Натхненне ад сустрэч
03.03.2011
—
Новости Культуры
Ансамбль беларускай песні “Церніца” — жаданы госць у шматлікіх краінах свету. Вось і сёлета артысты разлічваюць даць больш паўсотні канцэртаў за мяжой. Як вядома, гэтаму калектыву за значныя творчыя дасягненні і актыўную канцэртную дзейнасць была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва 2010 года. “Мы ўжо 26 гадоў застаемся вернымі беларускай песні і далей будзем прапагандаваць нацыянальную культуру, у гэтым годзе планы вялікія, — кажа адзін з кіраўнікоў заслужанага аматарскага калектыву Беларусі Іосіф Несцяровіч. — У нас склаліся добрыя сувязі з беларускімі дыяспарамі за мяжой, чакаецца шмат гастроляў як па гарадах Беларусі, так і ў іншых краінах. Вельмі рады, што наша праца адзначана прэміяй”. Ансамбль беларускай песні “Церніца” — лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Прадстаўляў нацыянальнае мастацтва ў розных краінах свету, у прыватнасці, у Германіі, Польшчы, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Нідэрландах, Егіпце, Ізраілі, Лівіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Украіне, Малдове, Паўднёвай Карэі, Кітаі. Акрамя таго, калектыў — актыўны ўдзельнік канцэртных праграм у Беларусі. За час існавання гурта артысты наведалі мноства гарадоў і вёсак краіны. Толькі за апошнія тры месяцы арганізавана звыш 60 канцэртаў. Рэпертуар гурта пастаянна папаўняецца новымі нумарамі. Адзін з самых маштабных праектаў — абрадавая праграма “Ад Каляд да Жніва”, якая ахоплівае ўсе поры года, распавядае пра традыцыі Беларусі. А ўсяго гурт “Церніца” ўжо выпусціў чатыры дыскі з аўтарскімі і народнымі песнямі. Надзея Радзівонава