Адкуль цячэ Лакнея?

Источник материала:  
Люблю “падарожнічаць” са сваімі дочкамі па карце Беларусі. Такім чынам вучымся з імі чытаць, а разам з тым пазнаём беларускія тапонімы і гідронімы. Неяк натрапілі на раку Лакнею, што працякае па тэрыторыі Капыльскага і Слуцкага раёнаў. І малодшая Каця спыталася: а што такое Лакнея — імя дзяўчыны? Не ведаў што адказаць. Таму пытаюся пра паходжанне ракі ў спадара Капылова. Уладзімір МАКСІМАЎ, Магілёўская вобласць — Гэта рака ўпамінаецца яшчэ ў старажытных беларускіх пісьмовых помніках. Так, у актах, сабраных і выдадзеных Археаграфічнай камісіяй, значыцца запіс, зроблены ў 1455 годзе: “Купити дворец на Локнеи”. Канцавая частка назвы -ея адносіцца да вельмі архаічных гідранімічных элементаў. Структурны элемент -ея мог далучацца ў працэсе ўтварэння назваў водных аб’ектаў як да балтыйскіх, так і да славянскіх лексічных асноў. З-за надзвычай старажытнага характару структуры і асновы назвы ракі Лакнея сёння адназначна немагчыма вызначыць яе паходжанне. Існуюць дзве версіі паходжання назвы, кожная з якіх мае сваё права на існаванне. Паводле адной версіі, у аснову назвы ракі мог быць пакладзены геаграфічны тэрмін “лакно”, які ў некаторых гаворках Беларусі мае значэнні месца старога рэчышча ракі, якое зарасло травой і глыбокае месца сярод багны, дзе не замярзае вада. На асобных тэрыторыях нашай краіны словам “лакно” яшчэ называецца лапушыстая вадзяная расліннасць. Паводле другой версіі, назва Лакнея паходзіць з балтыйскіх моў. Так, у латышскай мове існуе рака Lukna, у літоўскай мове ёсць назва ракі Lukne і возера Luknas. Уласная геаграфічная назва Luknas засведчана і ў яцвяжскай мове, якая таксама адносіцца да групы балцкіх моў. Аднакаранёвыя найменні сустракаліся і ў старажытнапрускай мове.
←Калавуравічы на варце

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика