Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Гранд-опера?

Источник материала:
01.03.2011 10:57 — Новости Культуры
Блог Дзяніса Марціновіча. Завітаем у Гранд-опера? BLOG.TUT.BY Адным з вашых любімых мюзіклаў з’яўляецца "Прывід оперы"? На вашым мабільным тэлефоне даўно закачана мелодыя Эндрю Лойд-Вэбера? Вы марыце трапіць у будынак, дзе вырашаўся лёс Крысціны і Раўля? Або проста захапляецеся операй ці балетам? Запрашаю Вас на экскурсію ў Гранд-опера! Фасад тэатра Будынак гэтага тэатра не належыць да тых “кропак” сталіцы, куды ў першую чаргу імкнуцца турысты. Эйфелева вежа, Нотр-Дам, Луўр, Дом Інвалідаў, ды яшчэ і Версаль, які знаходзіцца ў прадмесці горада, найперш прывабліваюць увагу. Але ў кожным падарожжы заўсёды ёсць вольны час, і, калі не змарнаваць яго на бясконцае наведванне модных магазінаў і буцікаў, можна трапіць і ў Гранд-опера. Каб не заблукаць у парыжскіх вулачках, асабліва, калі ў вашых руках няма карты, выкарыстаем метро. Балазе, патрэбны прыпынак так і называецца: “Плошча Гранд-опера”. Прыгажосць і веліч фасада тэатра ўражвае. На прыступках сядзіць шмат маладых парыжан, для іх гэта тэрыторыя, відаць, альтэрнатыва кавярні. Прыязджаючы ў Парыж, амаль кожны турыст набывае за 40 еўра музейную картку, якая дазваляе наведаць ледзь не ўсе музеі Парыжа. Паколькі на Гранд-опера дзеянне музейнай карткі не распаўсюджваецца, давядзецца стаць у чаргу за ўваходнымі білетамі: 8 еўра — даросламу, 4 – студэнту. “I am a student”, – кажу я дзяўчыне, што сядзіць у касе за шклом, і раблю разумны выгляд твару. Ёй застаецца паверыць мне на слова: беларускую мову, пазначаную на студэнцкім білеце, пакуль не вучаць у Францыі. Чарга ў тэатр не надта вялікая. Гранд-опера пакуль не ахапіў той бум і, не пабаюся таго слова, амаль істэрыя, што існуюць вакол наведвання Эйфелевай вежы ці Луўра. Уражанне ад знаёмства з шэдэўрамі апошняга крыху псаваў натоўп турыстаў, якія вельмі хутка крочылі, а часам ледзь не бегалі ад экспаната да экспаната, асвятляючы прастору залаў успышкамі сваіх фотаапаратаў. Пакуль мы яшчэ не пачалі разглядаць экспазіцыі і музей Гранд-опера, самы час нагадаць некаторыя факты з гісторыі знакамітага тэатра. Афіцыйная назва тэатра, пазначаная на фасадзе, – “Нацыянальная акадэмія музыкі і танца”. Яе гісторыя пачынаецца ў перыяд кіравання Францыяй Людовіка ХІV, “караля Сонца”, таго самага, якому ў сталыя гады служыў капітан каралеўскіх мушкецёраў гасконец д’Артаньян. 1669 год лічыцца датай заснавання тэатра, але адкрыўся ён толькі праз два гады і першапачаткова меў назву Каралеўская акадэмія музыкі. За два гады да сваёй смерці, у 1713 годзе, стары кароль спрычыніўся і да стварэння пры тэатры балетнай школы. З таго часу балет і опера ішлі поруч больш чым на два з паловай стагоддзя. Толькі ў 1990 годзе оперная трупа пераехала ў будынак на плошчы Бастыліі, узяўшы сабе імя “Опера дэ Бастыль”. А балет, які, здавалася, быў у тэатры маладзейшым, пакінуў сабе і “кватэру”, і назву тэатра. Зрэшты, менавіта ў гэтым будынку на плошчы Гранд-опера яны з’явіліся адначасова ў 1875 годзе, калі быў узведзены новы гмах тэатра, спраектаваны маладым на той час архітэктарам Шарлем Гарнье. Тады, дарэчы, і з’явілася назва “Гранд-опера”, цяпер будынак часам называюць “Палац Гарнье”. Кожнага наведвальніка тэатр уражвае, але ні ў якім выпадку не падаўляе сваімі памерамі. Услухаемся ў магію лічбаў: плошча Гранд-опера больш за 11 тысяч квадратных метраў. 450 артыстаў і статыстаў, якія могуць адначасова знаходзіцца на сцэне, прыцягваюць увагу больш за 2000 гледачоў. Піянерам у галіне тэхнічнага прагрэсу тэатр стаў дастаткова даўно: яшчэ ў 1822 годзе там упершыню ў Еўропе з’явілася газавае асвятленне, што дало магчымасць не толькі змяніць глыбіню сцэны, але і выкарыстоўваць разнастайныя светлавыя эфекты. Гаворку пра гісторыю тэатра можна працягнуць і на першым паверсе, куды мы трапім, узняўшыся па шырокай, урачыстай, сапраўднай імператарскай лесвіцы, абліцаванай белым мармурам. Фае і парадная лесвіца Там нас чакае музей, прычым, адначасова і оперны, і балетны. Але гэта не той музей у традыцыйным нашым ўяўленні, з групамі турыстаў і з гідам. Не, экскурсаводам з’яўляецца тая тэатральная атмасфера, якая захавалася з мінулага або пазамінулага стагоддзя. У адным з пакояў можна пабачыць выстаўку тэатральнага касцюма. Сапраўдны тэатрал будзе разглядаць іх з душэўным трапятаннем. Адначасова ўсведамляеш, што артысты, якія выступалі на сцэне Гранд-опера ў гэтых касцюмах, ужо даўно адыйшлі ў тэатральную бессмяротнасць… Далей ніхто не абміне доўгі, выцягнуты ў плане пакой – бібліятэку. Пад нагамі увесь час ціха рыпіць паркет. Кніжныя шафы з зашклёнымі паліцамі – ад падлогі да самай столі, а яна высокая. Тут захоўвацца ноты, клавіры, мноства кніг і альбомаў, якія бываюць патрэбныя падчас падрыхтоўкі новых спектакляў і рэжысёрам, і дырыжорам, і мастакам, і выканаўцам. Уяўленне малюе карціну: у тэатральную бібліятэку зазірае выканаўца партыі Эсмеральды, каб перачытаць раман Віктора Гюго. Або выканаўца партыі Кармэн – каб разгарнуць кнігу з навэлай Праспера Мерыме. На сценах бібліятэкі – карціны. Вось на адной з іх – знакамітая руская балерына Тамара Карсавіна ў партыі Жар-птушкі з аднайменнага балета І.Стравінскага. Рускі балет Л.Дзягілева, у складзе якога не адзін сезон танцавала Карсавіна, неаднойчы выступаў у Парыжы. А вось партрэта Рудольфа Нурыева, славутага рускага танцоўшчыка і харэографа, запрошанага 1985-1989 гадах быць мастацкім дырэктарам балетнай трупы Гранд-опера, у экспазіцыі не знайсці. Калі імя Карсавінай належыць гісторыі балета, дык відаць, асоба Нурыева яшчэ належыць сучаснасці, а гісторыяй зрабіцца не паспела. Што тычыцца яго асобы, дык гэтага выдатнага танцоўшчыка французы ўжо лічаць сваім. Можа, таму, што “перабежчыкам” Р.Нурыеў зрабіўся ў 1961 годзе ў парыжскім аэрапорце Ля Буржэ? Прынамсі, у аглядных экскурсіях па горадзе яго прозвішча гід прамаўляе побач з прозвішчамі Дзюма, Гюго і Сартра, Хэмінгуэя – як здабытак французскай культуры. Цяпер падымемся на другі паверх тэатра. Калі першы паверх для наведвальнікаў – гэта мінулае, дык другі – сучаснасць. Спярша мы трапляем у фае, дзе можна ўбачыць шмат скульптурных партрэтаў вялікіх кампазітараў, звязаных уласнай творчасцю з Гранд-опера. А з фае ёсць унікальная магчымасць зазірнуць у тэатральную залу. Адчынены толькі дзве дзверы, праз якія кожны наведвальнік можа патрапіць у адну з дзвюх невялікіх лож. Адсюль адкрываецца сапраўды велічная карціна! Глядзельная зала Пяціярусная тэатральная зала мае пераважна чырвоны золер, балконы багаты аздоблены пазалотай. Як цікава было б трапіць сюды яшчэ і на спектакль! Сцэна пустая і слаба асветленая. Партэр закрыты і ў пераносным, і ў літаральным сэнсе: усе крэслы закрывае цёмнае, з сінем адценнем тканіна. Але калі падысці да края ложы, можна разглядзець і сцэну, і ложы для ганаровых гасцей. У адрозненні ад будынка нашага Нацыянальнага тэатра, у якім з ложы бачна толькі частка сцэны, у Гранд-опера ў ложы пераўтварылі бенуар. Яго плошча падзелена на індывідуальныя ложы, у якіх наўрад ці памесціцца больш чым два-тры крэслы. Калі глядзець на сцэну, дык суседзяў па ложах не відаць, але пры жаданні заўсёды можна абмяняцца з імі ўражаннямі аб прэм’еры. Калі ж кінуць погляд з балкона ўверх, дык бачыш маляўнічую столь, плафон, распісаны яшчэ ў 1966 годзе нашым суайчыннікам Маркам Шагалам. (Дарэчы, у кніге Маі Плісецкай знакамітая балерына, якая таксама па дзеду і бацьку мае беларускія карані, згадвае, як пазіравала мастаку ў час гастроляў у Парыжы маскоўскага Вялікага тэатра. А потым гэтыя накіды ўбачыла сярод іншых фігур на плафоне столі). Калі напрыканцы ў наведвальніка Гранд-опера яшчэ застаецца час, можна зайсці ў магазін сувеніраў, размешчаны ў інфармацыйным холе (на тым жа ўзроўні, дзе і каса, але ніжэй за першы паверх тэатра). Але ні ў якім выпадку не варта пачынаць з яго знаёмства з Гранд-опера! Яго наведванне – праверка на сілу волі, але перамагчы ў гэтым змаганні немагчыма. Не адзін турыст згубіў тут адлік часу, гартаючы альбомы і выбіраючы паштоўкі… Суайчыннікі Шагала ў магазіне не ў пашане: ніякай прадукцыі на рускай ці іншай славянскай мове не знайсці. Ці не ў гэтым праяўляецца вялікасць і, адначасова, эгаізм нацыі? Нашто нам, маўляў, іншыя мовы? Хай іншыя вучаць нашу, французскую! Толькі для калег па Еўрасаюзу – англічан, іспанцаў і італьянцаў – робіцца выключэнне. Што можа знайсці сабе наведвальнік? Ды літаральна ўсё! Каляровыя, на глянцавай паперы, як вялікія, так і маленькія альбомы пра гісторыю і сучаснасць Гранд-опера. Плакаты і афішы. DVD-дыскі з лепшымі спектаклямі опернага і балетнага рэпертуару. Паштоўкі з выявамі тэатра і фотаздымкамі вядучых выканаўцаў. І галоўнае, што ўсяго шмат! Між тым, музей, экспазіцыя і холы Гран-опера адчынены для наведвальнікаў увесь год, акрамя 1 студзеня, 1 мая, 25 снежня, дзён спектакляў, канцэртаў і спецыяльных мерапрыемстваў. Прыбыткі, якія атрымлівае тэатр дзякуючы шматлікім турыстам, дапамагаюць Гранд-опера мець грошы на рэмонт і рэканструкцыю будынка. Адначасова гэта ёсць і разумная рэклама, і магчымасць папулярызацыі тэатра. Так, у Мінску ёсць Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, ён мае багатую экспазіцыю. Але шкада, што ніводны з нашых музычных ці драматычных тэатраў пакуль што не выкарыстоўвае (асабліва летам, калі адзін тэатральны сезон закончыўся, а новы не пачаўся) надзвычай цікавы, на маю думку, вопыт парыжскай Гранд-опера. …З даўніх часоў існуе павер’е: для таго, каб вярнуцца ў мясціны, якія пакінулі незабыўнае ўражанне, трэба кінуць у ваду дробную манетку. Тэатр не глядзіць сваім фасадам на Сену. Але і без гэтай традыцыі тэатр ніколі не згубіць сваіх наведвальнікаў, якія з вялікай ахвотай ператворацца ў яго гледачоў. Усе асобы, вынік творчасці якіх адлюстроўвае гэты найпрыгажэйшы будынак, артысты, што выступалі на ягонай сцэне, уласнай энергетыкай стварылі Гранд-опера такую прывабнасць, пераадолець прыцягненне якой немагчыма. Ды і не трэба… Каментаваць гэты пост на блогу аўтара >>> *** Дзяніс Марціновіч - беларускі гісторык, літаратурны і тэатральны крытык, журналіст. Звяртаем вашу ўвагу, што погляд аўтара блога можа не супадаць з поглядам рэдакцыі TUT.BY
 
←Умерла Джейн Рассел – секс-символ Голливуда 1940-х

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика