Кандратавiч без малога 95 гадоў, стратамi лёс выпрабоў-ваў яго неаднойчы...
— Я iншы раз думаю, якiм мужным трэба было быць, каб вынесцi ўсё. Адных толькi войнаў хапiла б на некалькi жыццяў. Румынскi фронт у Першую сусветную. Удзел у баявых дзеяннях пры далучэннi Заходняй Беларусi. У фiнскую ваяваў на лiнii Манергейма. У Вялiкую Айчынную працаваў у франтавых газетах.
Не шкадаваў яго i асабiсты лёс. У 10 гадоў застаўся без мацi. Калi сам стаў бацькам, сям’я страцiла першынца, сына, ён памёр зусiм маленькiм. Другi сын, Барыс, вельмi таленавiты, якому прадвызначалi блiскучую тэатральную будучыню, загiнуў у баях пад Сталiнградам. Адзi-ная дачка, таксама шчодра адораная, яна цудоўна спявала, маладой памерла ад цяжкай хваробы. Рэалiзавацца змог толькi мой бацька Iгар Кандратавiч. Ён закончыў Акадэмiю мастацтваў у Ленiнградзе, быў архiтэктарам, паўжыцця выкладаў у нашым тагачасным тэатральна-мастацкiм iнстытуце. Мне прыемна, што яго вучнi, цяпер самi ўжо сталыя людзi, успамiнаюць бацьку з павагай i цеплынёй. Мiж iншым, за iнтэлiгентнасць i мякчэйшы, чым у дзеда, характар калегi называлi Iгара Кандратавiча «мяккiм пабегам калючай крапiвы».
— Дарэчы, псеўданiм Крапiва ўзнiк у самым пачатку творчасцi дзеда?
— Я думаю, тады, калi ён ужо дакладна вырашыў звязаць лёс з лiтаратурай i менавiта з сатырай, калi зразумеў, што iм валодае жаданне «ўмяшацца ў жыццё i тое-сёе ў iм падправiць». А што да самага пачатку лiтаратурнай творчасцi, то ён значна ранейшы.
Дзед расказваў, як яшчэ вучнем у Стаўбцоўскiм 4-класным гарадскiм вучылiшчы яго ўразiлi вершы, пачутыя ад аднакласнiка Юзiка Мiцкевiча, – той на памяць чытаў цэлыя паэмы свайго старэйшага брата Якуба Коласа. Менавiта тады ўзнiкла думка: маўляў, калi звычайны вясковы хлопец так ладна складае вершы, можна i яму паспрабаваць. Пачаў з эпiграм, як сам казаў, для хатняга ўжытку, пасля захапiўся лiрыкай. Але друкавацца пачаў з карэспандэнцый «на злобу дня» ў газеце «Красноармейская правда», у час службы ў армii. Дарэчы, у гэтай жа газеце неяк прачытаў заметку пра сябе пад назвай «Поэт-командир».
Асэнсаванне таго, што лiтаратурная творчасць – гэта прызванне, прыйшло ў 1922 годзе, калi пасля выхаду першай вершаванай публiкацыi на беларускай мове ў газеце «Савецкая Беларусь» наступныя творы Кандрата Кандратавiча пачалi рэгулярна з’яўляцца ў перыядычным друку. Дарэчы, дзед прыгадваў, як у дзяцiнстве яго мачыха не ўхваляла захапленне пасынка чытаннем, гаварыла: з кнiгi хлеб есцi не будзеш. Атрымалася ж наадварот. Менавiта кнiгi, лiтаратура сталi яго лёсам.
— Пад канец жыцця да лiтаратурнай творчасцi Кандрат Кандратавiч не астыў?
— Апошняя яго кнiга «Загадкi дзеда Кандрата» была напiсана ў 1984-м i выйшла ў 1986 годзе. Гэта i адзiная дзiцячая кнiга, iдэя стварэння якой нарадзiлася з гульнi «ў словы», прыдуманай Кандратам Кандратавiчам для маёй тады маленькай дачкi Варвары. Загадкi гэтай кнiгi спрыяюць вывучэнню дзяцьмi беларускай мовы.
Апошнiя байкi дзеда датуюцца 1987 годам. Як ён пiсаў у адной з эпiграм, «байку змог бы я адолець, каб парадаваць душу». А вось пасля 90-годдзя на маё пытанне, цi не збiраецца ўзяцца за п’есу, з уласцiвым яму гумарам заўважыў: «У маiм узросце п’есы пiсаць ужо не рэкамендуецца». Разам з тым практычна да апошнiх дзён жыцця працаваў над навуковай рэдакцыяй руска-беларускага i беларуска-рускага слоўнiкаў, кансультаваў спецыялiстаў Iнстытута мовазнаўства. Незадоўга ж да смерцi пачаў дыктаваць маёй маме, Зоi Мiкалаеўне, матэрыялы слоўнiка беларускiх народных прыказак i прымавак. Але занатаваць яны паспелi толькi тыя, якiя пачынаюцца з лiтары А...
На здымках: Кандрат Кандратавiч з жонкай Аленай Канстанцiнаўнай, дачкой Людмiлай, сынам Iгарам i нявесткай Зояй (пач. 1950-х); Кандрат Крапiва.
Фота: архiў А. Атраховiч