Новая готыка: бліжэй да неба

Источник материала:  
Касцёл святой Тройцы ў Гервятах вышынёй з два дзевяціпавярховікі, а ў храме святога Уладзіслава ў Суботніках знаходзіцца адзін з рэдкіх на Беларусі родавых магільных склепаў. “Там вежы прабіваюць аблокі, вокны выцягваюцца ўверх, а ад колераў і шматлікіх дэталяў проста стракаціць у вачах!” — чуем ад уражаных знаёмых пасля іх падарожжа па гатычнай Заходняй Еўропе. Менавіта готыка лічыцца адным з самых багатых стыляў у архітэктуры. Вежы, стрэлкі, аркі... Ахаем, толькі паглядзеўшы на паштоўкі ці фотаздымкі. Некалі і Беларусь магла пахваліцца мноствам гатычных замкаў і храмаў. Але кровапралітныя войны знішчылі амаль усе гэтыя архітэктурныя шэдэўры (засталіся адзінкі — як касцёл святой Тройцы ў Ішкалдзі Баранавіцкага раёна. Але мы можам ганарыцца іншым — неагатычнымі храмамі з гэткімі ж вострымі аркамі і высокімі вежамі. Яны з’явіліся на нашай тэрыторыі крыху больш як сто гадоў таму. Мы здзівіліся, падарожнічаючы па краіне ў рамках праекта “Сем цудаў”: неаготыкай проста ўсыпана беларуская зямля! Амаль у кожным раёне, асабліва на захадзе краіны, ёсць цуд, які мясцовыя жыхары параўноўваюць з парыжскім Нотр-Дамам, Міланскім ці Кёльнскім саборамі... Грыбы па-нотрдамску — Несапраўдная готыка, якая ў многім паўтарала элементы готыкі ХІІ—XVI стагоддзяў, існавала з канца XVIІІ да пачатку ХХ стагоддзя, — тлумачыць доктар мастацтва-знаўства, навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтва-знаўства, этнаграфіі і фальклору імя Крапівы АН Беларусі Тамара Габрусь. — І мела два напрамкі, якія многія блытаюць ці лічаць за адно паняцце: псеўдаготыка і неаготыка. Псеўдаготыка, ранняя, рамантычная, узнікла ў Беларусі ў канцы XVIІІ стагоддзя ў сувязі з падзелам Рэчы Паспалітай і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі. Яна, як і класіцызм, побач з якім суіснавала псеўдаготыка, уяўляла сабой рэакцыю на эстэтыку сярэднявечча. Псеўдаготыка  праявілася ў першую чаргу ў малых архітэктурных формах паркаў і палацах. У асноўным гэта тычылася сядзіб каталікоў. Так яны паказвалі свой сум па былых часах. Прыкладамі псеўдаготыкі могуць служыць палацава-паркавыя комплексы ў Косаве, Прылуках ці Гомелі.Неаготыка, як растлумачыла мастацтвазнаўца, узнікла пазней, у сярэдзіне XIX стагоддзя, і праявілася ў каталіцкім сакральным дой-лідстве. Стваральнікі новых храмаў імкнуліся зрабіць так, каб будынкі было складана перарабіць у святыню іншай канфесіі. Усплёск неагатычнага будаўніцтва прыйшоўся на пачатак ХХ стагоддзя: у 1905 го-дзе  цар Мікалай ІІ  зняў забарону на  будаўніцтва  каталіцкіх храмаў. Касцёлы ў Беларусі “высыпалі” як грыбы пасля дажджу. Памераемся? — Пазнаць неагатычныя храмы не складана, — расказвае Тамара Габрусь. — Будаваліся яны, як правіла, з чырвонай цэглы. (Чырвоны касцёл у Мінску — таму яскравае сведчанне.) Але былі і выключэнні. Часам можна сустрэць жоўтыя неагатычныя храмы. Напрыклад, у Зэльве ці Дварцы. Усё залежала ад гліны, якую выкарыстоўвалі для вырабу цэглы. Асаблівасцямі неагатычных храмаў з’яўляюцца таксама стральчатыя абрысы праёмаў, вокнаў і парталаў, востраканечныя франтоны і контрфорсы — падпорныя рытмічныя сценкі. А вось вежы ў неагатычных храмах маглі і быць, і не.Аднавежавыя храмы сустракаюцца ў Гервятах, Паставах, Лагішыне, двухвежавыя ёсць у Старых Васілішках, Відзах і Шылавічах. У Кабыльніку (сучасная вёска Нарач) наогул бязвежавы касцёл.Безумоўна, касцёлы з вежамі выглядаюць больш велічна. Усё ж такі колькі метраў прыбаўляецца! Дарэчы, менавіта неагатычныя храмы лічацца ў Беларусі самымі вялікімі (як у Сар’і Верхнядзвінскага раёна). Цікава, што па сённяшні дзень спецыялісты не могуць вызначыць самы высокі храм Беларусі: хто мерае з крыжом, хто без... Таму самымі высокімі лічацца ў нас адразу некалькі храмаў. З паркам а-ля Версаль Касцёл святой Тройцы, што ў Гервятах Астравецкага раёна, пабудаваны ў 1899—1903 гадах, я бачыла тройчы: улетку, восенню і зімой... І кожны раз, здаецца, знаёмілася з ім наноў. Вежу касцёла заўважаеш здалёк, яшчэ за некалькі кіламетраў ад вёскі. Яна ўздымаецца высока над лесам, быццам спрабуе дастаць да аблокаў (вышыня касцёла 61 метр!) Проста перахоплівае дыханне... Асабліва, калі пад’язджаеш бліжэй. Бо бачыш  не толькі храм незвычайнай прыгажосці, але і парк а-ля Версаль. З бялюткімі, як першы снег, скульптурамі, стрыжанай пад вожыка травой і надзвычай рэдкімі раслінамі.Цуд вакол храма  — справа рук ксяндза Леаніда, які служыць тут з 1996 года. Гэта па яго ініцыятыве зніклі з тэрыторыі ля храма старыя ліпы з гнёздамі варон і трухлявыя вясковыя хаты. У касцёле палажылі новую падлогу, а чарапіцу для даху везлі аж з Аўстрыі, і наогул, святыня зажыла па-новаму. К Вялікадню чакае храм, а разам з ім і прыхаджан яшчэ адзін падарунак — металічная, каваная ўручную пяціметровая брама вагой больш як дзве з паловай тоны, якую мяркуюць устанавіць унутры храма. Праца над брамай вялася больш за год. Такога цуда няма нідзе ў Беларусі. А колькі яшчэ абновак чакае і так бязмерна цудоўны  касцёл, які пастаянна наведваюць паломнікі! Карабель з крыжам на мачце Касцёл святога Ула-дзіслава ў Суботніках Іўеўскага раёна нагадаў мне чырвонацагляны карабель. Пабудаваны храм у 1904—1907 гадах па фундацыі графа Уладзіслава Умястоўскага і яго жонкі Яніны. Умястоўскім так хацелася пабудаваць гэты “карабель”, што яны нават закупілі ў Францыі машыны для вырабу неабходнай цэглы і чарапіцы, якую называлі “марсылькамі”. Цагельня ў суседнім Жамыславе  забяспечыць Умястоўскіх цэглай патрэбнай якасці не магла, а чарапіцу там увогуле не рабілі. Ёсць у карабля і свая мачта — вежа са званамі над галоўным уваходам.  Цікава, хоць касцёл і знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Жамыслава, але ў яснае надвор’е там добра чуваць суботніцкія званы, а ў некаторых месцах нават бачны крыж, які вянчае вежу. Не менш захапляльнае і ўнутранае ўбранства касцёла. Бляск мармуровых дошак, мазаіка на падлозе, вялізны каваны люк-уваход. Галоўны пазалочаны алтар з дубу зроблены  ў Варшаве ў майстэрнях святога Войцаха, палатно для яго — у Баварыі. Адметнасць храма — родавы склеп Умястоўскіх, заказаны ў Венецыі. У ім блакітная столь, усыпаная зоркамі, вакол якіх бяжыць шлях у пазалочаныя і каляровыя арабескі. Нароўні з крыптай Радзівілаў у Нясвіжы гэта адзін з рэдкіх старажытных родавых склепаў Беларусі.Стромка ўзносіцца над вёскай Жупраны ў Ашмянскім раёне касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Яго вежу, як і вежы папярэдніх касцёлаў, таксама лёгка заўважыць за некалькі кіламетраў. Залажыў храм у 1852 годзе граф Адам Гутэн-Чапскі. Праўда, жупранскія старажылы расказваюць, што не абышлося яго будаўніцтва без дапамогі іх вядомага земляка Францішка  Багушэвіча. Кажуць, пісьменнік збіраў па фэстах грошы, прывозіў з блізкіх фальваркаў камяні, а таксама яйкі, з дапамогай якіх яны мацаваліся. За дапамогу ва ўзвядзенні жупранскага храма знакамітага пісьменніка ўганаравалі памятнай шыльдай з яго партрэтам, якая была ўмуравана ў сцяну касцёла пасля яго смерці.І гэта толькі некалькі пацерак цудоўных неагатычных караляў, рассыпаных па ўсёй Беларусі. Ёсць у іх падобныя рысы, але ў асноўным неагатычныя касцёлы пабудаваныя па індывідуальных праектах. Захапляцца імі можна бясконца. Таму, пакуль не сабралі грошы на Парыж і Кёльн, — айда ў падарожжа па роднай краіне!
←Франциск Скорина:

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика